Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Год: Цэнтр Эўрапейскага Супрацоўніцтва ЭўроФорум, часопіс Фрагмэнты
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:
Воля да панаваньня як галоўная дзейсная сіла, якой наканавана запанаваць над усім існым, мусіла абраць нешта, праз што гэтае наканаваньне магло быць максымальна рэалізаваным. Такім абраньнікам стаўся чалавек, але ня той, што быў раней, з каштоўнасьцямі, зарыентаванымі на наяўнасьць наяўнага Бога, а новы чалавек, каштоўнасьці якога ўжо фармаваліся воляй да панаваньня. Гэтага новага чалавека Ніцшэ назваў “звышчалавекам”.
Звышчалавек — гэта пэрсаніфікаваная воля да панаваньня, ён тое, што колькасна назапашвае і тым якасна вялічыць волю да панаваньня на зямлі. Таму каштоўнасьць чалавека цяпер мусіць вымярацца, зыходзячы з гэтай ягонай функцыі, а значыць, для ацэнкі чалавека ўжо не падыходзяць тыя каштоўнасьці, што набылі легітымнасьць (меру меры) у хрысьціянскую пару.
Чалавек, які паслугуе Богу, — чалавек; чалавек, які паслугуе волі да панаваньня (як “волі да жыцьця” — Шапэнгаўэр), — звышчалавек. Такога чалавека спакваля рыхтавала быцьцё, каб ён насьцеж расхінуў дзьверы ў патаемнае і вызваліў адтуль у непатаемнае нішто іншае, як самую ісьціну быцьця.
“Цяпер дае пра сябе знаць тое, што Ніцшэ ўжо тады разумеў мэтафізычна, — што новаэўрапейская “мэханістычная эканоміка”, суцэльны машынэрны разьлік усялякага дзеяньня і плянаваньня ў сваёй безумоўнай форме запатрабуе новага чалавецтва, якое выходзіць за межы ранейшага чалавека... Патрабуецца такое чалавецтва, якое ў самой сваёй аснове тоеснае ўнікальнай сутнасьці новаэўрапейскай тэхнікі і яе мэтафізычнай ісьціне; г.зн. — якое дае сутнасьці тэхнікі цалкам авалодаць сабой, каб такім чынам непасрэдна самому накіроўваць і скарыстоўваць усе асобныя тэхнічныя працэсы і магчымасьці. Безумоўнай “мэханістычнай эканоміцы” сумерны, у сэнсе ніцшэўскай мэтафізыкі, толькі звыш-чалавек, і наадварот: такому чалавеку патрэбна машына для татальнага панаваньня над Зямлёю” (Гайдэґер).
Прыкладна так Гайдэґер чытаў Ніцшэ... Але нават абярогшы сябе гэтым “прыкладна”, нельга не ўсьведамляць тую меру нахабства, якая ўсякі раз застаецца навідавоку, калі нехта на некалькіх аркушах паперы наважыцца прамаркіраваць лябірынты мысьленьня Гайдэґера (пэўна, куды больш заблытаныя, чым лябірынты цара Мінаса), якімі ён праз усё сваё жыцьцё намагаўся “выйсьці” зь Ніцшэ.
Камень Сызыфа
Я ня ведаю, ці ёсьць у гэтага сьвету большы за яго сэнс.