Споведзь
- Автор: Грахоўскі Сяргей
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-00818-5
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Споведзь». Краткое содержание книги:
Зіма ўдарыла адразу. Ледзяныя ветры пагналі шорсткі пясок, загула пад нагамі, як чыгунная, зямля, зашэрхлі каляіны, пад нагамі ламаецца лёд, ступакі ў лапцях дранцвеюць у ледзяной вадзе, а цела, як тарка, пакрываецца пупырышкамі і дробна дрыжыць. У сярэдзіне кастрычніка паваліў густы снег. Вецер з гулам пагнаў доўгія пасмы кручанай мяцеліцы, за два дні ўсё стала белым, сумёты раслі і раслі. Зімовай вопраткі не было. Лесарубам і возчыкам выдалі прастрочаныя ватныя бахілы, а лапці на іх не лезуць, не ўзбіць і «ЧТЗ». Неяк абуваліся, абмарожвалі ногі, пальцы набухалі, як слівы, і пачыналі гнісці. Да дыму і чаду ў бараку дамешваўся смурод гнілой чалавечыны. Амаль усе ходзяць накульгваючы
Пад’ём. Злажу з нараў, а сусед, мабыць, не чуе. Пачынаю катурхаць. Звальваецца і павісае ў праходзе халодная пасінелая рука. I з другога канца барака гукаюць: «Днявальны, кліч Лясэра». Лясэр, высокі, рыжы, з тоўстымі губамі аўстрыец, санітар у санчасці, укормлены на «недаедках» спісаных хворых. Яму трэба сіла ўносіць і выносіць з палат і ў палаты жывых і мёртвых. Ён пад’язджае да барака з невялікімі саначкамі, лёгка, як дзіця, здымае з нараў былога «контрыка», кладзе на саначкі і вязе ў так званы морг — невялікі дашчаны хлевушок. Мёрзлых расстаўляе каля сцен, свежых кладзе на заледзянелую зямлю. За тыдзень хлевушок набіваецца пад столь. Парадкуючы, Лясэр ходзіць па голых трупах у гумовых ботах, яны рыпяць і слізгаюць па заінелай скуры, трашчаць косці, санітар вядзе апошні перапіс былых нявольнікаў, але з яго веданнем мовы Працэнка становіцца Трацэнкам, Салавейчык — Саламейчыкам, Перцхалава — Пахалява. У Лясэравым хлеўчуку шастаюць табуны вялізных рудых пацукоў. У вайну, як ніколі, іх процьма развялася ў лагеры. Яны нікога не баяліся, пішчалі і грызліся пад баракамі, шмыгалі з-пад ног, нападалі на сонных дахадзяг. У Лясэравым хлеўчуку яны раскашаваліся як хацелі.
У так званай «слабасільнай камандзе» даходзілі такія нездалекі, што не здужаюць прыдушыць клапа: трымае, трымае пад пальцам, а ён варушыцца, тады просіць суседа: «Давай давянём разам. Што ён, бляха, жалезны?» I давяць удвух.
Смерць касіла лесарубаў спраўней, чым яны валілі лес. План трашчаў. Туфта падхарошвала зводкі, але трэба былі і кубікі. Кожны вечар на разнарадку Сямёнавых збіраў майстроў лесу, дзесятнікаў і брыгадзіраў «прамываць мазгі», «пясочыць», «даваць у косці» і «ставіць адказныя задачы». Як і ва ўсёй краіне, і тут сядзелі далёка за поўнач, выскаквалі распараныя брыгадзіры, чухаючы патыліцы, не ведаючы, што іх чакае заўтра: праскочаць праз вахту ці ўсёю брыгадаю загрымяць у кандзей.
У канцы нарады начальніку паведамілі па сакрэце з упраўлення, каб днямі чакаў камісію з праверкаю. Тут і пачалася другая ўсяночная змена, дзяжурны зганяў да начальніка сонных начальнікаў калон, кухараў, пекараў, лекпомаў, загадваў зранку драіць баракі, у катлы закласці двайную порцыю, спячы хлеб без вотруб’я (а потым навярстаем), усім надзець чыстыя халаты, на сцежках расчысціць снег, наўтыкаць елачак, словам, навесці «па-р-р-адак». У канцы спытаў у медыкаў: «Колькі ў вас не вывезена па групе «Д»?» — «Каля трыццаці». — «Вы што, ахранавелі? Вэндзіце там іх ці марынуеце? Каб да раніцы пуста было, падмецена і прысыпана пілавіннем. Марш! Ану, за работу!» Калі ўсе разышліся, загадаў выклікаць бесканвойную возчыцу Нюрку Пінчанку.
Прывёў дзяжурняк заспаную, невялічкую, канапатую, з белым чубком пад збітай на вуха кубанкай не то дзяўчыну, не то хлапчука. Пінчанка носіць штаны з напускам на закасаныя валёнкі, камізэльку, кліфт (мужчынскі пінжак), з кішэні целяпаюцца кутасы ад кісета, слінаю цвыркае праз зубы, мацюкаецца мудрэй за нарадчыка і дзяжурнага. За вочы яе завуць «каблом», бо выконвае ролю мужчыны ў лесбійскім каханні, а яно распаўсюджана сярод крымінальніц у жаночых бараках.
Стаіць Пінчанка, працірае вочы з белымі парасячымі вейкамі і паўтарае: «Панятна, гражданін начальнік. Бу-у ізделана. Да раніцы ўсіх жмурыкаў вывезу». Павярнулася і пайшла.
На досвітку ўсхадзілася завіруха, што свету божага не відно. Тэмпература трошкі ніжэй трыццаці, значыць, дзень заактаваць нельга. Калоцяцца, як раскудлачаныя вароны, каля вахты парадзелыя брыгады, чакаючы, калі паснедае і збярэцца канвой. Нарэшце палічылі і павялі грузаць па сумётах сяк-так апранутых у рыззё, змардаваных дахадзяг, даваць «Лес — Родине». Кожны глядзіць толькі пад ногі, каб снежныя крупы не сляпілі вочы, каб не зачапіцца і, барані божа, не ўпасці, не хіснуцца з калоны, а ступаць след у след. Ідуць панура і марудна, снег пад нагамі перасыпаецца, як пясок, раз’язджаюцца ногі, сляды замятае завіруха. На паўдарозе заскавытаў службовы сабака і пацягнуў свайго гаспадара Ташчакова са сцежкі ў поле. Кідаецца, брэша, цягне павадок.