Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Научная фантастика » Пікнік на ўзбоччы
Пікнік на ўзбоччы - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пікнік на ўзбоччы

Электронная книга - «Пікнік на ўзбоччы». Краткое содержание книги:

«Пікнік на ўзбоччы» («Пикник на обочине») — найвядомейшы і найпапулярнейшы твор клясыкаў сусьветнае навуковае фантастыкі Аркадзія і Барыса Стругацкіх, які сярод усіх іхных кніг стала трымае першае месца па колькасьці выданьняў і перакладаў на іншыя мовы. Аповесьць напісаная ў 1971 годзе і ўпершыню апублікаваная праз год у ленінградзкім часопісе «Аврора». У 1991 годзе быў выданы аўтарскі варыянт, пазбаўлены правак, зробленых пад ціскам савецкае цэнзуры.
У цэнтры сюжэту — таямнічая і небясьпечная Зона, якая засталася пасьля наведваньня Зямлі прадстаўнікамі іншаплянэтнай цывілізацыі, а таксама жыцьцё людзей, якія воляй лёсу апынуліся побач зь ёю і вымушаныя змагацца за сваё існаваньне ня толькі са страшнымі нечалавечымі зьявамі, але й з ня менш непрыемнымі асаблівасьцямі чалавечага грамадзтва.
Кніга мела вялікі культурны ўплыў. Дзякуючы ёй у расейскую мову трывала ўвайшло слова «сталкер», якое замацавалася за аматарамі наведваць закінутыя аб'екты і гарады-здані, а сама субкультура набыла большую папулярнасьць. Фільм «Сталкер», які лічыцца адной з найлепшых кінастужак рэжысёра А. Таркоўскага, быў зьняты па матывах твору. Аварыя на Чарнобыльскай АЭС і ўтварэньне там закрытае Зоны Адчужэньня шмат у чым перагукалася зь «Пікніком» і дало нагоду выявіць у кнізе пэўныя прароцкія матывы. Тэмы ўразьлівасьці чалавека перад магутнымі сіламі, якія ён здольны вызваліць, а таксама неабходнасьці адказнага і далікатнага стаўленьня да навакольнага сьвету выявіліся як ніколі актуальнымі.
Па-беларуску «Пікнік на ўзбоччы» да гэтага моманту ніколі не выдаваўся. Гэты пераклад — першая публікацыя аповесьці на беларускай мове, і другі перакладзены на яе твор братоў Стругацкіх.
1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 68
Перейти на страницу:

— Па-мойму, сымбаль даволі адназначны, — сказаў Нунан, гледзячы на ​​гадзіньнік. — А ці не пара нам па дамах, Валянціне? У мяне ёсьць яшчэ адна важная справа.

— Хадземце, — сказаў Валянцін, марна спрабуючы трапіць тварам у аправу акуляраў. — Ф-фу, напаілі вы мяне, Рычардзе. — Ён узяў акуляры ў абедзьве рукі і старанна паставіў іх на месца. — У вас машына?

— Так, я вас завязу.

Яны расплаціліся і накіраваліся да выхаду. Валянцін трымаўся яшчэ больш прама, чым звычайна, і раз-пораз са стукам прыкладваў палец да скроні, вітаючы знаёмых лябарантаў, якія зь цікаўнасьцю і зьдзіўленьнем сачылі за сьвяцілам інстытуцкае фізыкі. Каля самага выхаду, вітаючы ўсьмешлівага швэйцара, ён зьбіў зь сябе акуляры, і ўсе трое кінуліся іх лавіць.

— Ф-фу, Рычард, — прыгаворваў Валянцін, залазячы ў «Пэжо». — Вы мяне бязбожна напаілі. Нельга ж так, каб вас чорт… Няёмка. У мяне заўтра экспэрымэнт. Вы ведаеце, цікавая рэч…

I ён пачаў распавядаць пра заўтрашні экспэрымэнт, раз-пораз адцягваючыся на анэкдоты і паўтараючы: «напаілі… да чортавай маці…» Нунан адвёз яго ў навуковае мястэчка, рашуча прыцяў жаданьне дадаць, якое нечакана ўспыхнула ў Валянціна («і чаго-небудзь, чорт яго вазьмі, мацнейшага за вашае піва… Які там, да д’ябла, экспэрымэнт? Ведаеце, што я з гэтым вашым экспэрымэнтам зраблю? Я яго адкладу!..») і здаў з рук на рукі жонцы, якая прыйшла пры відзе мужа ў вясёлае абурэньне.

