Вятрак – птушка вольная
- Автор: Ткачев Василь
- Год: 2003
- Язык: белорусский
- Год: Палесдрук
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Вятрак – птушка вольная». Краткое содержание книги:
Вось так, браткі-славяне!
... Цар-Дуб стаіць пасярод прыгожай агароджы, пафарбаванай у зялёны колер. Падыйсці бліжэй да яго ,каб назбіраць жалудоў, можна праз веснічкі. Але калі Пятро Мінавіч прачытаў на кары дрэва выразаныя складанчыкам, відаць, нікому не патрэбныя брудныя словы, у яго сапсаваўся настрой. І тады ён, стары генерал, папрасіў у Цар-Дуба прабачэння– за таго нягодніка... Унук Мікітка здзівіўся:
– А ён, Цар-Дуб, пачуе цябе, дзядуля?
– Пачуе, пачуе, Мікітка. Абавязкова. Ужо шмат стагоддзяў ён усё бачыць і ўсё чуе. Шкада, што нічога нам, людзям, сказаць не можа...
Мікітка прачытаў на шыльдачцы, што стаяла асобна ў агароджы на слупку: «Цар-Дуб з’яўляецца помнікам прыроды... У вышыню 32 метры, у дыяметры—1,5, мае акружнасць 4,5 метры і шаноўны ўзрост 500 год. На вышыні 24 метры і вышэй размешчаны 6 сукоў, у адным з якіх пчолы зрабілі борць і ўжо некалькі гадоў жывуць у ёй і раяцца ...»
У нямецкай газеце «Neuе Zeіtuhg» нядаўна было надрукавана інтэрв’ю з ветэранам антыфашысцкага руху Лотарам Шмейхелем, які пасля таго, як адмовіўся выконваць загад Гітлера, каб перавезці Цар-Дуб у Германію, перайшоў у падполле. На пытанне, што найбольш уразіла яго на вайне, што найбольш запомнілася і кранула, стары немец адказаў:
– Цар-Дуб. Такога волата я больш нідзе і ніколі не бачыў. Тых людзей, на зямлі якіх растуць такія дрэвы, перамагчы немагчыма. Шкада, што пра гэта не ведаў фюрэр...
ВЯТРАК – ПТУШКА ВОЛЬНАЯ
Прапаў у цёткі Аксінні певень. І куды падзеўся, небарака? Толькі ж швэндаў па двары сярод курэй, і – няма.
– Пеця, Пеця! – нібы нейкага хлапчука, клікала курынага кавалера старая. – Ну дзе ты, голуб мой? Хадзем дамоў, калі жыць хочаш, дурань ты непрыкаяны! Ці чуеш? Пачуеш, ды позна будзе. Адны костачкі застануцца. Вунь яны, бач – панаехалі! Злопаюць – і вокам не міргнеш! Як ніколі іх не кармілі. Бы з галоднага краю. Ага! Ну, дзе ж ён? Цы-ы-п-цып-цып!..
Старая і на гародчык зазірнула, і пад паветку: няма, як скрозь зямлю праваліўся курыны кавалер. Тады Аксіння шпарка, нібы падганяў яе хто дубцом, выбегла на вуліцу, сустрэла там суседскага хлапчука Юраську, і, хаўкаючы ротам, шмарганула за рукаў:
– Юр! Га, Юр! Ты пеўня майго не бачыў?
Адкуль яму, Юраську, бачыць таго пеўня? Хіба ж да яго цяпер, калі немцы ў вёсцы. Самыя сапраўдныя – пра якіх гаварылі па «талерцы» каля канторы калгаса, што напалі на наш Саюз. І нядаўна, здаецца, напалі, а ўжо ў Хатоўні аб’явіліся, ні ў каго не папытаўшы. Шустрыя, аднак. І адкуль бяруцца такія нахабнікі, папытаць бы? Юраська паназіраў трохі за няпрошанымі гасцямі здаля, з-за плоту, ды адразу ж і да хаты – бяжком, не азіраючыся: ну іх, немцаў тых! Расходжваюць, гергочуць, пагражаюць. Што да чаго! «Можа і певень цёткі Аксінні цяпер недзе ў іх? Бач, пазакасвалі рукавы... валасатыя рукі, нічога не скажаш: такія і цапнуць могуць што хочаш, за імі вока ды вока трэба». Але ж цётцы Аксінні адказаў, асабліва не разважаючы – тут не да філасофіі:
– Не бачыў. Трэба мне ён...
А потым паглядзеў на старую, і яму чамусьці зрабілася шкада яе, параіў хаваць курэй падалей ад немцаў, бо тыя, кажуць, дужа іх любяць – і смажаных, і ў чарапках з бульбай.
– Толькі падавай, – Юраська ажно прыцмокнуў языком, бо так, палічыў хлопчык, больш пераканае Аксінню, дакажа нарэшце ёй, хто такія немцы. – А таму хавай астатніх курэй, цётка. З’ядуць.
– Ды з’ядуць, каб яны лопнулі! – пагадзілася Аксіння, хоць і сама не горш за хлапчука ўсё ведала. – Ды сажруць, каб ім затлуміла! Во ўжо ненасытныя! Во ўжо не напруцца!.. І не падавяцца ж!..
А Юраська прыгадаў, бы капнуў газы ў полымя:
– Без разбору, цётка Аксіння. У дзеда Нупрэя усіх падшкрэблі, бы венікам падмялі. Адным махам. Мне сам дзед казаў. Можа певень на пярэпалах-лямант курэй пабег, заступацца? Усё ж мужчына. Мог пабегчы, як думаеш, га?
Цётка Аксіння зусім, здаецца, разгубілася. Яна не ведала, куды ёй ісці – ці вяртацца дамоў, ці бегчы шукаць пеўня, ад якога, мусіць, толькі пер’е і засталося. На ўсялякі выпадак старая паказала рукой у той бок, дзе таўкліся немцы і адкуль чулася чужая, незразумелася ёй, гаворка:
– Певень, думаеш, туды шугануў?
– Усё можа быць.
– Не аддам! – нарэшце цётка Аксіння тупнула нагой, рашуча і смела. – Дудкі ім! Смалы! Во ім, а не пеўня! – І паказала кукіш.
Яна закруцілася на адным месцы, быццам трапіла ў віхор, лаяла немцаў, паказвала ў іх бок дулі, абяцала «смалы з дзёгцем», а тады знерухомела... і заплакала. Па-сапраўднаму. «Няўжо можна па пеўню так перажываць? – не надта разумеў цётку Аксінню Юраська. – Дзівачка яна ці што? Дзед Нупрэй і слова не сказаў, калі лавілі ягоных курэй. Толькі плюнуў сабе пад ногі... А калі немцы на каленях поўзалі, цаляючы па курах, дык і ўсміхнуўся, а мне шапнуў: «Мае куры, бач, на калені немчуру паставілі, а прыйдзе час, то мы іх і на лапаткі пакладзем. Няхай пацешацца...»