Мяне няма: роздумы на руінах чалавека
- Автор: Акудович Валентин Васильевич
- Год: 1998
- Язык: белорусский
- Год: Цэнтр Эўрапейскага Супрацоўніцтва ЭўроФорум, часопіс Фрагмэнты
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Краткое содержание книги:
XX стагодзьдзю засталося адно зафіксаваць сфармуляваны Ніцшэ канцавы характар гэтай сытуацыі быцьця (“Канец гісторыі” Фукуяма, “Канец новага часу” Ґвардзіні, “Канец чалавека” Фуко і г.д. і да т.п.).
“Што такое любоў? Што такое стварэньне? Што такое палкасьць? Што такое зорка?” — так пытаецца апошні чалавек, міргаючы”.
Праўда, сам Ніцшэ спадзяваўся, што “апошняга чалавека” можна пераадолець “звышчалавекам”. Але ці не ад рэшткаў рамантызму XIX стагодзьдзя гэтае спадзяваньне? Бо нават калі пагадзіцца, што “звышчалавек” магчымы, то разам з тым давядзецца прызнаць (чаго Ніцшэ не захацеў зрабіць), што ён падзея адзінкавага ліку, якая прынцыпова, з прычыны сваёй прычыны, ня можа пераходзіць у множны. Прысутнасьць другога звышчалавека аўтаматычна адмаўляе аднаго зь іх, альбо анігілюе абодвух.
Тое, чаго не хацеў ведаць Ніцшэ, калі ня розумам, дык сэрцам прадчуваў людзкі збой, да якога прамаўляў Заратустра.
“Дай нам гэтага апошняга чалавека, о Заратустра, — крычаў люд, — зрабі нас апошнімі людзьмі! На ліха нам твой Звышчалавек!”
Іншая рэч, што апошнімі людзьмі Заратустра іх таксама ня мог зрабіць. Пачыналася нешта другое, што вельмі недакладна і гэтаксама невыразна паспрабуем абазначыць як час структуры. У гэтым новым часе чалавека як чалавека ўжо няма, а тое, што па старой звычцы мы называем чалавекам, ёсьць толькі адным зь неабходных, але, можа, і ня самых галоўных кампанэнтаў звышскладанага структураванага Нечага, сэнс і мэту чаго мы наўрад ці калі ўсьвядомім.
“Мы прыдумалі шчасьце”, — кажуць апошнія людзі, міргаючы”.
У пэўным сэнсе Ніцшэ ня мог ня быць, бо напрыканцы XIX стагодзьдзя традыцыйная культура ўжо сфармавалася настолькі, што патрабавала сабе адпаведанай апазыцыі, каб да зморшчын высьветліць сваю сутнасьць і тым самым выразна акрэсьліць межы сваёй прысутнасьці. Таму наўрад ці будзе перабольшаньнем, калі мы скажам, што сама культура выклікала Ніцшэ, каб паглядзець у яго, як у люстэрка, якое ўсю праўду скажа.
Зь іншага боку, Ніцшэ мог і ня быць пэрсаніфікаваны ў адной асобе, ён мог паступова вымыкаць з самых розных інтэнцыяў, каб нейкім чынам аднойчы сфакусавацца ў пэўнай кропцы. За тое, што такі варыянт рыхтаваўся таксама, сьведчыць творчы досьвед Дарвіна, Дастаеўскага, Маркса, Фройда, а раней — Шапэнгаўэра. Усе яны разам — Адзін Вялікі Ніцшэ, што, аднак, не адмаўляе самога Ніцшэ, як пякучага фокусу аналітыкі прамінулага і адначасна вестуна буйнейшых інтэлектуальных праграмаў сучаснасьці (экзістэнцыялізму, псыхааналізу, структуралізму, гермэнэўтыкі і да т.п.).
Недзе Ніцшэ напісаў: “Толькі пасьлязаўтра належыць мне”. Але калі мы прыйдзем туды, у пасьлязаўтра, Ніцшэ там, пэўна, ужо не застанем. Хіба адно паглядзім на тое месца, адкуль ён выпаў да нас, як абломак будучыні. Магчыма, лішні там.
3. ГАЙДЭҐЕР ЧЫТАЕ НІЦШЭ
Мы мусім зразумець філязофію Ніцшэ як мэтафізыку суб’ектыўнасьці.