Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Другие приключения » Сэрца мармуровага анёла
Сэрца мармуровага анёла - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Сэрца мармуровага анёла

Электронная книга - «Сэрца мармуровага анёла». Краткое содержание книги:

У кнігу Людмілы Рублеўскай увайшлі прыгодніцкія, дэтэктыўныя і фантастычныя творы. Фантазія аўтара пераносіць чытача то ў таямнічыя старасвецкія маёнткі, дзе жывуць ваўкалакі і захоўваюцца пёры сініх птушак, то ў сучасны студэнцкі інтэрнат для будучых мастакоў, дзе таксама ёсць месца таямніцы і рамантычнаму каханню, то ў фантастычны горад Б*, дзе пераплятаюцца антычныя міфы і беларуская гісторыя. Героям твораў даводзіцца праходзіць праз нялёгкія выпрабаванні, але вернасць, мужнасць і сумленнасць заўсёды перамагаюць хцівасць і падступнасць. Важнае месца ў прозе Л. Рублеўскай займаюць рамантычная гісторыя Беларусі і выхаванне любові да Радзімы.
1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 70
Перейти на страницу:

— Гэта не ўсе ад вярыгаў… Катаржаніна лёгка пазнаць па слядах ад бізуна. А так — менш падазрэнняў.

— Як жа ты мучыўся… — Галена ледзь стрымлівала слёзы. — Але цяпер — цяпер усё будзе добра! Ну чаму, чаму ты адразу не сказаў? Як ты мог не адкрыцца маці? Яна абагаўляе цябе! Няўжо ты падумаў, што мы збаімся схаваць цябе ці проста не здолеем дапамагчы? У маці засталіся ўплывовыя сябры, якія таксама лічаць цябе героем…

— Героем… — Алесь горка ўздыхнуў.— У мяне было часу, каб падумаць над сэнсам гэтага слова. Супакойся, прысядзь… Не варта турбаваць маці. Ведаеш, я даўно мог прыйсці ў Гайвароны.

— Але… чаму ты гэтага не зрабіў?!

— Галена, не спяшайся, падумай, хіба я — той, каго чакае маці? І цяпер я зайшоў сюды, толькі каб… развітацца.

— Не разумею…

Відаць, ад таго, што агеньчык лампады рабіў цені такімі глыбокімі і дрыготкімі, Галене падалося, быццам пакой кудысьці плыве ў гэтай мігатлівай цемры і голас Алеся гучыць аднекуль з іншага берага.

— Я іду ў Опціну Пустынь, прыму пострыг. Галену захліснула хваля горкага гневу.

— Ты не думаеш, што гэта жорстка ў адносінах да нас? Ты можаш падараваць жыццё гэтаму дому, ператворанаму ва ўсыпальніцу!

Алесь прысеў побач на лаўку.

— Гэта было чатырнаццаць гадоў таму. У перамогу паўстання яшчэ верылі толькі тыя, хто быў гатовы аддаць за яго жыццё. Генусь, наш старэйшы брат, кіраваў атрадам. У нас засталася толькі пара дзесяткаў чалавек. Былі атрыманыя звесткі, што вось-вось прыбудуць карнікі. І мне даручылі сабраць атрад у нашых Гайваронах і ўдарыць у спіну прыхадняў. Мы ўсе былі маладыя і дзёрзкія і лічылі сябе напалеонамі. Мне было васемнаццаць, але я, мабыць, быў самым дзёрзкім з усіх. Я з'явіўся ў вёсцы, і людзі пайшлі за мной. Я быў іх добры паніч, і мужыкі верылі мне. Добраахвотнікаў сабралася шаснаццаць чалавек. Лепшыя людзі — вядома ж, бо на смерць першымі выклікаюцца ісці лепшыя. Я не мог дасканала ўзброіць іх — на ўсіх выпадала дзесяць стрэльбаў. Але гэта мяне не засмучала — мужыкі ператварылі косы ў дзіды, а гэта таксама страшная зброя. І мне бачылася, як мы налятаем знянацку на жандараў і пад ударамі мужыцкіх косаў чырванеюць ненавісныя мундзіры. І мы ехалі і спявалі старыя ваярскія гімны, а я ледзь не смяяўся ад шчасця баявога азарту.

