Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 68
Перейти на страницу:

На парозе стаяла Мартышка, дачка Рэдрыка Шугарта. З прадпакоя на паўцёмную лесьвічную пляцоўку падала яркае сьвятло, і ў першую сэкунду Рычард убачыў толькі цёмны сілюэт дзяўчынкі і падумаў, як яна моцна выцягнулася за апошнія некалькі месяцаў, але потым яна адступіла ўглыбіню прадпакоя, і ён убачыў ейны твар. У горле ў яго імгненна перасохла.

— Добры вечар, Марыя, — сказаў ён, намагаючыся гаварыць як мага больш ласкава. — Як маешся, Мартышка?

Яна не адказала. Яна моўчкі і зусім бясшумна адступала да дзьвярэй у гасьцёўню, гледзячы на ​​яго спадылба. Было падобна, што яна не пазнавала яго. Ды й ён, шчыра кажучы, не пазнаваў яе. Зона, падумаў ён. Сволач…

— Хто там? — спытала Гута, выглядаючы з кухні. — Божа, Дыку! Дзе вы прападалі? Вы ведаеце, Рэдрык вярнуўся!

Яна пасьпяшалася да яго, на хаду выціраючы рукі ручніком, перакінутым праз плячо, — усё такая ж прыгожая, энергічная, моцная, толькі вось падцягнула яе неяк: твар зьлёгку памарнеў, і вочы былі нейкія… ліхаманкавыя, ці як?

Ён пацалаваў яе ў шчаку, аддаў ёй плашч і капялюш і сказаў:

— Начутыя, начутыя… Усё часу ніяк ня мог выбраць забегчы. Дома ён?

— Дома, — сказала Гута. — У яго там адзін… хутка сыдзе, напэўна, яны даўно ўжо сядзяць. Праходзьце, Дыку.

Ён зрабіў некалькі крокаў па калідоры і спыніўся ў дзьвярах гасьцёўні. Стары сядзеў за сталом. Адзін. Нерухомы і ледзь перакошаны на бок. Ружовае ад абажура сьвятло падала на шырокі цёмны твар, нібы выразаны са старога дрэва, — запалы, бязгубы рот, спыненыя, бяз бляску, вочы. І Рычард зараз жа адчуў пах. Ён ведаў, што гэта гульня ўяўленьня, пах бываў толькі ў першыя дні, а потым зьнікаў спрэс, але Рычард адчуваў яго як бы памяцьцю: душны цяжкі пах разрытае зямлі.

— То ж хадземце на кухню, — пасьпешліва сказала Гута. — Я там вячэру гатую, заадно пабалбочам.

— Так, вядома, — сказаў Нунан бадзёра. — Столькі ня бачыліся… Вы яшчэ не забыліся, што я люблю выпіць перад вячэрай?

Яны прайшлі на кухню, Гута адразу ж адкрыла халадзільнік, а Нунан усеўся за стол і агледзеўся. Як заўсёды, тут усё было чыста, усё блішчала, над рондальчыкамі паднімалася пара. Пліта была новая, паўаўтамат, значыць, грошы ў доме былі.

— Ну, як ён? — спытаў Нунан.

— Ды ўсё такі ж, — сказала Гута. — Схуднеў у турме, але цяпер, здаецца, укарміўся.

— Рыжы?

— Яшчэ б! Гэта ў яго ўжо да сьмерці.

Гута паставіла перад ім шклянку «Крывавай Мэры» — празрысты слой расейскай гарэлкі нібы б вісеў над слоем таматнага соку.

— Не зашмат? — спытала яна.

— Самы раз. — Нунан набраў у грудзі паветра і, зажмурыўшыся, павольна ўліў у сябе сумесь. Гэта было добра. Ён згадаў, што па сутнасьці справы за цэлы дзень упершыню выпіў нешта істотнае. — Вось гэта іншая справа, — сказаў ён. — Цяпер можна жыць.

— У вас усё добра? — спытала Гута. — Што вы так доўга не заходзілі?

— Клятыя справы, — сказаў Нунан. — Кожны тыдзень зьбіраўся зайсьці або хаця б патэлефанаваць, але спачатку давялося зьездзіць у Рэксаполіс, потым скандал адзін пачаўся, потым мне кажуць: «Рэдрык вярнуўся», — ладна, думаю, навошта перашкаджаць… карацей, завярцеўся я, Гута. Я часам пытаюся ў сябе: якога д’ябла мы так круцімся? Каб зарабіць грошы? Але на якое ліха нам грошы, калі мы толькі й робім, што круцімся?..

Гута бразнула вечкамі рондальчыкаў, узяла з палічкі пачак цыгарэт і села за стол насупраць Нунана. Вочы ейныя былі апушчаныя.

Нунан пасьпешліва выхапіў запальнічку і даў ёй прыкурыць і зноў, другі раз у жыцьці ўбачыў, што ў яе дрыжаць пальцы, як тады, калі Рэдрыка толькі што асудзілі і ён, Нунан, прыйшоў да яе, каб даць ёй грошай, — яна зусім прападала бяз грошай першы час, і ніводная сволач у доме не давала ёй у доўг. Потым грошы ў доме зьявіліся — і, судзячы па ўсім, немалыя, і Нунан здагадваўся адкуль, але ён працягваў прыходзіць, прыносіў Мартышцы ласункі й цацкі, цэлымі вечарамі піў з Гутой каву і плянаваў разам зь ёй будучае шчаснае жыцьцё Рэдрыка, а потым, наслухаўшыся ейных апавяданьняў, ішоў да суседзяў і намагаўся як-небудзь пераканаць іх, тлумачыў, угаворваў, нарэшце, выйшаўшы зь цярпеньня, пагражаў: «Бо Рыжы вернецца, ён вам усе косткі пераламае…» — нічога не дапамагала.

— А як маецца вашая дзяўчына? — спытала Гута.

— Якая?

— Ну, зь якой вы заходзілі тады… беленькая такая…

— Якая ж гэта мая дзяўчына? Гэта мая стэнаграфістка. Яна выйшла замуж і звольнілася.

— Жаніцца вам трэба, Дыку, — сказала Гута. — Хочаце, нявесту знайду?

Нунан хацеў быў адказаць, як звычайна: «Вось Мартышка падрасьце…», але своечасова спыніўся. Цяпер бы гэта ўжо не прагучала.

1 ... 47 48 49 50 51 52 53 54 55 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)