Рэквіем для бензапілы
- Автор: Орлов Владимир Алексеевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Жанр: Другая проза
Электронная книга - «Рэквіем для бензапілы». Краткое содержание книги:
На куфры я прыціснуў масянжовым Шывам цыдулку прыкладна з такім зместам: хто б вы ні былі, прашу папярэджваць пра візіты загадзя, каб у нас не ўзнікала двухсэнсоўных сітуацый. Мяркуючы па свежым цыгарэтным дыме, маё пасланне прачыталі і - пакінулі без адказу.
Гэтаксама безуважна госці паставіліся да «забытых» на стале запасных ключоў.
Нічога новага не паведаміў замаскаваны сярод кнігаў мініяцюрны магнітафон.
Найбольш казыталі нервы эксперыменты з дзвярным «вочкам». Выпраўляючыся на вечаровую прагулянку альбо ідучы праводзіць Наташу, я не выключаў у калідорчыку святла, а вярнуўшыся, націскаў на гузік званка. Мой ненадзейны плюшавы вартаўнік абзываўся насцярожана-вінаватым брэхам, а я, міжволі сцяўшыся, да болю ўваччу ўтаропліваўся ў «вочка», пасярод якога гарэла светлая кропка. Яна магла пагаснуць у двух выпадках: калі б хтосьці выключыў святло або прынік да «вочка» з таго боку дзвярэй. Кропка не пагасла ні разу.
Перад сном я таксама карыстаўся паслугамі «вочка», але ўжо знаходзячыся ў больш выйгрышнай пазіцыі. Накінуўшы на дзверы ланцужок, я прыкладваўся да «вочка» і аглядаў зведзеныя лінзаю ў цеснае кола аб'екты: дзверы дзвюх суседніх кватэраў, пляцоўку і край лесвічнага марша. Там было пуста, аднак колькі разоў у мяне ўзнікала неадчэпнае адчуванне, што гэтаксама ўважліва, як я, у той самы момант хтосьці глядзіць на мяне ў сваё «вочка», быццам бы гэта я стаю на пляцоўцы перад зачыненым уваходам. Прычым, калі давяраць чуццю, мой контрназіральнік знаходзіўся ў мяне за спінай. Перамагаючы страх, я рэзка азіраўся і са змрочнай іроніяй казаў сам сабе: «Мой дом - мая фартэца».
Самую значную групу эксперыментаў складалі звязаныя з прайгравальнікам. Адсюль цягнулася тонкая нітачка хоць да нейкага тлумачэння сітуацыі, закладнікам якое я аказаўся. Факт заставаўся фактам: упершыню ментолавы пах матэрыялізаваўся ў пакоі, калі я купіў кружэлку Шапэна.
Я правёў з прайгравальнікам сотні разнастайных доследаў: з дзесятак разоў пракруціў кожны з маіх дыскаў; паставіўшы Шапэна, выходзіў з дому і раптоўна вяртаўся; пераносіў апарат то ў кухню, то, карыстаючыся электрападаўжальнікам, у ванную... Не сказаў бы, што ў выніку я істотна прасунуўся наперад. Справаздача пра гэтыя манеўры змясцілася б у два-тры пункты. Пах цыгарэтаў трансцэндэнтным чынам узнікаў у кватэры толькі пры гучанні прэлюда № 15. Разам з тым пад перазвон «кропелек» дым мог і не з'явіцца - наўпроставай залежнасці доследы не выявілі. Іншая рэч, што пад час астатніх мелодыяў магчымасць з'яўлення паху раўнялася нулю.
Пытанняў набіралася болей, чым адказаў.
Шукаць адсутныя адказы я паспрабаваў у сваёй бібліятэцы.
Адна з кніг, аўтара якой анатацыя рэкамендавала як вучня Алены Блавацкай, на некалькі вечароў завалодала маёй увагаю. Напачатку падаліся цікавымі думкі аб тым, што сутнасць мужчыны ёсць каханне, аблічча ж ягонае ёсць мудрасць, у той час, як сутнасць жанчыны - мудрасць, а аблічча яе - каханне, і я нават наладзіў з Наташаю абмеркаванне.
З той самай кнігі я даведаўся, што ў дадатак да вядомых органаў успрымання кожны з нас мае яшчэ сорак дзевяць, што ў сучаснага чалавека бяздзейнічаюць, як, напрыклад, размешчанае на патыліцы трэцяе, празорлівае вока.
Са значна большай сур'ёзнасцю я чытаў пра астральны, альбо тонкі свет, у якім таксама, уадначас з прысутнасцю ў свеце фізічным, працякае чалавечае жыццё.
Дапусціўшы, што я сплю, іначай кажучы, знаходжуся ў тонкім свеце, я атрымліваў шанец спрытна растлумачыць сітуацыю. Але ж маё жыццё цякло ў свеце рэальным і адчувальным кожную хвіліну - з менскай ускраінай, з вечна нецвярозым Лёнем, са смакам віна, з аксамітам Наташынага цела... і з пахам ментолавых цыгарэтаў...
Тысячу разоў меў рацыю філосаф, што, даючы вызначэнне чалавеку, назваў яго істотаю, якая да ўсяго прывыкае. Абстрагаваўшыся ад гэтага паху, я сказаў бы, што жыццё ў кастрычніку вярнулася ў звыклае рэчышча. Мне ўдалося закончыць адно апавяданне і накідаць эскіз другога. Пра не азмрочаную радасць спатканняў з Наташаю я ўжо згадваў.