Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Споведзь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Споведзь

Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:

На споведзі гавораць толькі праўду. Прыспела пара i паэту Сяргею Грахоўскаму голасна паспавядацца перад сваімі сучаснікамі, расказаць пра пакутныя дзесяцігоддзі сваёй маладосці i сталасці, пра трагічныя лёсы сяброў i знаёмых — партыйных работнікаў, пісьменнікаў, артыстаў, вучоных i калгаснікаў, знішчаных i замардаваных у пару сталінскіх рэпрэсій. У кнігу ўвайпілі дзве аўтабіяграфічныя аповесці i вершы апошніх гадоў.
1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 136
Перейти на страницу:

Артыстку доўга не адпускалі са сцэны, і яна спявала ахвотна і натхнёна. Мабыць, песня гаіла яе спакутаваную душу, і хацелася суцешыць няшчасных, абшарпаных, з галоднымі вачыма лагернікаў. З нечыяй літасці Варламаву прызначылі разам з інвалідкамі і дзвюма манашкамі латаць старыя бушлаты, бахілы і целагрэйкі. Пра такую «блатную» работу пад дахам і ў цяпле марыла кожная жанчына. Некаторыя зайздросніцы паролі вочы Герце Карлаўне, што «такая цяліца» прыдурваецца з інвалідкамі, а ёй бы стаўляць кубікі. Яна маўчала і толькі чырванела, баялася, каб не выперлі з цёплага закутка. А прыхільнікам яе таленту хацелася хоць чымнебудзь падтрымаць гэтую незвычайную спявачку.

Часцей за ўсіх з дробнымі патрэбамі пачаў захаджваць у майстэрню бесканвойны механік электрастанцыі Жэня Іваноў, невысокі далікатны хлопец гадоў дваццаці васьмі. З пропускам ён часта хадзіў на падсобную гаспадарку, каб разжыцца гурком, морквінаю або рэпаю. На конбазе часам перападаў кавалак пячонкі або сцегняка ад прырэзанай клячы. На пякарні ставіў разетку, і яму «абломваўся» кавалак белага хлеба з начальнікавага рэзерву. Свае набыткі ён аддаваў Герце Карлаўне, прыпраўляючы далікатнымі жарцікамі. Яна напачатку аднеквалася ад дарункаў, але голад не цётка, і яна перастала «заўважаць» Жэнькавы скрутачкі. У іх яна знаходзіла пяшчотныя запісачкі. Вольны ад дзяжурства, ён чакаў швачку і праводзіў да жаночага барака. Тады ён яшчэ не быў адгароджаны ад агульнай зоны.

Маральную прыстойнасць зняволеных ахоўваў вольнанаёмны дзяжурны, губасты, юрлівы стралок Мацвей Капітонаў. Ён некалькі разоў за ноч абыходзіў баракі, каб, барані божа, на адных нарах не тырчала чатыры нагі і не пуставала месца ў жаночым бараку. Ён не вельмі налягаў на службу. Часам на месцы жанчыны ляжала набітая трантамі лялька, а яна начавала ў «кабінцы» якога-небудзь прыдурка. Капітонаў ведаў, хто да каго ходзіць, і браў з таго «кантрыбуцыю». Сам пасля абходу тушыў ліхтар, пракрадаўся ў выгараджаны посцілкамі закутак да тэлефаністкі Маруські Мікалаевай і цешыўся да пад’ёму. Гэта ведалі ўсе, апрача начальства, а каб дазналася, Капітонаў загрымеў бы ў далёкі запалярны лагер, а Маруська — на штрафны лагпункт. За сувязь вольных з лагерніцамі належала суровая кара. Сувязей хапала, а вось пакаранняў нешта не прыпомню. Усе былі замазаныя. Канспірацыя была на вышэйшай ступені вынаходніцтва. Чаго толькі не прыдумлялі, як ні хаваліся, але нехта нешта бачыў, ведаў і маўчаў.

Чалавек, упрэжаны ў штодзённую лямку, у безнадзейным горы і бядзе, часам прагне ласкавага слова, клопату, увагі, жаночага дотыку і ласкі. I жанкі нудзіліся без апекі і падтрымкі, без заступніцтва аднаго дужага, каб не зацерціся, не размяняцца, не гібець у адзіноце. Забароненая, крадзеная любоў у лагеры часта была трывалаю. Там маглі скласціся моцныя сем’і на ўсё жыццё, каб начальнікі знарок не разганялі закаханых у розныя этапы. Колькі было слёз, і пакут, і незваротных страт. Раскіданыя нават у адным лагеры рэдка маглі знайсці адно аднаго. Каб толькі пабыць разам, пасёрбаць з аднаго кацялка, людзі пускаліся на самыя вытанчаныя хітрыкі.

Не была выключэннем і Герта Карлаўна. Яшчэ не дабітая непасільнаю працаю, яна часам сустракалася з Жэнькам Івановым. На некага з іх Капітонаў «меў зуб», «папутаў», абаіх загнаў у кандзей і раніцай далажыў начальніку. Ён выклікаў «выгнаных з раю грэшнікаў», бессаромна смакуючы, здзекаваўся з іх і на першы раз выпісаў ордэр на пяць сутак з вывадам на работу. Без вячэры яны кожную ноч «астывалі», па формуле начальніка, на голых нарах. Толькі маглі перастуквацца праз сцяну і ганяць нахабных рудых пацукоў. Пасля другога прыводу начальнік адправіў Герту Карлаўну ў лес.

Пачалася лютая і завірушная зіма. Ні бушлата, ні целагрэйкі на Варламаву нельга было падабраць. Яна хадзіла на лесасеку ў сваім абшарпаным скураным паліце, берэт абвязвала хусткаю, на боцікі накручвала парцянкі і нацягвала лапці. Пра норму на павале не было чаго і думаць. А яна была аднолькавая на кожную адзінку спісачнага складу. Герта Карлаўна паліла сучча і часцей сядзела каля вогнішча. Іскры папрапальвалі хустку, рукі і шчокі былі ў сажы і ў попеле. Яе вялікія вочы пабляклі і яшчэ пабольшалі. Яна ўжо не іграла скуколенага Яўтуха, а сама высахла, на твары і шыі абвісла пасінелая скура, неасэнсаваны погляд, здавалася, нічога не бачыў. Яна стала маўкліваю і абыякаваю да ўсяго. Адзіны быў клопат — есці. Іванова перакінулі на другі лагпункт, і ёй ніхто болей не прыносіў скрутачкі.

1 ... 48 49 50 51 52 53 54 55 56 ... 136
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)