Ніхто дабром не дасць збаўлення...
- Автор: Песецкий Сергей Михайлович
- Язык: белорусский
- Переводчик: Віктар Шукеловіч
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Ніхто дабром не дасць збаўлення...». Краткое содержание книги:
У апошнім рамане трылогіі апісваюцца падзеі 1919 года, калі з Менска сышлі германскія войскі і сталі гаспадарыць бальшавіцкія камісары. Якія змены наступілі для фраераў і блатных? Што прынеслі з сабою новыя ўлады? І чым тады выславілася Камароўка?
«Ніхто дабром не дасць збаўлення» — кніга, у якой пульсуе жыццё і віруюць жарсці. Аўтар захапляльна распавядае пра таямнічы і закрыты свет ліхадзеяў, поўны прыгодаў і авантур, небяспекі, вясёлых і трагічных неспадзяванак, а таксама моцных пачуццяў ды шчырага кахання.
Прычым ён торгнуў занадта моцна, бо аслеплены сакратар акурат падняў руку, каб працерці вочы. Ясь ледзь не ўпаў. Скочыў на ходнік. Праз імгненне быў каля машыны і ўлез у сярэдзіну. Філіп захлопнуў за ім дзверцы.
— Газу!
Аўто рванула з месца.
Ніхто з мінакоў на вуліцы не сцяміў, што адбылося. Сакратар цёр кулакамі вочы і бесперастанку крычаў:
— Трымай! Трымай! Трымай!
Але гэта не выклікала ніякай рэакцыі. Усе проста дадалі ходу і часцей пачалі перабіраць нагамі, асцерагаючыся, каб не трапіць у нейкую авантуру. Жаўнер паклаў карабін на бруку і таксама намагаўся прачысціць вочы.
Тым часам аўто выехала акружной дарогай на вуліцу Захар’еўскую. Потым павярнула на Даўгабродскую. І прыпынілася ў зацішным месцы. Ясь высеў і пачухаў дадому, каб пераадзецца. Грошы пакінуў у машыне. Філіп Лысы мокрай анучай старанна ачысціў ад гразі нумар і кабіну, на якой зноў выступілі чырвоныя зоркі і надпіс: «Камендантура».
Паехалі на вуліцу Вясёлую. Па дарозе Філіп Лысы адамкнуў чамаданчык і пераклаў грошы ў тэчку. Чамадан абкруціў пакавальнай папераю і перавязаў шнурком.
Машыну вярнулі ў гараж. Ажур і Філіп Лысы пайшлі ў гатэль «Наварасійскі». Ажур жыў там і далей.
Праз гадзіну з’явіўся Ясь. Быў свежапаголены і адзеты як звычайна — сціпла, але чыста.
Грошы падзялілі на тры часткі. Кожны атрымаў сваю долю. Брызентавы чамаданчык спалілі ў печы. Жалезныя часткі, акоўку і замок Філіп Лысы выкінуў у яму драўлянай прыбіральні на падворку.
Усе сляды і магчымыя доказы нядаўняй «выдры» былі ліквідаваныя. Супольнікі разышліся. Ясь быў задаволены і здабытай гатоўкаю, і сваім дзёрзкім чынам, здзейсненым разам са зладзейскімі тузамі.
Барана, заўсёды ўраўнаважанага, спакойнага, нібы нават млявага, які заўсёды ўмеў стрымліваць, хаваць і маскаваць свае пачуцці і думкі, у той дзень ажно скаланула ад нечаканасці: яго выклікалі з камеры на калідор. Там чакаў турэмны фельчар.
— Баран?
— Так.
— Аляксандр?!
— Так.
— Прашу прайсці са мной!
«Чаго яшчэ хоча гэты мудазвон?»
Яны пакрочылі ў канцылярыю, якая знаходзілася ў крыле недалёка ад турэмнай брамы. Там у малым пакойчыку месціўся імправізаваны на скорую руку лекарскі кабінет. Фельчар звярнуўся да вязня:
— Што табе баліць?
— Нічога.
— А страўнік ніколі не балеў?
— Часам трахан баліць.
Барану засвітала ў галаве, што незвычайная фельчарава цікавасць да ягонага здароўя можа мець нейкую важную падаплёку. Ён дадаў:
— А часам дык так моцна, што нельга вытрываць.
— А як з рэўматызмам?
— Жыць не дае. Ногі гэтак выкручвае. Бывае, цэлымі тыднямі з ложка не сходжу.
Фельчар дастаў тэрмометр, патрос яго, усунуў вязню пад паху і пачаў нешта парадкаваць у шуфлядзе. Баран выцягнуў тэрмометр і, не зводзячы вачэй з фельчара, абхапіў адзін яго канец пальцамі і пачаў як дуж церці шкло аб порткі, каб нагрэць прыладу. Глянуў на шкалу. Слупок ртуці паказваў 41. Разагрэў замоцна, таму пстрычкамі пачаў збіваць ртуць уніз. Сагнаў да 39 градусаў з рыскамі. Яшчэ зашмат. Баран хацеў, каб прылада паказвала невялікую гарачку. Максімум 37,5. Але фельчар устаў з-за стала. Баран маланкава ўсунуў тэрмометр пад паху. Фельчар праверыў паказанні на шкале і буркнуў сабе пад носам:
— Пакажы язык!
Потым паклаў далонь на лбе пацыента і сказаў:
— Сёння цябе перавядуць у шпіталь.
Баран вярнуўся ў камеру. Ён зразумеў, што хлопцы з вольнасці спрабуюць яго вызваліць з кічы. Не ўяўляў, як і якімі шляхамі яны дзейнічаюць, але быў у іх упэўнены. Пасля абеду яго адправілі ў турму на Грушаўскую. Там былі дзве камеры для хворых. Адна для заразных, другая для ўсіх астатніх. Хворых абслугоўвалі вязні з кароткімі тэрмінамі. Лячыў ці, хутчэй, толькі абследаваў хворых той самы фельчар.
Камеры былі малыя — на чатыры ложкі. Заразны аддзел быў пусты. У іншай камеры ляжаў вязень, які падчас працы на кухні абварыў сабе кіпнем твар і рукі. Паслугач быў толькі адзін. І нават ён, уласна кажучы, нічога асаблівага не меў да работы. Толькі прыносіў хворым ежу з кухні жаночай турмы.
Шпіталь, калі яго можна было так назваць, днём быў адкрыты, і хворыя маглі выходзіць на надворак: па ваду да студні або ў прыбіральню.
Увесь гэты стары, занядбаны будынак быў абгароджаны невысокім драўляным плотам. Над ім вісела некалькі радоў калючага дроту, расцягнутага між жалезнымі слупамі. Падворак пільнаваў узброены наглядчык. У браме стаяў яшчэ адзін вартаўнік. Там у маленькім флігелі знаходзілася канцылярыя жаночай турмы.