Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:

Клаўс Ман (Klaus Mann; 1906 – 1949), нямецкi антыфашысцкi пiсьменнiк, старэйшы сын Томаса Мана. 1933 г. – эмiграцыя (Амстэрдам, Парыж, Цюрых, Прага), 1936 – пераезд у ЗША. Раман Мэфiста напiсаны ў 1936 г. Галоўны яго персанаж, актор Гёфген, стаўся сiмвалам канфармiзму часткi iнтэлiгенцыi ва ўмовах тыранiчнага, варварскага рэжыму. Упершыню быў надрукаваны ў Амстэрдаме ў эмiгранцкiм выдавецтве “Querido” (1936); у 1966 г. яго распаўсюджанне ў Федэратыўнай Pэспублiцы было y судовым парадку забаронена; у 1981 г. насуперак забароне з’явiлася новае выданне, i раман стаўся культавай кнiгай: як прыкладная i ў вышэйшай ступенi павучальная гiсторыя пра прыстасаванства i супрацiў, кар’ерызм i мастакоўскую мараль. Тыповасць сiтуацый i характараў тагачаснай Германii набывае сваю пазнавальнасць ва ўмовах сучаснага сужыцця iнтэлiгенцыi i ўладаў.
1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 126
Перейти на страницу:

— Як ты носішся з гэтай вашывай нікчэмнасцю! Мы, бачыце, дрэнна яго трактуем! Выдатна! Ну і ну! А ты падумала, як ён і ягоныя сябрукі патрактуюць нас, калі гэты зброд дарвецца да ўлады?!

Прагнуўшыся наперад і падбочыўшыся, ён шпурнуў ёй у твар гэта пытанне.

Барбара адказала з расстаноўкай, не гледзячы на яго:

— Божа барані, каб такія вар'яты дарваліся да ўлады. Я тады не магла б жыць у гэтай краіне.

Яна здрыганулася, быццам адчуўшы мярзотны подых жорсткасці і маны, якая запануе ў Германіі, калі да ўлады прыйдуць нацысты.

— Гэта падонкі, — сказала яна. — Падонкі рвуцца да ўлады.

— А сама сядзіш з такім падонкам за адным сталом і языком перакладаеш!

Гендрык шпаркім крокам пераможна хадзіў па пакоі.

— Вось вам ваша хвалёная буржуазная талерантнасць! Мyсова ім трэба высакародна спачуваць смяротнаму ворагу — слушней кажучы, таму, каго сёння яшчэ называюць смяротным ворагам. Я спадзяюся, мая драгая, што ты з яшчэ большай спагадай паставішся да падонкаў, калі яны бyдyць ва ўладзе! Ты і ў фашысцкім тэроры здолееш знайсці цікавыя аспекты. Ваш лібералізм навучыць вас мірыцца і з нацыяналістычнай дыктатурай. І толькі мы, ваяўнічыя рэвалюцыянеры, ім ворагі па крэс жыцця, толькі мы не пусцім іх да ўлады.

Ганарыста, як певень, ён хадзіў па пакоі, касавурачыся і задраўшы падбародак. Барбара стаяла нерухома. Калі б Гендрык зірнуў на яе ў гэты момант, яго спалохаў бы яе пабялелы твар.

— Значыцца, ты лічыш, што я прымірылася б, — сказала яна амаль без голасу. — Ты лічыш, што я прымірылася б — прымірылася б са смяротным ворагам...

Праз некалькі дзён паміж Гендрыкам і Мікласам адбылося сутычка, якая закончылася тым, што Гёфген дамогся ад дырэкцыі Гамбургскага мастацкага тэатра неакладнага звальнення маладога актора. Зачэпка да катастрофы, якая закончылася перамогай Гёфгена, а для Ганса стала фатальнай і пагібельнай, на першы погляд была бяскрыўдная.

Гендрык быў таго вечара ў выдатным настроі, шальмец пад'юджваў яго, ён аж шумаваў рэйнскай весялосцю і здзіўляў калегаў бясконцымі выбрыкамі і жартамі. Ён выдумаў пацешную, бліскучую гульню. Як што ў газетах ён чытаў толькі тэатральную хроніку і цікавіўся толькі тым, што тычылася тэатра, ён ведаў склад усіх труп нямецкіх драматычных, оперных тэатраў і аперэт. Добра трэніраваная памяць фіксавала імя другой альтысткі ў Кёнігсбергу і часовай выканаўцы роляў "салонных дам" у Гале. Было многа рогату, калі Гендрык даў сябе праэкзаменаваць у гэтым своеасаблівым прадмеце. Ён адказваў без запінкі, калі ў яго пыталіся:

— Хто малады любоўнік у Гальбертштаце?

Альбо:

— Дзе сёння іграе фраў Цюкгайм-Геверніц?

— У Гайдэльбергу, іграе старых камічных баб, — кідаў Гёфген, як нешта такое, што разумелася само сабой.

Скандал з Мікласам пачаўся з таго, што нехта спытаўся:

— А ну ж бо, хто першая інжэню ў гарадскім тэатры ў Ене?

Гендрык адказаў:

— А, адна дурная карова. Яе завуць Лота Ліндэнталь.

Тут у гаворку ўмяшаўся Міклас, які да гэтага стаяў збоку, не берyчы ўдзелу ў агульнай забаве.

— Чаму гэта Лота Ліндэнталь дурная карова?

Гендрык холадна адрэзаў:

— Не ведаю, чаму яна такая, але яна такая.

І Міклас ціхім, хрыплым голасам:

— Тады я патлумачу вам, гер Гёфген, чаму вам хочацца абразіць менавіта гэтую даму: бо вам дакладна вядома, што яна сяброўка аднаго з нашых нацыянал-сацыялісцкіх правадыроў, менавіта нашага героя-лётчыка...

Тут Гёфген, барабанячы пальцамі па стале, і чый твар скамянеў ад пыхліваай пагарды, перапыніў яго:

— Мяне мала цікавяць імёны і тытулы хахаляў фройляйн Ліндэнталь, — сказаў ён, не ўдастойваючы Мікласа нават позіркy. — Зрэшты, тут можна было б скласці даўжэзны спіс. Фройляйн Ліндэнталь забаўляецца не толькі з ваенным лётчыкам.

Міклас сціснуў кулакі і апусціў галаву ў баявой пазіцыі вулічнага падшыванца, гатовага кінуцца на праціўніка. Светлыя вочы пад люта насупленым лобам, здавалася, аслеплі ад шаленства.

— Асцеражыцеся, — прашыпеў ён, задыхаючыся, і ўсе спалохаліся ягонай дзёрзкасці. — Я не пацярплю, каб публічна зневажалі даму толькі за тое, што яна член нацыянал-сацыялісцкай нямецкай рабочай партыі і сяброўка нямецкага героя! Я не пацярплю!

— Ён не пацерпіць! — паўтарыў Гендрык і ўсміхнуўся д'ябальскай усмешкай. — Ай - ай, — дадаў ён з'едліва.

Тут Міклас і сапраўды накінуўся б на Гёфгена, але Ота Ульрыхс з усіх сіл стрымаў яго за плечы.

— Ды ты п'яны! — закрычаў Ульрыхс, трасучы Мікласа.

Той выціснуў:

— Я не п'яны! Проста я адзін y гэтым памяшканні, у каго яшчэ засталося пачуццё гонару. У гэтым зжыдзелым асяроддзі ніхто нічога кепскага не бачыць у тым, што зневажаюць даму!

1 ... 52 53 54 55 56 57 58 59 60 ... 126
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)