Вядома, я прывёў іх пад кулі. Мае палымяныя прамовы з ганка царквы не засталіся незаўважанымі. Іх забілі ўсіх. Шаснаццаць дужых мужчын, гаспадароў. Ніхто не паспеў нават выстраліць у адказ. Мяне толькі паранілі. Я ачуняў у нетрах Бабруйскай крэпасці. Вядома, я чакаў, што мяне расстраляюць. Я хацеў гэтага — тады б я зноў апынуўся са сваім атрадам, мною паднятым у бойку. Але я быў малодшым, і браты ў чарговы раз захінулі мяне, нават сваёй смерцю. Страту замянілі пажыццёвай катаргай. І не было такой ночы, калі б я не думаў пра тых шаснаццаць.

Галена узяла рукі брата ў свае.

— Ты не вінаваты. Яны ўсе мелі выбар, і загінулі за святую справу.

Алесь паківаў галавою:

— Я паўтараў гэта сабе кожны дзень. Але ў іх засталіся бацькі, жонкі, дзеці… Ты ведаеш, што зрабілі ў Гайваронах з родзічамі бунтаўшчыкоў?

Галена сцішана ўздыхнула:

— Гэта тым больш не твая віна. І, зрэшты, палкаводцы вядуць на гібель тысячы жаўнераў — і ніхто з іх не надзявае пасля вярыгі…

— Гэта так. — пагадзіўся Алесь. — І да гэтага выпадку — я ж біўся побач з Генусем і Януком, і вакол нас дзесяткамі гінулі людзі, і мне было горка. Але гэта было, як ні кашчунна такое гаварыць, звычайнай справай. Але тут… Разумееш, сонечная восеньская раніца… І я адчуваў сваё адзінства з тымі, хто ехаў за мною, і нейкі асаблівы ўздым… Гэта — мае людзі, з маёй радавой зямлі… Я быў юны, але гэта былі як бы мае дзеці. Даверлівыя і паслухмяныя. І загінулі толькі таму, што паверылі мне, — вера ў «святую справу» не паспела ў іх выспець.

— Ты занадта многа ўзяў на сябе, брат, — трывожна прамовіла Галена.

— Не хвалюйся, гэта ўжо перажыта, — зноў спакойна сказаў Алесь. — Гэтыя, апошнія, гады блуканняў і малітвы не прамінулі дарэмна. Я знайшоў супакой. Але каб захаваць яго — мне не варта вяртацца ў гэты дом. Зразумей, я не магу гэтага зрабіць. Я не шкадую, што калісьці ўзяў зброю, каб адваяваць волю для айчыны — я і цяпер памёр бы за тое, каб яна была вольная. Але я ніколі больш не змагу забіць. І не змагу не дараваць. Фактычна — той, юны і дзёрзкі, Алесь Вайтылаў памёр. Мне няма пра што гаварыць з тымі, хто жадае помсты. У мяне свой шлях, і я прайду яго да канца. Не шкадуй мяне, мілая. Я шчаслівы.

Галена павольна вярталася ў пакой. Заўтра ўсё будзе як і раней… Не, ён не мае права так абысціся з імі!

Маці адчыніла амаль адразу — нібыта і не спала. Дзіўна было бачыць яе ў белым.

— Алесь вярнуўся!.. Мама, чуеш? Той малады паломнік — гэта ён, Алесь! Ён сыходзіць на досвітку. Хоча пастрыгчыся ў манахі. Мама, калі ты з ім пагаворыш…

Пані Вайтылава ўзялася рукою за касяк дзвярэй. Рука дробна дрыжэла.

— Што ты гаворыш, дурнічка? Табе прыснілася.

Галена горача схапіла маці за дрыжачую руку — зусім халодная…

— Павер, мамачка! Гэта Алесь… Ён уцёк з катаргі. Яму трэба дапамагчы. Ён змэнчаны, спакутаваны… Можа быць, і душа ў яго надарвалася ад пакуты. Пагавары з ім! Затрымай!

Цяпер у пані дрыжэлі нават вусны. На хвілю Галене падалося, што маці ўголас заплача. Але тая моцна адштурхнула ад сябе дзяўчыну.

