Беларускія пісьменнікі: 1917-1990
- Автор: Гардзіцкі Аляксей
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00709-X
- Жанр: Справочная литература
Электронная книга - «Беларускія пісьменнікі: 1917-1990». Краткое содержание книги:
З вершамі выступіў упершыню ў рэспубліканскім друку ў 1968 г. («Сельская газета»). Піша на расейскай мове. Аўтар зборніка паэзіі «Стронций в капле росы» (1990), адзін з аўтараў кнігі нарысаў «Дальние дороги» (1983).
Губарэвіч Кастусь, нарадзіўся 05.01.1907 г. у вёсцы Радучы Чавускага раёна Магілеўскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1927 г. скончыў Магілеўскі педагагічны тэхнікум. Настаўнічаў на Гомельшчыне. Скончыў сцэнарнае аддзяленне Дзяржаўнага інстытута кінематаграфіі ў Маскве (1932). Працаваў у газеце «Палеская праўда», рэдактарам на кінафабрыцы Белдзяржкіно ў Ленінградзе, на Беларускім радыё ў Менску. У час Вялікай Айчыннай вайны - рэдактар на радыёстанцыі «Савецкая Беларусь». У пасляваенныя гады загадваў аддзелам літаратурна-драматычных перадач на Беларускім радыё, аддзелам мастацтва ў рэдакцыі газеты «Літаратура і мастацтва», быў сябрам рэпертуарнай калегіі кінастудыі «Беларусьфільм». У 1966-1974 гг. - галоўны рэдактар рэпертуарнай калегіі Міністэрства культуры БССР. Сябра СП СССР з 1947 г.
Узнагароджаны ордэнамі Працоўнага Чырвонага Сцяга, Дружбы народаў, двума ордэнамі «Знак Пашаны» і медалямі.
Заслужаны дзеяч мастацтваў БССР (1966).
Памёр 03.07.1987 г.
Выступаць у друку пачаў у 1926 г. з вершамі і апавяданнямі (газета «Чырвоная змена», часопіс «Маладняк», альманах «Дняпроўскія ўсплескі»). Першая кніга - зборнік апавяданняў «Гайда туды і Жывыя шрубы» (1930). Працаваў пераважна ў галіне драматургіі, тэатра і кіно. Аўтар п'ес «Цэнтральны ход» (з І.Дорскім, пастаўлена ў 1948), «Брэсцкая крэпасць» («Цытадэль славы», 1952, пастаўлена ў 1953, аднайменны спектакль Берасцейскага абласнога драмтэатра атрымаў у 1967 г. прэмію Ўсесаюзнага Ленінскага камсамола), «Простая дзяўчына» (1953, пастаўлена ў 1953), «На крутым павароце» (1956, пастаўлена ў 1956), «Галоўная стаўка» (1957, пастаўлена ў 1957, новы варыянт пад назваю «Брэсцкі мір» - у 1969), «Далёкая песня» (1961, пастаўлена ў 1962), «А куды ж нам падзецца» (пастаўлена ў 1963), «Першы ўрок» («Дзеля жыцця», пастаўлена ў 1967), «Салодкі месяц» (пастаўлена ў 1968), «Партызанская зона» (пастаўлена ў 1976), «Даруй мне» (пастаўлена ў 1980). Выйшлі зборнікі «П'есы» (1954), «П'есы» (1963), «П'есы» (1969), «Драмы і камедыі» (1981), кніга кінааповесцей «Анютина дорога» (1980).
У кінадраматургіі дэбютаваў сцэнарыем «Баям насустрач» («Пераможцы», з Е.Гезіным і К.Мінцам, 1932). Па яго сцэнарыях пастаўлены мастацкія фільмы «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам, 1958), «Анюціна дарога» (1968), «Паланез Агінскага» (1971), «Неадкрытыя астравы» (1973), «Дрэвы на асфальце» (1984), некалькі дакументальных фільмаў, а таксама тэлефільмы «Галоўная стаўка», «Далёкая песня».
