Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Агасфэр (Вечны Жыд) - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Агасфэр (Вечны Жыд)

Электронная книга - «Агасфэр (Вечны Жыд)». Краткое содержание книги:

Але цуд, як і ўсе Ягоныя цуды, пачаўся страшным і велічным відовішчам, як толькі з прасторы прасьцерлася Божая правіца, сягнула праз цэлы сьвет, і ўсе стварэньні сабраліся ў Яго руцэ. Пасьля ўся неабсяжнасьць звузілася, і, як штукар дастае свае аксэсуары - парашочкі й пудэлачкі з эліксірам і костачкі, альбо як кухарка муку, яйкі, алей, так, убачылі мы, Ён узяў з усёй зямлі грудачку пылу й з усіх водаў адну кропельку й з усяго паветра ўгары адну паветрынку й з усяго агню дробную жарынку й гэтыя чатыры слабыя элемэнты-стыхіі - холад, цяпло, сухасьць і вільгаць Ён паклаў сабе на далонь і з таго зьляпіў Адама. І мы павінны былі яму служыць, кажа Люцыпар, усё яшчэ павярнуўшся да мяне, і мусілі былі пачалавечы падладжвацца й пахлебіцца й кланяцца яму й ганараваць яго! І так сказалі анёлы перад абліччам новага Адама: дзеля якое мэты й прычыны стварыў Бог яго з гэтых чатырох стыхіяў, калі ня дзеля таго, каб усё на сьвеце карылася яму й слухалася яго? Ён узяў грудачку пылу зь зямлі, каб усе пылатворныя служылі Адаму, кропельку вады, каб усё ў морах і рэках давалася яму, подых-вятрынку з паветра, каб усё жывое ў паветры было ягонае, жарынку з агню, каб усе агнявыя істоты й духі й магуты падкладаліся пад яго. Хвалеце Госпада ў вышынях.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 101
Перейти на страницу:

У нядзельку ў Гамбургу было пагодліва як мала калі, глыбока блакітнае неба выгінаецца над мешанінай дахаў і шпіцамі кірхаў, а як што перадпалуднем выдаўся моцны дождж, дык усё сьмецьце й бруд з вуліц сплыло ў Эльбу, вада ў Альстэры абнавілася і амаль што ўжо больш не сьмярдзіць. Дзева Барбара строіцца ў свой самы лепшы прыкід, цёмназялёнае, праз якое яе твар набывае цікавую бледнасьць, футраная палярына, якая хавае пляскатасьці сьпераду й ззаду; да таго ж карункавы каптурык і залатая акраса з матчынай шкатулкі. І Айцэнава сутана, хоць адпаведна духоўнаму сану цёмная, з тонкага сукна й адмысловага крою, і магістарскі капялюш на галаве прыцягваюць да сябе поўныя рышпекту позіркі народу, аж Штэдэрыха была пляснула рукамі і ўголас заявіла, ба! — якая здатная пара, гер Паўль і яе Барбара, нават калі магістр пакуль што й ня мае месца й пасады ў вялікай кірсе, усё гэта знойдзецца, усё гэта яшчэ не забавіцца, ужо ж такі муж яе, карабельны маклер і падрадчык закіне каму трэба слоўца-другое ў гарадзкой радзе.

І вось яны шпацыруюць, разьмераным крокам, ня ведаючы добра, што каму трэба гаварыць, дзева, таму што страх абняў сэрца, і Айцэн, таму што нутрынаю чуе, як зноў апанавалі яго варожыя сілы. І падыходзячы да моста, які вядзе да Сьвятога Духа, бачыць нарэшце Лёйхтэнтрагера, але гэты не адзін, і гер магістр слупянее, нібы маланкай сьперазаны.

