Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]
- Автор: Короткевич Владимир Семенович
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваім. Кніга І. Выйсце крыніц [на беларускай мове]». Краткое содержание книги:
Першая кніга распавядае нам пра «выйсце крыніц» якія выліліся ў раку гневу і змаганьня за незалежнасьць Беларусі. Нягледзячы на літаратурнасьць раману, адчуваецца натуральнасьць падзеяў. Кожны бачыць, як памірае стары сьветапогляд яшчэ з часоў перад падзеламі Рэчы Паспалітай, і нараджаецца новае пакаленьне, якому суджана пакласьці галаву для будучыні Беларусі. «Грушы накнавана абрынуцца ў Дняпро», але і «крыніцы нязьменна спалучацца ў імклівую раку».
Уладзімер Караткевіч доўга падыходзіў да раману, і цалкам верагодна, што меў задуму на працяг, але нягледзяячы ні на што менавіта «Каласы пад сярпом тваім» сталі сапраўднай вяршыняй творчасьці беларускага пісьменьніка і паэта, які заўчасна пакінуў гэты сьвет, каб назаўсёды злучыцца з роднай беларускай зямлёй.
Яго грубыя рукі дасталі аднекуль жменю шараватай з прозеленню вязкай масы і пачалі раскладаць па ране. Корчак адчуў прыемны халадок.
— Падзякуй свайму богу: тры тыдні не пяклі… Лета, праснакамі абыходзімся, — сказала Марта. — Гэта плесня, што ў дзежцы на рошчыне вырастае, калі не пякуць хлеба.
— Ведаю, — сказаў Корчак. — Здымеш, a ніжэй добрая.
— Ну вось, — сказала Марта. — Калі ёсць божая воля — ачуняеш.
Пах рошчыны вярнуў Корчака да ўспамінаў аб хаце, аб жонцы і дзецях. Пасля ён успомніў хату і нябожчыцу матку. Матка збіралася саджаць y печ хлеб. «Хадзі сюды, сыночак», — казала яна. Ён ведаў і падыходзіў. Рукі маці былі голыя вышэй локцяў. «Нахіляйся», — казала маці. I потым яе рука з моцным плясканнем рэзка ўваходзіла ў надзьмутае грыбам цеста. Маці вырывала руку, і ён, малы хлопчык, прыпадаў носам да ямкі ў цесце, a адтуль — толькі на імгненне — шыбала кіслым і рэзкім, аж y вочы калола і ў галаве круцілася, неймаверна сытым і добрым духам. I гэта быў самы прыемны пах, дамавіты, як печ, як родная хата, і лепшы за кожны водар на зямлі — не нанюхаўся б і за ўсё жыццё. Таму што гэта быў — хлеб…
З прыемнымі дрыжыкамі (гэта адыходзіў боль) Корчак падумаў, што цяпер ён, пэўна, можа і не памерці…
…Таму што гэта быў хлеб, a ён верыў хлебу. У хлеб можна было верыць. У хлеб трэба было верыць. Ад хлеба жыццё і ад хлеба адужанне. Ад хлеба не можа не быць адужання. Ён нясе чалавека, і чалавек жыве дзеля яго, памагае яму стаць хлебам, a той за гэта дае чалавеку частку самога сябе. I ў гэтым хлеб вышэй за чалавека, бо чалавек аддае яму ўсяго сябе.
I гэта за хлеб лілася ў Півошчах мужыцкая кроў.
Ён, неяк адразу і да канца, зразумеў, што цяпер яму ніколі не есці хлеба, які падыходзіў y роднай дзяжы. Не есці ні ў хаце матчынай, ні ў сваёй хаце. Маці памерла, яе ніколі ўжо не ўбачыць. A ў сваёй…
— Грынь, — спытаў ён, — што ў Пiвошчах?
Паківачу стала весялей, — хлопец цікавіўся нечым, значыць, будзе жыць.
— У Півошчах зажывошчы, — сказаў ён. — Зажываюць над мужыкамі. Праўда, нікога не ўзялі, віцэ-губернатар абараніў. Таго-сяго адхвасталі за мэндлікі, ды і ўсё.
— Чаму так… абышлося?
— Кроера сам губернатар, Гамалея, пазваў y Maгілёў. Далі, відаць, прачуханa, бо вярнуўся злосны як сабака. Ягонаму фурману губернатарскі лёкай казаў за тытунцом, што на пана Канстанціна крычалі… Сам крычаў… Маўляў, з самага пачатку трэба было казаць, што згону плаціць не можаце… Злосны прыехаў Кроер… Заспяваеце вы цяпер, півошчынцы…
Паківач змоўк.
— Што пра мяне… кажуць?
— Пра цябе… Гм… Твае справы, брат, дрэнныя… Аднаму табе давядзецца расхлёбваць кашу за ўсіх. Я ж кажу, што вы не руя, a чарада. Ты збег, можа, нават забіты, цябе няма — твой і адказ. Ды і татары паказалі, што ты вілы кінуў, што з цябе пачалося… Ды і заядлы: крычаў, каб не ўцякалі.
Так, ён ведаў гэта і сам. Ён кідаў вілы, але ён не хацеў папасці. Які ж гэта спрытны мужык не пацэліць, калі захоча? Але апраўдвацца няма рацыі. Не павераць. Не захочуць паверыць. Таму што яны ніколі не нюхалі дзяжы, a значыць, y іхніх жылах цякла іншая кроў. Дзе крыві ні лыжкі, там праўды ні крышкі… Маці, калі была маладая, часам ціхутка спявала ўначы на прызбе. Месяц, такі поўны, выплываў над садам, і яна спявала:
Потым яна ўжо не спявала… I хто б яшчэ сказаў на месяц: залатая дзяжа? Тыя не маглі. Ваўкі, якія стралялі. A з ваўкамі — па-воўчы… A значыць, ніколі яму ўжо не давядзецца жыць ля сваёй дзяжы.
— Ты — не таго, — быццам апраўдваючыся, сказаў Грынь Паківач… — Ты не бойся. Ніхто не выдасць… Вылечым… Пажывеш ды і пойдзеш y скіты, на Ветку… Там збеглых многа. Стараверы не выдадуць, бо лічаць, што ўлада — ад д'ябла. Пераправяць яшчэ далей… Аж на Кержанец… Так жа яно век і цягнуцца людзі: нашы — туды, a іхнія — да нас.
Корчак маўчаў доўга.
— Не, — сказаў ён урэшце. — Я не пайду… Тут мая зямля… Мой хлеб… Я не павінен пакідаць яго.
— Глядзі, — сказаў Грынь. — Можаш і тут, пакуль не дазналіся.
Яны маўчалі. Адзін пасмоктваў распаленую люлечку. Другі ляжаў з заплюшчанымі вачыма і думаў. Раптам цемра пад яго апушчанымі веямі ўспыхнула гарачым залаціста-чырвоным святлом, і ён здагадаўся: нехта адчыніў дзверы ў імшанік. Ён усведаміў гэта, але не ўзняў павек. Усё адно ён не можа пакуль што абараніцца, і, калі гэта прыйшлі па яго, ён не будзе глядзець на іх. Хай возьмуць такога. Ён так і памрэ з заплюшчанымі вачыма.
…A Грынь павярнуўся і ўбачыў y дзвярах Міхала Кагута, a за яго спіною твары Кандрата і Андрэя. Усе глядзелі проста на распрасцёртую постаць. Толькі Міхал глядзеў змрочна, a блізнюкі — здзіўлена.