Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Жанчыны ля басейну - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Жанчыны ля басейну

Электронная книга - «Жанчыны ля басейну». Краткое содержание книги:

Буйныя кроплі не па-восеньску цёплага дажджу бухматымі падзёнкамі мільгацяць у сьвятле ліхтароў, гучна і па-верасьнёўску маркотна лапочучы па каляным лісьці. Такою вусьцішнаю парою зь ціхай радасьцю адчуеш, што сэрца становіцца бязважкім, і будзеш прагавіта ўдыхаць волкае, настоенае на паху апалай лістоты паветра. Галава будзе зьлёгку кружыцца, і ты, уцяміўшы, дыхаеш паветрам той блаславёнай ночы, міжвольна запаволіш крок, намагаючыся зноў вярнуцца ў зманлівы сьвет мінулага, куды няма вяртаньня. Праз хвілю ты пасьміхнешся і, наставіўшы каўнер балоньні, нетаропка пойдзеш пад шатамі прысадаў, а мірыяды зьнічак будуць падаць і гаснуць у чорным люстры мокрага асфальту. І падумаецца, што адна з тых зьнічак – тваё жыцьцё. Кроны старых каштанаў будуць хаваць ад дажджу, а рэдкія кроплі, якія патрапяць за каўнер, нагадаюць, што твой май даўно мінуў, што на дварэ верасень і што ўсе твае спадзяваньні і мары засталіся недзе там, далёка, за шчыльнай залонай восеньскага дажджу. (Узьлёт і падзеньне Адама Марштрупы, фрагмэнт)
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 55
Перейти на страницу:

- Поўны мужчына, а поўны мужчына!

Зразумеўшы, што гэта да яго, Адась прабег у залю.

Працавалі дзьве яшчэ даволі маладыя майстрыхі. Маладзейшая спрытна апавіла вакол Адасёвай шыі прасьцірадла, запытальна паглядзела на наведніка.

“Грёзу” зрабіце…

- Чаго, чаго табе зрабіць? – цырульніца энэргічна задыхала. – Ты, малец, гляджу, дужа разумны, дык ты лепей з жонкай разумнічай, а ў мяне вунь колькі кліентаў.

Адась увабраў голаў у плечы і паправіўся:

- Кароткая стрыжка з праборам…

Ж-жык – першая пасма ўпала на прасьціну, парушыўшы нечапаную чысьціню белай асноведзі.

- Мой жа ўчора Мішу лыжы купіў, - падала голас старэйшая, якая стрыгла пад бокс рудога наведніка, - але, кажа, атрымаеш двойку – пасяку ўсе лыжы!

- А я ўчора да Веркі на цілівізер хадзіла, - адгукнулася Адасёва, - Абадзінскага паказвалі.

- Верчын жа муж ці нармальны быў?

- Цьвярозы, і аванс да капейкі прынёс…

- Ідзі ты!

Старэйшая ўключыла машынку, гудзеньне якой выклікала зубны боль, а маладая, памацаўшы кірпаты нос, голасам, поўным роздуму, прамовіла:

- Ці прывезьлі гэта маянэз у дваццаць шосты?

Праз колькі хвілін Адась ужо ведаў, што Верчын муж п’е і што Верка хадзіла скардзіцца ўчастковаму, што ў краму меліся завезьці маянэз і што Сазоніха круціцца зь нейкім вайскоўцам.

На запытаньне майстрыхі, ці трэба асьвяжыць, Адась папрасіў зрабіць гэта адэкалёнам “Возможно…”, пасьля чаго майстрыха пачырванела і, схапіўшы флякон з надпісам “дэзынфэкцыя”, націснула гумовую грушу.

Гарэза-ветрык лашчыў стрыжаную галаву, і, напэўна, з тае прычыны галава зрабілася назвычай лёгкай, а думкі прасьветленымі і чыстымі. Вуліца Лумумбы, па якой ішоў Адась, была знаёма да драбніц. На гэтай вуліцы месьціліся гастраном, Палац культуры чыгуначнікаў, у якім, як сьведчыла афіша, сёньня чыталася лекцыя “Ці ведаеш ты закон?”, пункт прыёму шклатары і, нарэшце, кніжны шапік, дзе ён набыў аднойчы лятарэю і выйграў паэтычны зборнік “Атава”.

Адшукаўшы дом пад нумарам 25, Адась у нерашучасьці спыніўся перад абабітымі бляхай дзьвярыма. Керхануўшы ў руку, ён нясьмела пацягнуў клямку, ступіў на парог і сутыкнуўся з прысадзістым хлопцам, моцна скроенае цела якога дыхала дужасьцю і здароўем, а квадратныя сківіцы надавалі маладому твару валявыя рысы.

- Таварыш Маршрутаў? – вочы незнаёмца сьвяціліся радасьцю сустрэчы, а натрэніраваная рука ледзь не раструшчыла пальцы.

- Вы, часам, ня “клясык”? – запытаўся хлопец, калі яны ўвайшлі ў разьлеглы, спрэс застаўлены бляшанымі кубкамі пакой. Адась, не зусім разумеючы, аб чым гаворка, махнуў рукою.

- Ды які там клясык!

- Так, усе кінуліся ў вольную, не дадзім рады сабраць збольшага прыстойную сэкцыю, - уздыхнуўшы, хлопец паглыбіўся ў нетры вялізнага шыфаньера, а госьць тым часам агледзеўся. Позірк ягоны спыніўся на трох партрэтах, што віселі на сьцяне і над якімі буйнымі літарамі было пазначана, што гэта славутыя волаты. Адась падышоў бліжэй і прачытаў подпісы. З усіх трох ён чуў толькі пра Йвана Паддубнага, двое другіх – Іван Заікін ды Іван Шамякін, былі яму невядомыя.

“Напэўна, гэта і ёсьць сапраўдныя клясыкі”, - падумаў Адась, але спытаць не наважыўся.

- А вы, гляджу, ці ня ў “цяжы” выступаеце? – пачулася з шыфаньеру.

Адам пачухаў за вухам, заклапочана глянуў на трох Іванаў, што пасьміхаліся яму з партрэтаў, і адказаў неакрэсьлена:

- Пакуль што ня ведаю.

- Скідваць зьбіраецеся? Тады я вам не зайздрошчу.

Канчаткова спанталыжаны, Адась з трывогаю падумаў, ці не адразу ж давядзецца скідваць “тое” невядома што, але хлопец прабачальным тонам працягваў:

- Барцовак вашага памеру, на жаль, няма, адны “мухачыныя”. Знайшоў вось тут самыя вялікія, ды і тыя хутка разьлезуцца.

Ён працягнуў Адаму трыкатажную апранаху ды пару дзіўных чаравікаў. Новасьпечаны атлет загарнуў набытак у газэту і сьпехам разьвітаўся з прысадзістым хлопцам.

Дома Адам нацягнуў на сябе спартовае ўбраньне – мяккія скураныя чаравікі без абцасаў і штосьці падобнае да дзіцячых майтак са шлейкамі. І калі чаравікі прыйшліся як па мерцы, то майткі аказаліся задужа цесныя – сядзець у іх яшчэ можна было, а вось стаяць даводзілася прыгнуўшыся. Калі ж ён паспрабаваў выпрастацца, адзежына пагрозьліва затрашчала.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 55
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)