Час second-hand
- Автор: Алексиевич Светлана Александровна
- Серия: Галасы Утопіі #5
- Год: 2013
- Язык: белорусский
- Год: Ловінаў
- ISBN: 978-985-562-096-0
- Переводчик: Валерый Стралко
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
Хто абараняў камунізм? Не прафесары і не сакратары ЦК… а ленінградскі выкладчык хіміі Ніна Андрэева кінулася абараняць камунізм… І нарабіў шуму ейны артыкул «Не магу адступіцца ад прынцыпаў». Ахрамееў таксама пісаў… выступаў… Казаў мне: «Трэба даваць здачы». Яму тэлефанавалі, пагражалі: «вайсковы злачынца» — гэта за Афганістан. Мала хто ведаў, што ён быў супраць афганскай вайны. І не вывозіў з Кабула алмазы і іншыя каштоўныя камяні, карціны з нацыянальнага музея, як іншыя генералы. Яго пастаянна ў друку аблівалі брудам… За тое, што перашкаджаў «новым гісторыкам», якім трэба было даказаць, што ў нас нічога не было, ззаду — пустыня. І Перамогі — не было. А былі заградатрады і штрафбаты. Вайну выйгралі вязні, гэта яны пад кулямётамі дайшлі да Берліна. Якая Перамога? Закідалі Еўропу трупамі… (Паўза.) Армію прыніжалі і абражалі. Хіба магла такая армія перамагчы ў дзевяноста першым? (Паўза.) І хіба мог яе маршал гэта перажыць?..
Пахаванне Ахрамеева… Каля магілы стаялі родныя і некалькі сяброў. Не было ваеннага салюту. Газета «Правда» не ўважыла некралогам былога начальніка Генштаба чатырохмільённай арміі. Новы міністр абароны Шапашнікаў (былы міністр Язаў сядзеў у турме разам з іншымі «путчыстамі»), здаецца, у гэты час быў заклапочаны тым, як засяліцца ў кватэру Язава, з якой тэрмінова выганялі жонку апошняга. Інтарэсы шкурныя… Але… я скажу… гэта важна… Членаў ГКЧП можна абвінаваціць у чым заўгодна, але не ў заклапочанасці асабістымі мэтамі. У карысці… (Паўза.) Па крамлёўскіх калідорах пра Ахрамеева шэпчуцца: «Не на таго коніка паставіў». Чыноўнікі перабягалі да Ельцына… (Перапытвае.) Паняцце гонару? Не задавайце наіўных пытанняў… Нармальныя людзі выходзяць з моды… Артыкул-некралог з’явіўся ў амерыканскім часопісе «Тайм». Напісаў яго адмірал Уільям Кроўв, які займаў у часы Рэйгана пасаду старшыні Камітэта начальнікаў штабоў ЗША (адпавядае нашаму начальніку Генштаба). Яны шмат разоў сустракаліся на перамовах па ваенных пытаннях. І ён паважаў Ахрамеева за яго веру, хоць яна яму была чужая. Вораг пакланіўся… (Паўза.)
Толькі савецкі чалавек можа зразумець савецкага чалавека. Іншаму б я распавядаць не стаў…
з жыцця пасля жыцця
«1 верасня ў Маскве на Траякураўскіх спецмогілках для высокапастаўленых асобаў (філіял маскоўскіх Новадзявочых могілак) быў пахаваны Маршал Савецкага Саюза С. Ф. Ахрамееў.
У ноч з першага на другое верасня невядомыя раскапалі магілу Ахрамеева і яго суседа па могілках — генерал-палкоўніка Срэднева, пахаванага тыдзень таму. Следства мяркуе, што магіла Срэднева была раскапана першай, відаць, памылкова… Марадзёры знеслі маршальскую форму Ахрамеева з залатымі галунамі… і маршальскую шапку, якую, згодна з вайсковай традыцыяй, прыбіваюць да труны. А таксама шматлікія ордэны і медалі.
Следчыя ўпэўнена заяўляюць, што магілу Маршала Ахрамеева апаганілі не па палітычных, а па камерцыйных матывах. Мундзіры вышэйшых военачальнікаў карыстаюцца асаблівым попытам у перакупшчыкаў антыкварыяту. А ўжо маршальскую форму ў іх з рукамі адарвуць…»