Прызнанне левага крайняга
- Автор: Катюшенко Михаил Петровича
- Год: 1990
- Язык: белорусский
- Жанр: Советская классическая проза
Электронная книга - «Прызнанне левага крайняга». Краткое содержание книги:
Я прайшоў у амаль мікраскапічны, утульны пакойчык.
— Заходжу да цябе, а ў вас пуста, ажно сэрца сціскаецца. Усё бачу перад сабой вас, вашы з Андрэйкам галасы чую. Не па сабе робіцца... А можа, ад таго, што дрэнна сябе адчуваю і хутка да сястрычкі пайду. Прыходзіць і мой час, Кастусь, прыходзіць. Яна маладая была і то... А я надоўга затрымалася.
Яна апусцілася на канапу, змахнула слязіну з вачэй. Вочы ў яе такія, як у маці. Калі я гляджу ў іх, мне робіцца не па сабе, быццам перада мной жывая маці.
— А я вярнуўся, цётка Наста, зусім вярнуўся.
— Пакінуў, значыцца, Маскву?
— Пакінуў. Буду гуляць у сваёй старой камандзе.
Яна ўзрадавана ўздыхнула.
— Вось і добра. Будзем часта бачыцца. Хопіць табе бадзяцца немаведама дзе. Вось толькі шкада, што з футболам сваім не развітваешся. Пайшоў бы працаваць, як усе людзі, завёў сям’ю...
Я сказаў, што ўсё ідзе да гэтага, але яшчэ не прыйшоў час, ды ён абавязкова прыйдзе. Яна пачаставала мяне дранікамі са смятанай, заварыла моцны чай.
— Цётка Наста, я на машыне. Давайце з’ездзім да мамы.
У мяне быў такі цяжар на сэрцы, што я адчуваў — лепш туды не ехаць аднаму.
— Паехалі,— згадзілася яна.— Добра, што ты яе не забываеш, а дзеці цяпер такія, што...— яна махнула рукой і зноў змахнула слязіну з маршчыністага твару.
Я вёў машыну па знаёмых вуліцах горада, а цётка Наста расказвала пра маці (у такія мінуты здавалася, што яна забывае пра яе смерць і гаворыць, як пра жывую). Яна ўспомніла, што ў маці яшчэ ў школьныя гады быў цудоўны сябар, ён, здавалася, суткамі не адыходзіў ад яе, усе лічылі, што з іх атрымаецца цудоўная пара, каб маці, калі ўжо вучылася ў інстытуце, не сустрэла бацькі... Я шмат разоў чуў ужо гэтую гісторыю ад цёткі Насты, і кожны раз яна называла бацьку «твайго».
— Твой, каб яго, так задурыў ёй галаву, што яна праз некалькі дзён заявіла мне: «Наста, я кахаю яго па-сапраўднаму, я разумею — гэта мой лёс». I вось што з усяго гэтага атрымалася.
Я гэтак, як і кожны раз матлянуў галавой у знак згоды, а цётка Наста паглыбілася ў нейкія свае патаемныя думкі і моўчкі паглядала на дарогу.
Мы наблізіліся да цэлага лесу помнікаў, агароджаў, а ў мяне перад вачыма ўсплыла чорная яма, якая назаўсёды праглынула самага дарагога чалавека. Ля помніка з барэльефам маці (які ў яе прыгожы твар, нават выбіты на камені!) квітнеюць ружы.
— Яна любіла кветкі гэтага колеру. Я ўвесь час высаджваю іх тут, — гаворыць цётка Наста.
Твар яе хмурнее.
— Пройдзе колькі часу, і ты будзеш сюды прыязджаць і да мяне. Толькі прыязджай, абавязкова.
Мы сядзім моўчкі на драўлянай лаўцы. Я гляджу на цётку Насту і лаўлю сябе на думцы, што не магу ўспомніць яе маладой. Той, некалі знаёмы твар знік пад густой сеткай зморшчын, засталіся на ім адны вочы. Я ўглядаюся ў іх, успамінаю маці і думаю, дзе мне ўзяць сілы для заўтрашняга матча? Усе будуць з цікавасцю назіраць за мной у новай якасці — супернікі, сябры па камандзе, Фалалееў, Васільеў, тысячы балельшчыкаў. Кожны з іх будзе рабіць свой вывад. Вядома, з рознымі мэтамі... I ў той жа час я адчуваю ў кожнай мышцы стому, хоць стомаю гэта не назавеш. Уражанне такое, што абыякавасць ахінула ўсё цела, і я ніяк не магу яе перамагчы. Але ёсць яшчэ вечар, ёсць ноч. Я папрасіў у Фалалеева дазволу пераначаваць дома, а не на спартыўнай базе, хоць гэта выключалася цалкам.
— Зразумейце, дома я адпачну як след, выключу тэлефон... Замкнуся на ўсе замкі...
— Ты гэта сур’ёзна, ты нічога не выдумляеш? — пытаецца Фалалееў і з недаверам паглядае на мяне.
— Слова гонару.
— Ніякіх сюрпрызаў не будзе?
— Можаш не сумнявацца,— адказваю я.— Для мяне заўтрашні матч, можа, самы адказны ў жыцці.
Ён задумаўся, потым сказаў, што ён задаволены маім настроем і разуменнем таго, што адбываецца, сказаў, што яшчэ ўчора, у час нашай размовы, яму здалося, што я цалкам не ўсведамляю апошнія падзеі ў маім жыцці.
— Амаль усё ўсведамляю, — адказаў я.— Толькі не разумею, хто і чаму націскае на клавішы.
— Выдумляеш, якія яшчэ клавішы?
— Ды гэта так... Вобразнае параўнанне.
Ягоны мозг імгненна пераварыў інфармацыю. Калі Фалалееў пачынае гаварыць, то незнаёмага чалавека спачатку можа і расчараваць. 3 гаворкай у яго не ўсё атрымліваецца, не балбатун, а вось мозг працуе, як электронная машына.
— Хто націскае на клавішы?! Я і сам не ведаю. Калі Вішнеўскі пайшоў, нечакана для ўсіх справы наладзіліся. Чаму? Ён што, горшы трэнер? Наадварот — мне да яго паўзці яшчэ дзесяткі гадоў. А потым нешта зламалася ў механізме. Сам не разумею што... Валімся з кожнай гульнёй, далей няма куды, і раптоўна сярод поўнай безнадзейнасці выйграём у моцнага суперніка, потым аддаём ачкі слабому.