Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне

Электронная книга - «Лабух». Краткое содержание книги:

Прэзідэнт, дзяржаўны сакратар, старшыня Камітэта дзяржаўнай бяспекі і ўсе астатнія, колькі іх ёсць, героі раманчыка, у тым ліку тыя, якія названыя быццам бы сапраўднымі імёнамі і прозвішчамі сапраўдных людзей, з'яўляюцца ўмоўнымі, выдуманымі літаратурнымі персанажамі, як таксама ўмоўнымі, прыдуманымі, нягледзячы на супадзенні ў назвах, з'яўляюцца горад, у якім яны жывуць, і краіна, якой, можа быць, няма.
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 138
Перейти на страницу:

Пра суддзю-жанчыну я не думаю, як пра суддзю. Суддзя для мяне — мужчына, і думаю я пра суддзю-мужчыну.

Слова нейкае кітайскае: су-ддзя...

Вось ён падымаецца нараніцы, не ў гуморы, апухлы з учарашняга перапою, доўга не можа знайсці пад ложкам тапкі, цяжка порскаецца ў ваннай, бурчыць на жонку за неадпрасаваныя штаны, за перасмажаную яечню, апранаецца, падперазваецца, зашнуроўваецца, выходзіць з хаты, сунецца па вуліцы... і пакуль што ён такі ж ніхто, як і ўсе ў натоўпе, але праз гадзіну-другую ён уваходзіць у абшарпаны, зашмуляны пакой з паламанымі крэсламі і завэдзганым Гербам Дзяржавы на сцяне, і сакратар суда ўскідваецца: “Устаць, суд ідзе!” — і ўсе ўстаюць, а ён сядае пад Герб Дзяржавы, аддыхваецца, перакладвае нейкія пеперчыны, напаўвуха слухае пракурора, напаўвуха слухае адваката, пракурорскіх і адвакатскіх сведкаў, чакаючы толькі таго, калі ўсё гэта скончыцца, і ўрэшце сам усё і завяршае, абвяшчаючы вырак: “Да найвышэйшай меры пакарання!” — і на гэтым мяне заўсёды закліньвала: а як ён зноў сунецца па вуліцы?.. прыходзіць дахаты?.. распранаецца?.. расшнуроўваецца?.. расперазваецца?.. кладзецца ў ложак?.. чытае газету?.. засынае?.. Хай нават вінаватаму ён гэткі вырак абвясціў... Ён хто, Гасподзь?.. А раптам не вінаватаму?.. І назаўтра ён спакойна прачынаецца, шукае тапкі, порскаецца ў ваннай, бурчыць на жонку, апранаецца, падперазваецца, зашнуроўваецца, выходзіць з хаты, сунецца па вуліцы... і жыве сабе гэтаксама, як і ўсе?..

Я хоць і лабух, ды не з такімі ўжо адмарожанымі мазгамі, каб не разумець, што ёсць і павінны быць дзяржава і закон, але і дзяржава, і закон — гэта людзі, і які чалавек можа роўны быць дзяржаве, і які чалавек можа роўны быць закону?.. І як выйшла так, як сталася, што не Боская, а чалавечая воля ўзаконена пануе над чалавекам, адна над другой?..

Ігара Львовіча забілі. Трэба знайсці і пакараць забойцу — знойдуць і пакараюць мяне. І не здрыганецца дзяржава, і не пахіснецца закон. І суддзя вернецца дахаты і, кладучыся спаць, прачытае на сон газету...

Калі арыштавалі Радзіка, майго стрыечнага брата, і справа дайшла да суда, я ўсё, што мог, рабіў, каб Радзіка зратаваць. А нічога рабіць не трэба было, бо ён ні ў чым не быў вінаваты, яго судзілі замест іншага, замест родзіча вялікага начальніка... Я ўрэшце дазнаўся, хто яго судзіць будзе, запрасіў суддзю на канцэрт, пасля закруціў п’янку з бабамі — і ўжо ўночы ў нумары гатэля, заказанага для апошняй дзеі, п’яны суддзя раптам сказаў:

— У мяне тут не выйдзе, не падымецца... Дай мне з сабой адну дзеўку.

На падпеўках у мяне Аксюта Рачніцкая стаяла, былая прастытутка, якую ўзяў я на работу, бо сябраваў некалі з яе братам. Фелікс Рачніцкі гадоў пятнаццаць таму з’ехаў, падаўся ў амерыканцы, а сястра ягоная, нікуды не з’ехаўшы, падалася ў прастытуткі. Неяк прыйшла да мяне, расплакалася: “Болей не магу...” Але пасля працавала і ў мяне, і там, дзе працавала. Да ўсяго звыклая, яна і ўзяла на сябе суддзю, паехала з ім... Ён завёз яе сярод ночы ў суд, расклаў на стале пад Гербам Дзяржавы, пад якім вяршыў справядлівасць, і толькі там у яго ўсё выйшла...

Назаўтра ён сам пазваніў, зноў захацеў Аксюту — тая на дыбкі: “Бля, з ансамбля пайду, але з вар’ятамі ў судзе трахацца не буду. Гэта ўсё ж суд, а не бардэль!..”

Нават прастытутка Аксютка да суда павагу мела — і дарма: Радзіка засудзілі. Суддзя перада мной вінаваціўся: маўляў, ніяк інакш нельга было, не ўсё ў ягоных сілах, вышэй пастанавілі засудзіць, каб раз і назаўсёды закрыць справу... Расклалі закон на стале пад Гербам Дзяржавы.

Пасля суда, набраўшы гарэлкі, я таксама паехаў вінаваціцца, што не здолеў дапамагчы... Перад бацькам Радзіка вінаваціўся, маці ў зэка Радзіка ўжо не было — яго і пасадзілі за тое, нібы ён забіў сваю маці. Як гэта вам: сядзець у турме за тое, што ты забіў сваю маці, калі ты яе не забіваў?..

Да найвышэйшай меры Радзіка не прыгаварылі, мусіць, толькі таму, што ніхто ў віну ягоную не верыў. І ўсе бяссільна не верылі, а сіла вяршыла суд.

— Не кайся, мы ад цябе і не чакалі нічога, — сказаў бацька Радзіка. — Хто ты такі? Хрэн з музыкай... Музыка — гэта не тое, што сілу ламае.

Выпіўшы, ён разгаварыўся і казаў пра тое ж, пра што і я думаў, нават пра большае...

— Яно паўсюль і ва ўсім так... Ты ўяві сабе мужыка... У яго дом, сям’я, зямлі кавалак... Ён арэ зямлю, корміць сям’ю... Жыве сабе ды жыве, нікому не замінае... А тут да яго прыходзяць і кажуць: “Кідай плуг, наараўся... На табе аўтамат, ваяваць пара... Пайшлі...” І мужыку куды падзецца?.. Сіла па яго прыйшла, дзяржава... Ён кідае плуг і бярэ аўтамат... А мужык ён грунтоўны, паважны, старанны — і страляе гэтак жа зацята, як араў... Ты разумеш, пра што я кажу?..

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 138
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)