Доўгая дарога дадому
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2004
- Язык: белорусский
- Год: Кніга
- ISBN: 985-6605-13-Х
- Жанр: Биографии и мемуары
Электронная книга - «Доўгая дарога дадому». Краткое содержание книги:
Армiю знайшоў амаль той самай, якою пакiнуў два гады таму. Усё тое ж бязладзьдзе, нагнятаньне небясьпекi з Захаду, нястача ўсяго матэрыяльнага — ад транспарту да шынял ёў. (Да паловы зiмы хадзiў у ватоўцы з прышытымi афiцэрскiмi пагонамi на плячох.) I незвычайны нават у гады вайны рэжым сакрэтнасьцi. Усе статуты, iнструкцыi, загады былi засакрэчаныя. Калi для заняткаў патрэбна было якое настаўленьне (а яно патрэбна было кожны дзень), трэба было ўранку атрымаць яго пад расьпiску ў сакрэтнай часьцi, а ўвечары здаць. Узьнiкала шмат блытанiны, i некалькi афiцэраў пагарэлi на тым. Адзiн наш камбат, каб кожны раз ня бегаць у штаб па статут, што-нiшто выпiсаў зь яго ў свой блакноцiк, якi затым згубiў на занятках у полi. Праўда, блакноцiк ня быў зарэгiстраваны, i камбат асаблiва не турбаваўся. Але ж трэба так здарыцца, што яго знайшоў на ўзьлеску калгасьнiк i зрабiў, як ён думаў, добрую справу — у кiрмашовы дзень адвёз блакноцiк у Слонiм. Там вельмi хутка вызначылi, каму ён належыць, i празь якi месяц з камбата зьнялi пагоны.
Зiму я прабыў у Слонiмскай дывiзii, жыў зноў у бабкi ў Альбярцiне. Кожны дзень — палявыя заняткi, у мароз, дождж i сьцюжу. Нарэшце — чаканая вясна, прыгрэла сонца, i Быкаў атрымлiвае новы загад: адправiцца на Далёкi Усход.
Далёкаўсходнi адрэзак майго жыцьця застаўся ў памяцi як штось звыродлiвае, маларэальнае, парадаксальнае… З аднаго боку — звычайная армейшчына, службовая задубянеласьць i муштра. Але, накладзеныя на тамтэйшыя экзатычна-адмысловыя абставiны, iнакшыя прыродныя ўмовы, яны ня толькi прыгняталi людзкiя натуры, але i душылi iх сваёю выключнасьцю, непадобнасьцю на ўсё ранейшае, звыклае эўрапейскае.
Пасьля даўгога чыгуначнага падарожжа ўздоўж усяе Далёкаўсходняй магiстралi, месячнага чаканьня ў казармах Другой рэчкi пад Уладзiвастокам (тых казармах, дзе ў канцы 30-х гадоў быў перасыльны лягер i дзе скончыў сваё жыцьцё паэт Восiп Мандэльштам), пасьля марскiх вандровак у душных твiндэках грузавых суднаў па Японскiм моры ўбачыў нарэшце месца свайго прызначэньня — пасёлак Галаўнiно на паўдзённым канцы вострава Кунашыра. Тады ўжо быў не адзiн, а з жонкаю Надзеяй Андрэеўнай, нядаўняй выпускнiцай Гарадзенскага пэдiнстытуту, якая мусiла выправiцца са мной у нязьведаны далёкi шлях.
Галаўнiно выглядала з мора як група раскiданых на беразе нiзенькiх драўляных дамкоў на фоне велiчнай, зарослай лесам гары тутэйшага вулкану зь японскаю назвай Цяця-яма. (Яма — па-японску якраз гара.) У бок мора тырчэла драўляная збудоўка пiрсу, на якiм стаяла некалькi салдатаў, яны паказалi, дзе месьцiцца штаб палку, куды мне i належала завiтаць. На тым дзiкiм, гарыстым, парослым хвояй ды бамбукам востраве мне суджана было змэнчыць аж тры гады майго не старога яшчэ жыцьця.
Для жыльля была прызначаная цесная каморка ў драўляным, з дошак, як i ўсё тут, дамку, дзе замест крэслаў цi табурэтак служылi скрынкi, вечка адной зь якiх, прымацаванае ў падваконьнi было сталом. На сярэдзiне каморкi месьцiлася жалезная печка з праiржавелымi трубамi, выведзенымi ў падстольле. Аднойчы праз тыя трубы загарэўся гонтавы дах, што (на шчасьце) было заўважана гаспадаром, якi якраз iшоў з казармы на сьняданак. Дом стаяў на самым беразе затокi, ззаду пад прызбу заўжды пляскалiся хвалi Цiхага, або Вялiкага, акiяну. Затока ўвогуле была мелкаводная, зарослая марскiмi водарасьцямi, якiя ў адлiў тоўста высьцiлалi чорны ўзьбярэжны пясок. Часам мора выглядала нават прыгожым, асаблiва ў пагодныя днi. Але пагодных дзён было ня надта багата, болей бушавалi вятры, у сьцюдзёную пару мяло сьнегам — замятала пасёлак да ягоных жалезных комiнаў. Непрытульна выглядаў Вялiкi акiян, а з другога боку сурова высiлiся засьнежаныя горы на японскiм востраве Хакайда, за якiм было зноў мора i затым ужо Азiяцкi мацярык i далёка-далёка Эўропа. Беларусь мроiлася ў няўяўнай далечы, ад якой часьцяком сьцiскалася сэрца. I ня толькi ў мяне. Часам здаралiся выпадкi самагубства, асаблiва сярод маладых салдатаў i нават маладых афiцэраў. Тады некаторыя дзiвiлiся — чаму так? Што прычынай? Хто iх пакрыўдзiў? Я дык разумеў, чаму. Жахлiвая адарванасьць ад звыклага побыту, адзiнота, выкiнутасьць з цывiлiзаванага (эўрапейскага) сьвету былi тою псыхалягiчнай прычынай, што некаторым чуйным натурам не давала жыць. Тутэйшае паднявольнае салдацкае iснаваньне рабiлася нясьцерпным. Нейкiм сродкам ад таго псыхалягiчнага сiроцтва было б сяброўства, зямляцтва. Але ў мяне быў усяго адзiн зямляк, салдат Барсукевiч, родам зпад Гораднi, зь якiм мы зрэдчас перакiдвалiся роднымi словамi. Ды хутка лёс разлучыў нас i з Барсукевiчам. На той час яшчэ ўзьнiкалi нейкiя лiтаратурныя памкненьнi, пабудзiлася паўзабытая тэма вайны. Напiсаў дватры апавяданьнi на беларускай мове, якiя паслаў у Менск на адрас часопiсу «Полымя», каб перадалi Мiхасю Лынькову. Прозу гэтага аўтара любiў з даўняй пары, i, думалася, ягоная ацэнка будзе спрыяльнай. I праўда, даволi хутка (за якiх, можа, тры месяцы) атрымаў адказ — падрабязны разбор на некалькiх старонках. Як цяпер прыпамiнаю, апавяданьнi былi даволi слабыя, i Мiхасю Цiханавiчу спатрэбiлася нямала такту, каб нешта сказаць па сутнасьцi i не паранiць аўтарскага самалюбства. Аўтар адчуў тое i болей не пiсаў. Доўга не пiсаў наогул.