Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:
Альбін усміхнуўся.
— Вера са дна ўскалыхнулася. — Бекеш не помніў сябе. — Пабег за Божым хвастом. І ён яшчэ абвяшчаў піетэт толькі да розуму і вопыту. Трывала ж ты іх трымаўся! А чым ты давядзеш нават сабе, што гэта ён? Ісус?
Крыштофіч зразумеў, што спрэчка можа давесці да сваркі двух лепшых сяброў. Трэба было ратаваць становішча. Тры чалавекі на ўсю Гародню. І так іх мала паўсюль, так мала, а тут і гэтыя пасварацца!
— Мяркую, давесці сабе гэта лёгка, — цёмныя вочы ягоныя смяяліся. — І ўпэўніцца таксама лёгка. Не спатрэбіцца нават сусветны сабор. Працягні руку — і ўсё… Будзеце спрачацца ці дасцё слова мне?
Сябры прыціхлі. Абодвум было ўжо трохі сорамна сваёй гарачнасці. Абодва радаваліся, што Крыштофіч не даў ім дайсці да ўзаемных абраз. Па тоне ягоным яны здагадаліся, што ён зараз скажа нешта выключна злоснае і меткае: на гэта ён быў вялікі майстра.
— Ну? — буркнуў Бекеш.
— Наш ныня жывы папа, Леў Х, — манах гаварыў ціха, — адразу пасля выбрання адмяніў адну старажытную цырымонію. Якую, хачу я вас спытаць?
— Прылюдную праверку coram populo*, — здагадаўшыся, пырснуў Кляонік.
* Мужчынскага полу.
— Менавіта, — сказаў манах. — Мала што, а, можа, там суцэльныя дурныя язвы. А тое, што ён мужык — кожны папа давядзе, мяркую, і так. Дурная справа няхітрая.
— Не разумею, куды ты вядзеш? — злёгку ўсміхнуўся Бекеш.
— І цябе яшчэ вучылі па законах рыторыкі? Бездар! Дык вось, адна мая пасылка тая, што ў кожнага можна праверыць ягоны coram populo.
— Ён гэта ўжо і так давёў, — сказаў Бекеш, — Хрыстос гэты.
— Чакай, цяпер другое. Скажыце, ці пры кожным сваім з'яўленні месія выбірае новы воблік, ці карыстаецца старым воблікам?
— Мяркую… старым… — няўпэўнена сказаў Кляонік. — Хіба што ран няма, таму што яны — справа чалавечых рук, так, справа чалавечых рук.
— І я думаю — старым. Першавоблік Бога-сына — рэч устаноўленая і страшэнна каштоўная. Не можа ён з'явіцца ў выглядзе гарбуна, бязногага, рабога. Нездарма ж на ўсіх іконах ён збольшага падобны: каштанава-залатыя валасы, блакітныя вочы, «тварам не круглы».
— Ясна, — сказаў Кляонік. — Далей.
— Яшчэ адно пытанне. Скажыце, можа адна рэч быць адразу ў двух месцах?
— Не, — сказаў Бекеш.
— І яшчэ адно. Якую самую галоўную рэліквію прыдбаў пры сваім жыцці для Францыі Людовік святы?
Сябры стаялі аглушаныя. Знішчальны, бязлітасна лагічны ход думкі Крыштофіча пачынаў адкрывацца ім.
— Крайнюю… плоць… Хрыста, — ледзь выдушыў разьбяр.
— Так. Воблік Хрыстоў — рэч нязменная, настолькі вялікая і вечная, што Езус не дазволіць сабе вечна мяняцца, як гэты паскудны свет. Адна рэч не можа быць у двух месцах. Праўдзівасць рэліквіі Людовіка гонарам сваім зацвердзіў Рым. Значыцца?…
— Значыцца, трэба ўчыніць гэтаму круцялю праверку coram populo і заадно ўпэўніцца ў іншым, — засмяяўся Бекеш. — Наўрад ці гэта пацвердзіцца.
— Горш другое, — з'едліва і сумна сказаў Крыштофіч. — Намеснікі Хрыста лічаць, што яны вышэй за яго. Што пасуе Хрысту — не пасуе ім. Хрысту можна было не мець крайняй плоці, папе — аніяк нельга, і на гэта ёсць найстражэйшы закон. Я зусім не за тое, каб такое рабілі з усімі людзьмі, я — хрысціянін. Але, уласна кажучы, чаму? Злітуйцеся, дзе тут справядлівасць?
Змоўклі трубы. Цяжкія палавінкі брамы пачалі разыходзіцца. У натоўпе пачуліся ўздыхі.
— Так і не праверым, — прытворна ўздыхнуў Бекеш. — Зірніце, як іх Лотр праводзіць… Са слязой.
І ў гэты момант Кляонік з усмешкай сказаў:
— Слухайце, хлопцы, не можа гэтага быць, каб Лотр не хацеў быць папай… Спадзяецца, відаць?
Сябры, улавіўшы ход ягонай думкі, зарагаталі. Бекеш уявіў сабе тую карціну і, паколькі меў жывую фантазію, аж заліўся смехам.
— А добра было б, хлопцы, яму тыя спадзяванні абрэзаць.
— А што, пры выпадку, можа, і зробім, — сказаў Кляонік.
Брама выпусціла Хрыста з апосталамі. Народ кінуўся быў за імі, — варта, налягаючы на жалезныя палавіны, са страшэннымі намаганнямі зачыніла іх.
