Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Каменнае сэрца
Каменнае сэрца - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Каменнае сэрца

Электронная книга - «Каменнае сэрца». Краткое содержание книги:

Кніга «Каменнае сэрца» — зборнік эсэ палітычнага вязьня Паўла Севярынца, напісаных за апошнія дваццаць гадоў. Кароткія гісторыі зь беларускай няволі — «сутак», «хіміі», турмаў — паказваюць сёньняшнюю Беларусь знутры. Жыцьцё ва ўмовах рэжыму як яно ёсьць. Кніга «Лісты зь лесу», фрагменты зь якой вы зможаце прачытаць тут, была прызнаная штотыднёвікам «Наша Ніва» найлешпай беларускай кнігай 2007 года, а «Беларуская глыбіня» (тут разьмешчаныя выбраныя главы) — стала лаўрэатам прэміі імя Францішка Аляхновіча. «Каменнае сэрца» зьмяшчае таксама і шэраг тэкстаў Паўла Севярынца, якія яшчэ не публікаваліся.
1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 88
Перейти на страницу:

Толькі ў глыбокіх беларускіх лясах ды балотах магчыма было ўтапіць такую аграмаду зла.

Памятаю: мне чатырнаццаць, за вакном бела-бела, сьветла-сьветла ад сьнегу, сьвежа-сьвежа, і навіна: СССР больш няма. Беларусь.

Маленькі, утульненькі паляўнічы дамок. Крышталёвыя кілішкі. Сьветлы, сьвежы бел-чырвона-белы сьцяжок. Упалявалі-такі зьвера!

Векавечны напеў, далячыняў смуга

У чаканьні зары, што заблішча сьляпушча...

Як свая мне твая векавая туга,

Белавежская пушча,

Белавежская пушча!

А такое ж хараство, асабліва ў сьнежні!

Ох, як сёньня хочацца ім, чыё імя легіён, каб ані Белавежскай пушчы, ані таго сьнежаньскага дня не

было ніколі! Саюзная дзяржава... Мытны саюз... Еўразійская эканамічная прастора... Еўразійскі саюз. І агукаецца: Віскулі, Віскулі, Віскулі!

Зноў імперыя? Ласкава запрашаем у Белавежскую пушчу.

З часоў Вавілонскай вежы чалавецтва будуе каласальныя імперыі, а Госпад іх разбурае. Сьветла, ціха і лёгка. СССР, найвялікшая ў гісторыі бязбожная імперыя, была разбураная ў Беларусі гэтак жа, як і калісьці Егіпецкая, Асірыйская ці Рымская: надыходзіць час — і з подыхам духу спаруды людской пыхі рассыпаюцца ў прах.

Чалавечая веліч вечна пнецца адгарадзіцца ад свабоды, любові і праўды бетоннымі сьценамі, бункерамі, грудамі зброі і горамі трупаў. Але на зямлі ёсьць месца, дзе ў туманнай смузе, цудам, быццам прывіды, зьнікаюць цені і сьцены, змрок і страх, лютасьць і самое зло — і, як тады, у Гадарынскай краіне на беразе Галілейскага мора, людзі раптам спыняюцца перад пранізьлівым адчуваньнем: тут Бог.

11 сьнежня 2011 г.

XII. УСЬМЕШКА ВАСЬКОВІЧА

Бывала, усьміхнуся ім —

яны ня вераць,

і сьвятла твару майго

яны не азмрочвалі.

Ёў 29:24

Яўгена Васьковіча ведаюць усе бабулькі ў раёне. «Наш Жэня!» Калі сябры БХД паўтара года таму абыходзілі бабруйскія вуліцы Мінскую ды Кастрычніцкую, мне самому стала цікава, чаму 21-гадовы беларускамоўны актывіст-пачатковец карыстаецца такой папулярнасьцю сярод «электарату». Аказалася — элементарна: Яўген пры сустрэчы заўсёды ўсьміхаецца і вітаецца нават зь незнаёмымі — шырока, адкрыта і, галоўнае, шчыра.

Усьмешлівы Яўген працаваў сабе журналістам у «Бабруйскім кур’еры», як хадэцкі народны дэпутат зьбіраў подпісы за добраўпарадкаваньне свайго раёна — і аднойчы быў жорстка зьбіты мясцовай міліцыяй падчас хакейнага матчу ў падтрыбунным памяшканьні лядовага палаца за тое, што ўзьняў бел-чырвона-белы сьцяг.

Калі мяне ў Мінску вызвалялі ў зале суда для «хіміі», даведаўся, што Яўгена Васьковіча судзяць за напад на бабруйскую ўправу КДБ.

У ноч з 16 на 17 кастрычніка 2010-га бабруйскія хлопцы ўтрох закідалі будынак раённага аддзела КДБ бутэлькамі з запальнай сумесьсю. Афіцыйна страты склалі 253 тысячы беларускіх рублёў, але абвінавачваньне заявіла: раз хацелі спаліць усё — лічым за шкоду кошт усёй канторы, 2 мільярды.

Доўга ня мог уцяміць, як юны, абаяльны, усьмешлівы каталік шпурляе «кактэйль Молатава» разам з анархістамі. Дастаць яно, канечне, дастала — але трэба разумець, што такі ўчынак раўнавартасны стрэлу «Аўроры». Гэта вайна, у тым ліку і з самім сабой.

У судзе Яўген Васьковіч трымаўся героем, пакаліноўску. Бел-чырвона-белая майка. Распраўленыя плечы. І, канечне, усьмешка.

«Маёй мэтай было запалохаць КДБ. Аб тым, што зрабіў, не шкадую. Я ліцьвін, і мой сьвяты абавязак — абараняць беларускія нацыянальныя каштоўнасьці. За іх я памерці гатовы, бо жыцьцё кароткае, а Радзіма вечная. Жыве Беларусь!»

Сем гадоў узмоцненага рэжыму.

Адвакат, які ўпершыню наведваў Васьковіча ў турме, быў у шоку ад бадзёрага настрою схуднелага Яўгена. «Думаў, бравіруе, — прызнаўся ён пасьля, — а потым гляджу, ён так жыве».

У адказ на пяць маіх дасланых лістоў дайшоў адзін. Затое які! «Усьміхаюся ўсім — і вязьням, і канваірам. І яны пачынаюць усьміхацца ў адказ». Радкі проста праменяць. А напрыканцы — лаціна: «З Богам да ўсяго гатовы». Першае, за што Васьковіч атрымаў карцар, — адмова аддаць канваірам Біблію.

Пішу Яўгену, што мы пераможам бяз гвалту — так, як гэта рабілі нашы продкі, суседзі, еўрапейцы, так, урэшце, як гэта зрабіў Ісус. Васьковічу даходзіць мой канверт, а ўсярэдзіне — чысты аркуш з надпісам: «Перапіска зь Севярынцам забароненая».

1 ... 45 46 47 48 49 50 51 52 53 ... 88
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)