Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
— Тармазная вадкасць стрэсу паступова знікае...
— Якая яшчэ тармазная вадкасць? — здзівіўся я.
— Табе нядрэнна было б цікавіцца апошнімі дасягненнямі навукі, асабліва фізіялогіі. Аказваецца, у нашым мозгу існуе тармазная вадкасць стрэсу. Яна з’яўляецца своеасаблівым механізмам аўтастопа стрэсу. Калі гэтай вадкасці недастаткова, механізм спыняецца, хімічныя працэсы, што з’яўляюцца ў выніку нервовай узвінчанасці чалавека, распальваюцца з незвычайнай сілай... Вось у мяне гэтай вадкасці сёння не хапіла.
Ён дастаў цыгарэты, закурыў. Агледзеў сабраныя ў скрыні рэчы.
— Здаецца, я сам нядаўна пераязджаў з Масквы вось гэтак, як ты. Толькі сітуацыя была іншай — запрасілі ў «Спартак», наабяцалі шмат чаго, а потым два гады амаль што праседзеў у дублі. Вярнуўся дамоў і ў гэты ж сезон увайшоў у зборную.
— А ў мяне ўсё інакш,— сказаў я.— Калі ты хочаш сказаць, што я таксама магу вярнуцца ў зборную...
Ён уздыхнуў.
— Ды цябе з яе ніхто не выкрэсліваў. Ну, паехаў Мельнічэнка з «Дняпра»... Ды такіх, як ён, шмат, а ты ў нас адзін, дарагі мой. Не хачу цябе хваліць, ты сам усё добра ведаеш... Мне патрэбна твая дапамога. Як гэта ні грэшна, але я дзякую лёсу, што ты з’явіўся ў нас. Разумееш... Як бы табе лепш растлумачыць? Я ніколі не разлічваў на фартуну, ніколі не быў з тых, да каго поспех сам бег насустрач. Мяне нават хацелі выключыць з футбольнай школы моладзі. Трэнер сказаў, што з такімі данымі лепш заняцца барацьбой альбо цяжкай атлетыкай. Усё ў мяне ішло, як у вярблюда, за кошт уласнага гарба — і зборная, і гульня на працягу дзесяці гадоў у нашай камандзе, і ўсё астатняе. Я ведаю, што многія здзівіліся, калі пасля Вішнеўскага, вопытнага аса, які шмат пабачыў на сваім вяку, мне даручылі каманду. Я сам разумеў, які цяжар узваліў на свае плечы. I вось — з самага пачатку нічога не атрымліваецца. Не ведаю чаму, можа, я ў нечым памыляюся, можа, скажам так, матэрыял не той, а можа, я мала бадзяюся па кабінетах, каб выбіваць грошы, кватэры, дублёнкі, машыны, усё іншае, без чаго ніхто сёння не хоча гуляць у футбол... Не ведаю. Але выйсце трэба шукаць тэрмінова. Ты ведаеш, як ставяцца да цябе хлопцы, і старэйшыя, і моладзь, ты павінен дапамагчы... Думай пра лінію нападзення, прапануй што-небудзь дзейснае.
— Усё будзе нармальна, Эдгар. Толькі ты пастарайся стрымліваць сябе, хлопцы часта крыўдуюць. Мабілізуй сваю тармазную вадкасць.
Ён усміхнуўся.
— Разумею, але часта не магу падпарадкаваць сябе.
Цераз некалькі гульняў справы ў камандзе пайшлі больш-менш добра, наша тройка — Стас, Картавенка і я забівалі амаль у кожным матчы, мне нялёгка было браць лідэрства на сябе з-за шчыльнай апекі, і я пераключаў нагрузку на хлопцаў. У канцы сезона мы апынуліся на восьмым месцы (не хапіла аднаго ачка, каб увайсці ў шасцёрку), а на пачатку наступнага сезона (да гэтага былі сумныя тыдні адпачынку ў санаторыі) мяне наклікаў Фалалееў і сказаў, што пазванілі са спорткамітэта і запатрабавалі на мяне характарыстыку. Ён спытаў, у сувязі з чым, а яму адказалі, што ў сувязі са зборнай. Эдгар паказаў мне характарыстыку, паклаў руку на плячо:
— А ты мне не верыў...
Вечарам я пазваніў Пранузе, расказаў пра навіну.
— Гэта трэба адзначыць! — закрычаў радасна Стас.— Прашу заказваць добрую вячэру ў якім-небудзь прыстойным месцы.
- Ёсць толькі адно надзейнае месца — мая маленькая кватэра,— адказаў я.
- Так, кватэра сапраўды маленькая, я памятаю, як мы туды загналі цэлы кардэбалет,— засмяяўся Стас.— Можам зрабіць паўтор і на гэты ряз. Да таго ж кампашка змянілася ў лепшы бок — змена пакаленняў, як і ў нашай камандзе.
Аднак я папярэдзіў, што лепш за ўсё абысціся без гэтага — скрынка шампанскага і некалькі самых бліжэйшых сяброў. Стас быў супраць, ён сказаў, што такія вечары не для яго, яму надакучылі за ўсё жыццё мужчынскія твары на зборах, у паездках, і калі ўжо адпачываць, да таго ж з такой нагоды, дык адпачываць па-сапраўднаму.