— Усё ж ненадзейна гэта, што выпусцілі, — ціха падаў голас кат. — Ім бы хадзячыя клеткі. У мяне ёсць вельмі міленькія.
— Цыц, — сказаў Басяцкі. — Не трэба ім гэтага. Увесь свет — клетка. А ўжо такой клеткі, як княства Беларуска-Літоўскае — пашукаць, дык не знойдзеш… Бывай, Пане Божа.
Дарогі, дарогі, беларускія дарогі. Дажджлівая далячынь. Дарогі. Манатонныя, пяшчотныя і журботныя, як лірны спеў. Чорныя палі. Лужыны. Курныя рэдкія хаты сярод палёў. Скураныя поршні месяць гразь.
Чатырнаццаць чалавек адны на гразкай дарозе.
Перад імі — далячынь.
РАЗДЗЕЛ ХVІІІ ЛАЗАР І СЁСТРЫ ЯГОНЫЯ
…усюды па сёлах ходзячы, дзівы, чары і гуслі якіясь справавалі, накшталт чарнакніжнікаў… Умерлых уваскрашалі… што многім людзям у вялікім здзіўленні было.
«Кроніка Белай Русі»
Быў хворы нехта Лазар, з… сяла, дзе жылі Марыя і Марфа, сястра яе.
Іаан,гл. 11, ст. 1
І хадзілі яны па зямлі беларускай і, не дужа выказваючы сябе, глядзелі, што робіцца на ёй. І Хрыстос шукаў і не мог знайсці, і ўсё больш верыў, што адзіная ў свеце жанчына падступна кінула яго. І дайшло да таго, што стаў ён казаць, што не кахае яе, а хоча адшукаць і адпомсціць. А Іуда не верыў гэтаму, бо кожны час бачыў вочы Хрыстовы.
Магдаліна то ішла, а то і ехала на муле. Не забывала з кожнага мястэчка галубоў адпускаць. А апосталы ад нудзьгі патроху сварыліся. Каток, напрыклад, даводзіў Шалфейчыку, што Тадэй — апостал вышэй за Якуба, а той на гэта рэзонна заўважаў, што гэта нават толькі зірнуўшы, і то ясна, хто вышэй. Ён, Якуб, дыяканам быў, а тыя амаль спрэс рослыя. А Тадэй — скамарох бяскосты, смаржок. Пасля чаго дужа пашкадаваў Тадэй, што ў яго хадуляў няма, бо йначай гэткаму бамбізе і ў морду не плюнеш…
І засумавалі яны.
Але блізкі ўжо быў час, калі зноў давялося ім давесці здольнасць сваю тварыць дзівы.
Прыйшлі яны ў гарачы вечар у весь Збланы, што ля Нёмана, і ўбачылі, што ляжыць пасярэдзіне вуліцы і перакачваецца ў пыле з боку на бок багата апрануты чалавек. І селянін і нібыта не селянін. А над ім квокчуць дзве бабы: старэйшая і маладзейшая. І клічуць яны яго: «Лазар! Лазар!», а той толькі: «Жад-даю пам-міраць. Адкасніцеся!»
— Лазар! Гэта ж я, Марта! А Божачка мой! А ці ён набраўся, як жаба гразі, ці гэта ён памірае? Марылька, падтрымай ты яго, ліханька наша горкае, апошняе.
— І памру, — сказаў Лазар і ляснуўся ў пыл.
І кінулася тады Марта да прышлых людзей і пачала лямантаваць:
— Ратуйцелюдзідобрыятамуштопамёрбратнаш Лазарзгорадавярнуўшыся — ізасталісямыўдзвюхзсястроюсіротыняшчасныяінеабароніцьнасніхто!
А Хрыстос заціснуў далонямі вушы. І ўбачыў малодшую, дзіўнага смаку вясковую кабету. І ўсміхнуўся.
— Лазар, брат наш, памірае, — сказала яна. — А ты хто?
— Я? Я Хрыстос, — і ён схіліўся і прыўзняў галаву таго, хто ляжаў. — Лазар… Паўстань, Лазар…
Лазар, пачуўшы тое, расплюшчыў вочы. Плыло над ім чорнае сонца, а ўбаку, над акаёмам, весела скакаў цёмна-барвяны серпік месіка.
— Сонца ператворыцца ў цемру і месяц у кроў, — шапянуў ён.
— Лазар, гэта я, Хрыстос.
— Хрыстос? Пане Божа, у рукі твае аддаю дух мой.
А потым узніклі перад ім два Хрыстосы… Пасля яшчэ два… Сорак… А за імі — незлічоная колькасць апосталаў.
— Легіёны Гасподні, — сказаў ён, і ўпала ягоная галава.
Тады Марыля, сястра Лазара, пачала гаротна плакаць і стагнаць, а Марта, ломячы рукі, залямантавала:
— Аказаліўцарквенексмерціхваробатаяалекславебожайхайпраславіццапразяесынбожы-ы-ы… Восьбачышпанебожакабтыбыўтутнепамёрбыбратмой.
— Не памёр, але спіць… Дзе тут бліжэйшая крыніца.
— Там, пане мой! — і Марыля паказала ім у яр, зарослы хмызнякамі.
— Добра, — сказаў Братчык. — Ану, Іакаў, Піліп, Багдан, бярыце яго за белы рукі, нясіце за мной.
А крыніца тая была дзівосная. Пясчаная, узятая ў зруб, уся пад крутым схілам.
Падала ў яе вада танюткім, чыстым, як шкло, струменьчыкам з трубачкі балігалова, устаўленай проста ў жарало.