Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:
І трывога разрывала ягонае сэрца. І нічога ён не заўважаў. А заўважаць было што. Вёска нібы вымерла. На прыгуменні ля першай хаты дзікага выгляду чалавек трыбушыў карову з уздзьмутым жыватом, выбіраў нейкія кавалкі, і мухі віліся над ім хмараю.
На хатах нідзе не было стрэх.
Яны ішлі праз чорнае ад гора сяло. Хрыстос глядзеў у зямлю. Апосталы балбаталі пра нешта сваё. А ззаду ўсіх цягнуўся цыбаты і, аднак, невялікі ростам недалужны Іуда з грашовай скрынкаю цераз плячо.
Змрочныя вочы на худым і цёмным твары варочаліся туды і сюды.
Іудзей аніяк не мог уцяміць, у пекле ён ці на зямлі, пакуль не зразумеў:
— Голад!
Голад. Чорная гразь на дарозе. Чорныя хаты. Чорныя сады.
І ля кожнай хаты сядзелі дзеці, падобныя на старых. Безнадзейна праводзілі вачыма прахожых апосталаў.
Не прасілі. Толькі глядзелі.
І ўспомніў ён усіх кінутых і галодных, і абурыўся ў сэрцы сваім.
І, праходзячы паўз кожную чарговую хату, рабіў ён непрыкметны жэст рукою. Колькі дзяцей — столькі і жэстаў.
Дзеці непаразумела глядзелі ў кулачкі на маленькія жоўтыя сонцы. І ўсё ніжэй і ніжэй, у бяссіллі сваім, апускаў галаву Раввуні.
…Толькі за весніцамі дагнаў ён Хрыста.
— Ты што гэта такі лёгкі? — спытаў той.
Іуда зірнуў на неба і перарывіста ўздыхнуў:
— Нашаму слонімскаму рабіну — а ён, трэба вам сказаць, быў проста аж царскі дурань — кожны вечар клалі на пуза гарачую мокрую палатніну. Дык ён меў звычай казаць, калі яму дакаралі: «Мяса мірнай ахвяры ўдзячнасці належыць настаўніку з'есці ў дзень прынашэння яе; не трэба пакідаць ад яго да раніцы». У гэтым сэнсе ён ведаў Біблію і Талмуд нават лепей за мяне.
Ненарокам ён страсянуў скрынкаю, і ў ёй зазвінела самотная манета.
І тут Хрыстос, успомніўшы, што ідуць яны ўсё ж насустрач нявесце, сказаў:
— Трэба, Іуда, палатніны купіць. Ты паглядзі на ўсіх. Гэта ж хаўрус бандзюг, а не апосталы. Дзеўкі глядзяць на іх і хіхікаюць і, вочы хусткаю прыкрыўшы, глядзяць з-пад хустак.
Тады Раввуні пачырванеў, бо яго спаймалі на месцы злачынства, за растратаю агульных грошай, і сказаў:
— Купіць. На што купіць? У цябе ёсць лішнія грошы? Галоўнае, каб была галава і каб у гэтай галаве была ідэя палатніны, дзе яе дастаць, як сказаў… А хто яго сказаў?… Ну, няхай Хіва.
Ён выказаў погляды некаторых філосафаў аб тым, што толькі чалавечыя ўяўленні — рэальнасць, але не ганарыўся, таму што не ведаў, якое гэта адкрыццё.
РАЗДЗЕЛ ХХІ ХРЫСТОС І КАМЕННАЯ БАБА, АБО «ПРАРОКІ, ПРАРОКУЙЦЕ…»
…дзе, да адной шляхцянкі прышэдшы ў адным сяле, раклі ёй: «Хрыстос табе, о нявеста, з сваімі апосталамі наветае. Пра то яму ся ахвяру, а будзе збаўлена душа твая».
«Кроніка Белай Русі»
Завесілі вушы каменнем каштоўным і не слухаюць слова Божага.
«Маленне Данііла» пра жанчын
Шляхецкі хутар трохі наводшыбе ад вёскі Вераскава быў багаты. Адрыны, стайні, дрывотні, бясконцыя гумны, млын-вятрак. Вялізная дубовая хата пад тоўстай шматгадовай страхой. На адхоне да самай ракі цягнуліся, снежна бялелі на зялёнай траве палосы палатна.
Пятро, падцягваючы люльку, з павагаю глядзеў на іх.
— Шляхецкі дом, а багаты які, — сказаў Тумаш.
Трапілі ў сенцы, пакруціліся там і, урэшце адшукаўшы дзверы, грукнулі ў іх.
— Конаўкай, галубочкі, конаўкай сваёю… Макітрай, — азваўся з хаты вісклівы голас.
Увайшлі, усё ж не скарыстаўшыся з парады. Хата з вышараванымі сценамі палілася па-беламу. Вісела над ложкам багатая зброя. Сажэнная, упоперак сябе таўсцей і крамяней гаспадыня з тупым тварам — вельмі ж падобная на каменную бабу — мясіла ў дзяжы цеста.
Цеста было бялюткае, яно пішчала і вухкала пад ударамі страшных рук. Як быццам пакутавала і прасіла аб літасці.
— Белае, — сказаў Тумаш няверны.
— А побач у Хадасах людзі мруць, — дадаў Іуда.
Баба ўзняла шырокі, каменна-нерухомы твар:
— Няхай мруць. І так гэтых галадранцаў развялося. Хутка на зямлі гэтай плюнуць няма куды будзе, каб у свінню нейкую двухногую не трапіць.
