Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 185
Перейти на страницу:

«Бухарчык» (як ахрысціў яго Сталін) прапаноўваў «урастаць у сацыялізм», Сталіна называў Чынгісханам. Але таксама постаць неадназначная… Гатовы быў, як усе, кідаць людзей у печку сусветнай рэвалюцыі без разбору. Выхоўваць расстрэламі. Гэта не Сталін першы прыдумаў… Усе яны вайсковыя людзі — пасля рэвалюцыі, пасля грамадзянскай вайны. Пасля крыві… (Паўза.) У Леніна ёсць заўвага, што рэвалюцыі прыходзяць тады, калі яны самі гэтага хочуць, а не калі нехта хоча. Так… вось… так… Перабудова… галоснасць… Усё мы выпусцілі з рук… Чаму? У вышэйшых эшалонах улады было нямала разумных людзей. Чыталі Бжэзінскага… Але ўяўленне было такое: падрамантуем, падмажам і далей паедзем. Не ведалі, да якой ступені нашым людзям абрыдла ўсё савецкае. Самі мала верылі ў «светлую будучыню», але верылі, што народ верыць… (Паўза.) Не… Ахрамеева не забілі… Адкінем канспіралагічныя тэорыі… Самагубства — гэта быў ягоны апошні аргумент. Сыходзячы, ён усё ж сказаў пра галоўнае: ляцім у бездань. Была вялізная краіна, гэтая краіна выйграла страшную вайну — і вось яна падае. Кітай не паваліўся. І Паўночная Карэя, дзе людзі мруць ад голаду. І маленькая сацыялістычная Куба стаіць, а мы знікаем. Нас узялі не танкамі і ракетамі, а знішчылі тое, чым мы заўсёды былі моцныя. Наш дух. Згніла сістэма, згніла партыя. І можа быць, менавіта таму… гэта таксама адна з прычын яго сыходу… …нарадзіўся ён у глухой мардоўскай вёсцы, рана застаўся без бацькоў. Пайшоў на вайну курсантам ваенна-марскога вучылішча. Добраахвотнікам. Дзень Перамогі сустрэў у шпіталі — поўнае нервовае знясіленне, важыў трыццаць восем кілаграмаў. (Паўза.) Перамагла змучаная, хворая армія. Знясіленая, прастуджаная. З радыкулітамі, артрытамі… язвай страўніка… Я такую яе памятаю… Мы з ім з аднаго пакалення — людзі вайны. (Паўза.) Ад курсанта ён падняўся да самых вяршыняў ваеннай піраміды. Савецкая ўлада дала яму ўсё: вышэйшае воінскае званне Маршала, Зорку Героя, Ленінскую прэмію… Не спадчынніку трона, а хлопчыку з простай сялянскай сям’і. З глухой ускраіны. І тысячам такіх, як ён, дала яна шанец. Бедным… маленькім людзям… І ён любіў савецкую ўладу.

Званок у дзверы. Заходзіць нехта са знаёмых. Нешта доўга абмяркоўваюць у вітальні. Калі N. вяртаецца, я бачу: ён крыху засмучаны і гаворыць ужо не так ахвотна, але потым, на шчасце, зноў загараецца.

— Мы разам працавалі… клікаў да нас… Адмовіўся: гэта партыйная таямніца, і выдаваць яе нельга. Навошта падпускаць да яе чужых. (Паўза.) Я не быў сябрам Ахрамеева, але я ведаў яго шмат гадоў. Ніхто не пайшоў на крыж, каб уратаваць краіну. Толькі ён. А мы сталі клапаціцца пра персанальныя пенсіі і захаванне за намі дзяржаўных лецішчаў. Не магу змаўчаць…

Да Гарбачова нашых лідараў народ бачыў толькі на трыбуне маўзалея: андатравыя шапкі і каменныя твары. Анекдот: «Чаму зніклі андатравыя шапкі?» — «Таму што наменклатура размнажаецца хутчэй за андатру». (Смяецца.) Нідзе гэтулькі не распавядалі анекдотаў, як у Крамлі. Палітычных анекдотаў… антысавецкіх… (Паўза.) Перабудова… Дакладна не памятаю, але мне здаецца, што першы раз я пачуў гэта слова за мяжой ад замежных журналістаў. У нас часцей казалі: «паскарэнне» і «ленінскі шлях». А за мяжой пачаўся гарбачоўскі бум, увесь свет захварэў на «горбіманію». Там перабудовай называлі ўсё, што ў нас адбывалася. Усе перамены. Калі па вуліцы ехаў картэж з Гарбачовым, стаялі тысячы людзей уздоўж дарогі. Слёзы, усмешкі. Гэта ўсё я памятаю… Нас палюбілі! Знік страх перад КДБ, а галоўнае — абвясцілі канец ядзернаму шаленству… І за гэта свет быў нам удзячны. Цягам дзесяцігоддзяў атамнай вайны баяліся ўсе, нават дзеці. Прывыклі глядзець адзін на аднаго з акопа. Праз прыцэл… (Паўза.) У еўрапейскіх краінах сталі вучыць рускую мову… у рэстаранах падавалі рускія стравы: боршч, пельмені… (Паўза.) Я дзесяць гадоў адпрацаваў у ЗША і Канадзе. Вярнуўся дадому ў гарбачоўскі час… Убачыў шмат шчырых, сумленных людзей, якія прагнуць ва ўсім удзельнічаць. Я бачыў такіх людзей… калі паляцеў у космас Гагарын… Такія твары… У Гарбачова было шмат аднадумцаў, але менш за ўсё іх было сярод наменклатуры. Цэкоўскай… абкамаўскай… «Курортны сакратар» — гэта за тое, што ўзялі яго ў Маскву са Стаўрапаля, дзе любілі адпачываць генеральныя сакратары, члены Палітбюро. «Мінеральны сакратар» і «сокін сын» за антыалкагольную кампанію. Кампрамат назапашваўся: будучы ў Лондане, не наведаў магілу Маркса… Выпадак неверагодны! Вярнуўся з Канады, казаў усім, як там добра. І тое добра, і гэта… а ў нас… Зразумела, што ў нас… Хтосьці не вытрымаў: «Міхаіл Сяргеевіч, і ў нас так будзе гадоў праз сто». — «Ну, ты аптыміст». Дарэчы, тыкаў ён усім… (Паўза.) Прачытаў у аднаго «дэмакратычнага» публіцыста, што ваеннае пакаленне… гэта значыць — мы… заседзелася ва ўладзе. Перамаглі, адбудавалі краіну і трэба было сыходзіць, бо іншага разумення жыцця, акрамя як жыць па ваенных мерках, не мелі. Таму і сунемся ў хвасце… (Агрэсіўна.) «Чыкагскія хлопчыкі»… «рэфарматары ў ружовых штоніках»… Дзе вялікая краіна? Калі б гэта была вайна, мы б перамаглі. Калі б вайна… (Доўга супакойваецца.)

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)