А Лёйхтэнтрагер, на якім чырвоная шапачка з пяром, срэбраная шпага, да таго ж чырвоныя панчохі й кароткая чырвоная накідка, схіляецца перад дзевай, бярэ яе руку й цалуе на гішпанскі манер і адразу кажа, як ён рады цяпер вось сустрэцца зь дзевай пасьля ўсяго нагаворанага герам магістрам, і ўсё толькі найлепшага, пахвальнага яе прыгажосьці і ўсім дарам і даброцям, шчодра адмераным ёй прыродай і Госпадам Богам.

Дзеве Барбары як бы прыемная казытка прабягае па сьпіне ўгору і ўніз, аж выскоквае сэрца з грудзей: такога яна яшчэ не сустракала, каб ужо за першым словам кроў забушавала. А яе Паўль усё стаіць яшчэ як пень; яму адняло мову, калі ўбачыў Маргрыт альбо прынцэсу Трапезундзкую, выштукаваную, выстраеную, як усё роўна табе герцагіня якая, на руцэ залатая торбачка й шаўковая хусьцінка ў руцэ, а поплеч зь ёю жыд, ледзь пазнаць яго, апрануты, як ёсьць, па самай тонкай ангельскай модзе, са шліцаванымі рукавамі на наплечніку, вострая рыжаватая бародка падстрыжана, расчасана.

— Сэр Агасфэр, — кажа Лёйхтэнтрагер, прадстаўляючы гэткім манерам дзеве свайго прыяцеля, — сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт.

Сэр Агасфэр, думае Айцэн, і лэдзі Маргарэт; і бачачы, што лэдзі складзена зусім ня так, як яго Барбара, і яе губкі — адна суцэльная смаката, і цёмны бляск яе вачэй з затоенай у іх пажадай, пра што ён і думаць ня важыцца; і яго забірае шал, бо што такое магістр бязь месца й пасады супроць нейкага жыдка, які раптам узьбіўся на вялікія барышы й зрабіўся ангельскім сэрам, і ён думае, як яму пазбыцца ад гэтага апостала, чаго сваім часам не ўдалося ў Гэльмштэце.

Яго прыяцель Лёйхтэнтрагер, аднак, пасьля таго сэр Агасфэр і лэдзі Маргарэт з аднагло боку й фройляйн Штэдэр з другога прыстойна абкланяліся, апыталіся, абрэверансіліся кніксамі, праменадзіць апошнюю пад ўсялякага роду далікатныя словы ўгору па Райхенштрас, трымаючы левую руку на тронцы срэбранай шпагі, правую пад локцік нашай зусім зьбязволенай дзевы; сэр і лэдзі йдуць сьледам; небарака Айцэн замыкае шэсьце параў. І ўжо ж ведае, што ён робіць, Лёйхтэнтрагер; бо пяшчотна лашчачы локцік дзевы, толькі й гаворыць, што пра яе Паўля, яго цноты й пабожнасьць, і якім сьвяцілам царквы абяцае стацца гер магістр, ужо ж напэўна біскупам; і лёгенька, каб не падумала дзева, што яму заходзіцца толькі хваліць яе ненахвальнага, паціраецца горбікам аб яе плечыка, аж ёй робіцца неяк ня так, крыху канфузьліва, крыху бянтэжліва; пасьля ён расказвае, мяняючы аб'ект, самымі вышуканымі, самымі даборнымі словамі пра сэра Агасфэра й яго лэдзі, і што сэр, мала што жыд, але ж сярод немцаў такіх пашукай, — магутны старафамільны вяльможа, і што сабе й лэдзі здымае тут цэлы дом на час сваіх гамбургскіх гешэфтаў, багата абстаўлены самай дарагой мэбляй і самымі мяккімі дыванамі, і што дзева Барбара й яе магістр Паўль яго, Лёйхтэнтрагеравай, дружбай і клопатам туды запрошаны на сёньняшні вечар перакусіць і асьвяжыцца й на ўсякія вясёлыя бавы апасьля, вой што будзе апасьля, што будзе!

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 101
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)