Лаўрэат Дзяржаўнай прэміі БССР (1972) за сцэнарыі мастацкіх фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» (з Я.Рысам), «Анюціна дарога» і «Паланез Агінскага», лаўрэат прэміі Ленінскага камсамола Беларусі (1968) за сцэнарыі фільмаў «Дзяўчынка шукае бацьку» і «Анюціна дарога».
Гурло Алесь, нарадзіўся 31.01.1892 г. у гарадскім пасёлку Капыль Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
Скончыў Капыльскую чатырохкласную навучальню (1908). Працаваў чорнарабочым на лесапільні, зарабляў падзённай работай. У 1909 г. уступіў у рады Капыльскай арганізацыі РСДРП. Пасля працаваў на заводзе «Вулкан» у Пецярбургу. З 1913 г. служыў на Балтыйскім флоце - спачатку матросам на крэйсеры «Богатырь», а ў першую сусветную вайну - унтэр-афіцэрам на мінаносцы «Забияка». Быў цяжка паранены. Удзельнік Лютаўскай і Кастрычніцкай рэвалюцый і грамадзянскай вайны. З атрадам рэвалюцыйных матросаў прымаў удзел у штурме Зімняга палаца, у падаўленні эсэраўскага мяцяжу ў Яраслаўлі, у барацьбе з калчакаўцамі. У 1921 г. вярнуўся на Беларусь. Працаваў у Інбелкульце, у Інстытуце мовы АН БССР. Быў сябрам літаратурных аб'яднанняў «Маладняк», «Полымя», «Пробліск». У 1930 г. рэпрэсіраваны. Высланы на 5 гадоў у Самару. Вярнуўся ў Менск. Рэабілітаваны ў лістападзе 1957 г. Сябра СП СССР з 1934 г.
Памёр 04.02.1938 г.
Першы верш надрукаваў у 1907 г. у газеце «Наша ніва». Аўтар зборнікаў паэзіі «Барвёнак» (1924), «Спатканні» (1925), «Сузор'і» (1926), «Зорнасць» (1927), «Межы» (1929), «Выбраныя творы» (1950), «Вершы» (1953), «Вершы» (1972). У 1947 г. выйшла кніжка вершаў для дзяцей «Нашы птушкі». У 1912 г. напісаў сямейна-бытавую драму «Любоў усё змагае».
Перакладаў на беларускую мову творы расейскіх пісьменнікаў А.Аўдзеенкі, Ф.Гладкова, У.Стаўскага і інш.
Гурскі Ілья, нарадзіўся 26.04.1899 г. у вёсцы Замосце Ўздзенскага раёна Менскай вобласці ў сялянскай сям'і.
У 1914 г. у пошуках работы пераехаў у Петраград - спачатку батрачыў у памешчыцкім маёнтку ля станцыі Любань, у 1916 г. стаў качагарам на Абухаўскім заводзе. Удзельнічаў у Кастрычніцкай рэвалюцыі і грамадзянскай вайне. Быў цяжка паранены. Пасля дэмабілізацыі (1924) працаваў у Галоўліце БССР, затым старшынёй Галоўрэперткома БССР, начальнікам Галоўмастацтва БССР. Адначасова вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце на літаратурна-лінгвістычным аддзяленні (скончыў у 1932). Займаўся ў аспірантуры АН БССР (1932-1935). Быў рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва» (1935-1941). Удзельнік паходу ў Заходнюю Беларусь. У Вялікую Айчынную вайну - адказны сакратар франтавой газеты «За Савецкую Беларусь», рэдактар газеты «За свабодную Беларусь», рэдактар сатырычнага часопіса «Партызанская дубінка». У 1944-1960 гг. рэдагаваў часопіс «Беларусь». Сябра СП СССР з 1934 г.