Агледзела лёзных людзей:
— Трэба што? Ну!
— Хрыстос табе, о нявеста, з сваімі апосталы навятае, — з не дужа вялікай рашучасцю сказаў Братчык.
— Ідзіце-ідзіце, — буркнула яна, — Бог падасць… Які яшчэ Хрыстос?
Іліяш, ён жа Сымон Канавіт, шныпарыў цыганскімі вачыма па хаце: па налаўніках, пляшках на стале, кублах.
— Сапраўды, баба ты дурная, з неба, — сказаў ён.
Тая выцягнула рукі. Цеста злучала яе пальцы з дзяжою, цягнулася. І адначасова наліваўся, наліваўся крывёю каменны твар.
Тадэй разумеў, што справа тут можа не скончыцца дабром. Таму ён пастараўся стаць так, каб шляхцянка не бачыла яго, зрабіў два няўлоўныя рухі рукамі, нібы кідаў нешта, і застыў. За імгненне да гэтага ягоныя грудзі былі пукатыя, нібы ў жанчыны. Цяпер хітон ляжаў на іх роўна.
Баба абводзіла вачыма грубыя хітоны, круцельскія страшнаватыя морды, але не баялася. Мо па тупасці.
— Якая я табе баба? Я дваранка! Хам ты! Мужык!
Тумаш крэкнуў, нібы ў кепскім люстэрку ўбачыў сябе. Затое мытар Мацей не стрываў. Сказаў са страснай з'едлівасцю:
— Я з такіх дваран мытарам апошнія штаны здымаў. Быдла ганарлівае.
Баба адарвала руку і языкамі цеста ляснула Мацея па мордзе. Пасля чамусьці Пятра. Пасля — зноў і зноў Мацея.
— Ходзяць тут. Ходзяць тут зладзеі. — Лясь! — Ходзяць усялякія. — Лясь, лясь! — Швэндаюцца. — Лясь! — Палатніну не пакладзі — сцягнуць.
Неабдымнымі каменнымі грудзьмі яна насоўвалася на апосталаў, і тыя паволі адступалі.
— Стой, баба, — сказаў Якуб. — Табе кажуць — Хрыстос прыйшоў.
— Няхай бы і сядзеў у сваёй царкве! — крычала тая. — Няма чаго яму бадзяцца, як сабаку.
Іліяш ужо засунуў у кішэнь пляшку са стала і збіраўся юркнуць у дзверы, але тут Каток — Тадэй узняў рукі. І выгляд ягоны быў такі дзіўны і страшны, што каменная баба заміргала вачыма.
— Жэно! — магільным голасам сказаў ён. — Наракальніца! Хлеб ставіш, а хлябы ўжо гатовы ў цябе ў пешчы тваёй.
І ён лапатаю з печы выбраў два боханы. Ударыў па адным нажом — пацягнулася пара. Баба войкнула:
— Каторага ж там ніхто не саджаў…
— Ад Бога ўсё, — грозна паказаў пальцам Тадэй. — Ад яго!
Баба кульнулася ў ногі.
— Пане Божа! Даруй мне, дурніцы!
— Давай палатніну, — узяў быка за рогі Баўтрамей. — Садзі за стол. Давай яму ахвяру, будзе збаўлена душа твая.
У бабы сквапна забегалі вочы:
— А галубочкі! А я ж ведаю, што не тыя вы хадасоўскія галадранцы. Ужо вам бы я дала. Не скупая… Але мужа дома не маю. Не магу так без волі яго ўчыніці, хаця б хацела.
Якуб з тугою паглядзеў на дарэмна аддадзены хлеб.
— Вы ўжо лепей, галубкі, ідзіце далей. Па дарозе ў вёсках не спыняйцеся, таксама дохнуць. А ідзіце проста на Ўсялюб. То там, можа, у каго і муж удома будзе.
— Маеш якую палатніну або лён да пасвячэння? — спытаў Пётр.
— Пага-аненькая, — яна падала гнуткі сувой.
— То мы з сабою возьмем, — Якуб усміхнуўся. — А Хрыстос цябе будзе бласлаўляць, абы табе кудзелю хутка прала.
— Кажы другое палатно, утканае, калі маеш, — падступныя Пятровы вочы нібы чаравалі. — А мы табе будзем пасвячаць.
— Людзі мруць, — ціха сказаў Юрасю Раввуні. — А гэтая… Во каб пярун яе спаліў.
Баба з сумненнем падала Пятру таўсценную штуку палатна. Пётр узвёў вочы і зашаптаў нешта сам сабе. Ніхто не заўважыў, як ён непрыкметна выбіў у сярэдзіну сувоя жарынку са сваёй люлькі:
— На. Будзь блаславёная за дабрыню да нас.
— І да суседзяў, — з іроніяй дадаў Раввуні.
О, каб ён ведаў, што словы тыя трэба казаць не з іроніяй, а з пагрозай!
…Баба паклала палатно ў скрыню і зноў пачала ласкава насоўвацца на іх грудзьмі.
— Прабач, Пане Божа. Прабачце, Божыя госцейкі. Я ўжо і затрымаць вас не магу.
Яна выціснула іх у сенцы, а пасля на двор.
— Ані на хвіліначку не магу. Па кароўкі ў чараду бегчы трэба… Хаця якія ўжо там кароўкі. Два дзесяць нейкія разоў па сем. Вы ўжо як калі-небудзь яшчэ пойдзеце, можа, то заходзьце, заходзьце.