— Г-госьці? Хто? А, прафэсар Бойд? Вельмі прыемна! Зараз мы зь ім дзёрнем! Рычардзе, дзе вы, Рычардзе!..

Гэта Нунан чуў, ужо зьбягаючы па сходах. А яны ж таксама баяцца, думаў ён, зноў усаджваючыся ў «Пэжо». Баяцца высакалобыя, баяцца… Ды так і мае быць. Яны павінныя баяцца больш за ўсіх нас, простых абывацеляў, разам узятых. Мы проста нічога не разумеем, а яны разумеюць, да якой ступені яны нічога не разумеюць. Глядзяць у гэтую бяздонную прорву і ведаюць, што непазьбежна ім туды спускацца, сэрца заходзіцца, а спускацца трэба, а як спускацца, што на дне і, галоўнае, ці можна будзе потым выбрацца… А мы, так бы мовіць, глядзім у іншы бок. Слухай, а можа быць, так і трэба? Няхай яно ўсё ідзе сваім парадкам, а мы ўжо пражывем як-небудзь. Правільна Валянцін кажа: найгераічнейшы ўчынак чалавецтва — гэта тое, што яно выжыла і мае намер выжыць далей. А ўсё-ткі чорт бы вас узяў, сказаў ён прышэльцам. Не маглі зладзіць свой пікнік у іншым месцы. На Месяцы, напрыклад. Або на Марсе. Такая ж вы сволач, як і ўсе, хоць і навучыліся згортваць прастору. Пікнік, ці бачыце, зладзілі. Пікнік.

Як жа мне лепей абыйсьціся з маімі пікнікамі? — думаў ён, павольна ведучы «Пэжо» па ярка асьветленых мокрых вуліцах. Як бы ямчэй гэта ўсё правярнуць? Па прынцыпе найменшага дзеяньня. Як у мэханіцы. На чорта мне мой такі і такі інжынэрны дыплём, калі я не магу прыдумаць, як мне прыціснуць гэтую бязногую сволач… Ён спыніў машыну перад домам, дзе жыў Рэдрык Шугарт, і трохі пасядзеў за рулём, прыкідваючы, як весьці размову. Потым ён выняў «этак», вылез з машыны і толькі тут зьвярнуў увагу на тое, што дом выглядае нежылым. Амаль усе вокны былі цёмныя, у садку пры доме нікога не было, і нават ліхтары там не гарэлі. І гэта нагадала яму, што ён зараз убачыць, і ён зябка сьцепануўся. Яму нават прыйшло да галавы, што, можа быць, мае сэнс выклікаць Рэдрыка па тэлефоне і пагутарыць зь ім у машыне або ў якой-небудзь ціхай піўнушцы, але ён адагнаў гэтую думку. Па цэлым шэрагу прычын. І акрамя ўсяго іншага, сказаў ён сабе, давай-ка ня будзем прыпадабняцца да ўсіх гэтых нікчэмных сволачаў, што разьбегліся адсюль, як тараканы, аблітыя варам.

Ён увайшоў у пад’езд, нетаропка падняўся па даўно ня меценых сходах. Вакол стаяла нежылая цішыня, некаторыя дзьверы, што выходзілі на лесьвічныя пляцоўкі, былі ледзь-ледзь прачыненыя ці нават расчыненыя насьцеж — зь цёмных прадпакояў цягнула затхлымі пахамі волкасьці і пылу. Ён спыніўся перад дзьвярыма кватэры Рэдрыка, прыгладзіў валасы за вушамі, глыбока ўздыхнуў і націснуў кнопку званка. Некаторы час за дзьвярыма было ціха, потым там рыпнулі масьніцы, пстрыкнуў замок, і дзьверы ціхенька прыадчыніліся. Крокаў ён так і ня чуў.

1 ... 46 47 48 49 50 51 52 53 54 ... 68
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)