Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
Памёр 31.03.1986 г.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонага Сцяга, Айчыннай вайны I і II ступеняў і медалямі.
Першае апавяданне было надрукавана ў 1933 г. (часопіс «Полымя рэвалюцыі»). Выйшлі зборнік апавяданняў «За жыццё» (1934) і аповесць «Шлях юнака» (ч. 1, 1938), працяг якой у фрагментах друкаваўся ў часопісе «Полымя» за 1969 г.
Гутараў Іван, нарадзіўся 15.04.1906 г. у вёсцы Воўкаўка Мсціслаўскага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Выхаванец Леменскай школы-камуны на Магілеўшчыне. Скончыў літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта (1928). Выкладаў расейскую літаратуру ў Магілеўскім палітасветным і педагагічным інстытутах, у БДУ. У час Вялікай Айчыннай вайны служыў у Савецкай Арміі, прымаў удзел у партызанскім руху. У 1945-1947 гг. - сакратар партбюро СП СССР. У 1947 г. скончыў дактарантуру пры Інстытуце сусветнай літаратуры. Працаваў у ЦК КПБ загадчыкам аддзела літаратуры і мастацтва Ўпраўлення прапаганды і агітацыі, а пасля рэарганізацыі намеснікам загадчыка аддзела прапаганды і агітацыі. З 1951 г. - загадчык кафедры расейскай літаратуры БДУ, У 1957-1967 гг. - загадчык сектара фальклору Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Член-карэспандэнт АН БССР, доктар філалагічных навук, прафесар. Сябра СП СССР з 1946 г.
Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Чырвонага Сцяга, Працоўнага Чырвонага Сцяга і медалямі.
Памёр 08.02.1967 г.
У друку выступаў з 1930 г. Літаратурна-навуковую дзейнасць пачаў у 1932 г. з выдання ў Магілеве працы «Бальшавізм і літаратуразнаўства». Аўтар даследаванняў «К.Маркс і Ф.Энгельс пра сутнасць і спецыфіку мастацкай літаратуры» (Магілеў, 1933), «Борьба и творчество народных мстителей» (1949), «Поэтическое мастерство В.В.Маяковского» (Масква, 1950), «Эстетические основы советской литературы» (1950), «Введение в литературоведение» (1954), «Философско-эстетические взгляды А.С.Пушкина» (1957), «Вопросы литературоведения» (метадычны дапаможнік для студэнтаў-завочнікаў, 1958), «Основы советского литературоведения» (1967). Адзін з аўтараў кнігі «Беларуская народная вуснапаэтычная творчасць» (1968).
Склаў хрэстаматыю «Вуснапаэтычная творчасць беларускага народа» (1959, з С.Васілёнкам), зборнік «Сучасны беларускі фальклор» (1963).
Гутковіч Аляксандар, нарадзіўся 20.12.1920 г. у вёсцы Аскеры (цяпер у складзе вёскі Вярхоўе) Бешанковіцкага раёна Віцебскай вобласці ў сям'і каваля.
Працоўны шлях пачаў у 1938 г. з артыста дапаможнага складу Вялікага драматычнага тэатра ў Ленінградзе. У 1939 г. вучыўся на рэжысёрскім факультэце Ленінградскага тэатральнага інстытута, адкуль быў прызваны ў Савецкую Армію. Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны (Калінінскі, Заходні, 3-ці Беларускі і 3-ці Прыбалтыйскі франты). У 1945 г дэмабілізаваўся і паступіў на акцёрскі факультэт Беларускага тэатральна-мастацкага інстытута. Пасля заканчэння інстытута (1949) восем год працаваў акцёрам Беларускага дзяржаўнага драматычнага тэатра імя Якуба Коласа, з 1957 г. - педагогам Беларускага рэспубліканскага тэатра юнага гледача. З 1959 г. - рэжысёр студыі Беларускага тэлебачання. Сябра СП СССР з 1961 г.
Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і медалямі.
Заслужаны дзеяч мастацтваў Беларускай ССР (1981).
Памёр 09.09.1989 г.
Літаратурнай працай займаўся з 1954 г. Разам з У.Хазанскім напісаў п'есу «Юныя мсціўцы» (1960, пастаўлена ў 1957), з Ф.Казоўскай - п'есы «Правда и счастье» (1960, пастаўлена ў 1959), «Дело ее жизни» (1962, пастаўлена ў 1961), «И завтра...» (1967), інсцэніроўкі «Андрэй Лабанаў» (паводле рамана Д.Граніна «Шукальнікі», пастаўлена ў 1955) і «Уласнасць» (паводле рамана К.Чорнага «Трэцяе пакаленне», пастаўлена ў 1964). Аўтар сцэнарыяў тэлефільмаў «Уся каралеўская раць» (па аднайменным рамане Р.Уорэна, пастаўлены ў 1971), «Атланты і карыятыды» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1980), тэлеспектакляў «Калі зліваюцца рэкі» (па аднайменным рамане П.Броўкі, пастаўлены ў 1961), «Трывожнае шчасце» (з І.Шамякіным, пастаўлены ў 1968), «Сцяг брыгады» (па аднайменнай паэме А.Куляшова, пастаўлены ў 1975), «Чужая бацькаўшчына» (па аднайменным рамане В.Адамчыка, пастаўлены ў 1983), «Алімпіяда» (па аднайменным рамане І.Пташнікава, пастаўлены ў 1984), аднаактовых п'ес «Кветкі для Алесі» (пастаўлена ў 1988) і «Устаць! Суд ідзе» (паводле нарысаў Я.Богата, пастаўлена ў 1988).