— Ты гаворыш абы-што. Мой сын ніколі не заначаваў бы ў доме здрадніка і забойцы братоў. Я больш не хачу пра гэта размаўляць.

Дзверы зачыніліся. Бразгнуў замок. Потым зашаргаталі шуфлядкі камоды. Галена зразумела — маці дастае дагератыпы і старыя лісты… І зноў хвалі мінулага паглынаюць гэты пракляты дом.

Перад клумбай у форме вычварнага вензеля, на якой апошнія восеньскія кветкі зіхацелі барвай і беллю, дзядок дробна кланяўся і шаптаў словы ўдзячнае малітвы. Так што здавалася, быццам ягоныя паклоны адрасаваныя не дому, што прытуліў на ноч, а менавіта гэтай пышнай клумбе, нібыта паганскаму алтару. Галена з Алесем адышліся да варотаў. Ні абняць, ні прыціснуць да сябе на развітанне… Убачаць, данясуць… Грудзі дзяўчыны разрываліся ад стоенага плачу.

— Не журыся, мілая, — Алесь ласкава крануў яе валасы. Галена заплюшчыла вочы, каб дарэшты запомніць адчуванне апошняе ласкі роднага чалавека. — Не журыся, — паўтарыў той. — Знайдзі сабе мужа. Не трэба героя, проста — сумленнага чалавека. Я буду маліцца за цябе.

Апошні братаў падарунак — ладанка. Бязлітасна грукнулі вароты. Быццам вечка труны. Галена ў прыпадку гневу азірнулася на ненавісны дом. У акне на другім паверсе ўпалі фіранкі.

Маці ведала…

Галена больш не магла стрымліваць плачу. І раптам адгукнуўся варонін крык. Дзяўчына паглядзела ўверх — сапраўды, над паркам кружлялі вароны. Вярнуліся… Зноў заселяць месца, дзе вынішчылі іх продкаў.

У наступным годзе паненка Вайтылава пабралася з настаўнікам Гайваронскай земскай школы. Гэта быў страшэнны мезальянс — Гайвароны не так даўно належалі Вайтылавым. І настаўнік быў галадранец, нават не дваранін. Маладыя пасяліліся ў вёсцы, у сціплым настаўнікавым доме.

Пані Вайтылава на ганебны ўчынак дачкі аніяк не адрэагавала. Праўда, казалі, што яна пашкодзілася ў розуме. Не дзіўна — столькі пакутавала па трох загінулых сынах.

Хлебазоры

Ён ніколі не адшукае патрэбных слоў!

Агеньчык свечкі падбіраўся ўсё бліжэй да дзюбы срэбнага грыфона-падсвечніка. Вось ужо чорны пасак кнота скурчыўся, скруціўся, падобна маленькай змейцы, у лужыне воску, зашыпеў, як сапраўды жывая змяя… Цені выпаўзлі з кутоў, імгненна запаланіўшы ўвесь пакой.

Вінцэнт, аслеплены раптоўнай цемрай, з прыкрасцю кінуў асадку на стол, відаць, запэцкаўшы атрамантам напалову спісаны аркуш. Трэба гукнуць, каб прынеслі агню, запалілі новую свечку…

Але ён чамусьці гэтага не зрабіў. Сядзеў і глядзеў у цёмнае акно, на неба, па якім прадрапвалася яркая плямка — быццам за чорным задымленым шклом-небасхілам хаваўся свет бляску і святла. Знічка… Вінцэсь ужо даўно не загадваў жаданняў на знічкі. Ніводнае ж з загаданых дасюль не спраўдзілася. Можа быць, ён проста не ведаў, чаго пажадаць? Напрыклад, спакойнага, усталяванага жыцця… Бо гэтага яму адмерана — хоць задушыся тым спакоем… Сорак гадоў — а яму ўсё спакойна… Быццам карабель, замест таго каб адпусціць у мора, адразу паставілі ў сухі док, і дошкі ягоныя ўжо патрэскаліся ад тугі па хвалях… А за акном між тым палыхнула чырванаватае святло, нібы той, прыўкрасны, сусвет падаў знак аб сваім існаванні — не ўсё яшчэ згублена ў цемры часу. Сухія навальніцы? На пачатку лістапада?

1 ... 51 52 53 54 55 56 57 58 59 ... 70
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)