Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]
- Автор: Карпюк Аляксей
- Год: 1985
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Сучасны канфлікт [Аповесць, франтавы дзённік, не зусім гродзенскія гісторыі]». Краткое содержание книги:
8.
У магазіне стаю ў чарге за нейкай неахайна апранутай старой. Нечакана яна паварочваецца ды крычыць:
— Іра, ты-ы?!
— Добры дзень, Сара Майсееўна! Прабачце, што не пазнала адразу!
— А мяне цяпер не лёгка пазнаць, так я ўся змардавалася, дайшла, ой!
Сара Майсееўна ў сярэдняй школе вучыла мяне хіміі. Цяпер я сама настаўніца са стажам, але не пазбылася да былога педагога рэфлекса школьніцы, і калі спатыкаю яе на вуліцы, то — хочаце верце, хочаце не — баюся, што гэты чалавек мяне вось-вось выкліча адказваць нелюбімы прадмет.
Настаўніца вельмі радуецца, што ёсць да каго загаварыць, і выбухае:
— Ой, ты ведаеш, у майго мужа захварэлі ныркі! А адна зусім не працуе! I я ўсё так блізка ўспрымаю да сэрца, і таму я так апусцілася!
I праўда — некалі «хімічка» была нам прыкладам ахайнасці ды акуратнасці. Цяпер Сара Майсееўна расхіляе замусолены плашч, паказвае пад ім амаль голае цела.
— I яшчэ ў мяне такое няшчасце з сынам!
— Што з ім, Сара Майссеўна?
— Шалапутны!
— А-а...
— Што ты — «а-а»?! Ты паслухай!
— Я слухаю, Сара Майсееўна!
— Не дай бог, калі такі шалапутны! I ў яго двое дзяцей! I яны ўсе на маёй шыі!
— То здайце іх у яслі!
— Ведаеш, я была запісана ў гарана на яслі. Але гарком вырашыў, што гэтая чарга ўстарэлая, завялі новую. А мне цяпер па грамадскай лініі столькі даводзіцца дэманстраваць доследаў па атэізму ўсюды, што я зрабілася работніцай гаркома! I ты ведаеш, няма дыетычнага сыру! О-ой, я працую на такой адказнай рабоце, і ў мяне так задурана галава, што калі б апісаць гэта ўсё па парадку, то атрымаўся б добры раман! Але не маю таленту! Талент — бы грошы, як сказаў Шолам-Алейхем, калі яны ёсць, то ёсць, а калі пяма, то — няма! I я ўсё збіраюся прыйсці да твайго мужа, каб расказаць! Калі ён ужо да цябе вернецца?
— Праз шэсць месяцаў.
— Але прыязджае на канікулы?
— Прыязджае...
— То накажы, калі з'явіцца!
Завошта яе некалі так паважала і любіла? Ці мо старасць гэтак нішчыць людзей, жыццёвыя нягоды? Бо-ожа, няўжо калісьці і я такой буду?!
— Добра, Сара Майсееўна, накажу.
— Толькі — абавязкова, чуеш?
— Чую...
З некаторага часу ў мяне стала менш сяброў. Калі пра Косцю загаварылі газеты, многія пачалі на мяне глядзець так, быт-та першы раз убачылі. Тыя ж, што мяне апякалі, сталі нават падлізвацца. Іншыя адпіхнулі ад сябе ноткамі зайздрасці, пытаннямі пра ганарары мужа. З'явіліся вось і такія, што паперліся са сваімі гісторыямі, каб Косця абяссмерціў іх, напісаў раман. Ён іх зроду не пісаў: ні раманаў, ні аповесцей, ні апавяданняў, ні вершаў, ні паэм,— піша навукова-папулярныя матэрыялы, але ж хіба кожнаму вытлумачыш, хіба зразумее цябе, напрыклад, гэтая замуленая жыццём Сара Майсееўна? Яна сябе ўгаварыла, ёй хочацца, каб так было, яна ўжо ў гэта глыбока верыць, і годзе!
Вяртаюся з магазіна і не знаходжу сабе месца. Хоць бы Косця быў, усё ж такі без яго я кісну! Уздумала позна мяняць пасаду, усе «гадзіны» паміж настаўнікамі былі падзелены ўжо, поўную стаўку абяцаюць толькі ў новым навучальным годзе.
Наогул работа педагога — не дырэктарская, а тут яшчэ ў мяне ўсяго пяць гадзін у тыдзепь, часу — хоць адбаўляй! Куды яго дзяваць? Ад непрызвычаення — сумна. Перасоўвала два дні мэблю па кватэры, расстаўляла яе паводле схем у часопісах. «Выціскала» з Марынкі музыку. Вучыла, чаму толькі магла, Віцю. Наводзіла з цёткай Марусяй дома парадак. А далей?
Жыць стала невыносна.
Нездарма, кажуць, ад гультайства людзі вешаюцца.
Замест таго каб сілы ўсе аддаць аднаму класу, якія дзяліла некалі паміж чатырох, я бытта наогул перастала любіць сваю работу ды пачала з нецярпеннем чакаць на ўроках званка. Раніцой адпраўляю дзяцей у школу, тады кладуся ў ложак, ляжу сабе да гадзіны дванаццатай, а ў галаву лезе нейкая брыда. Не хачу спаць, не хачу есці, не бяру ў рукі кніжкі — нічога не хачу. Усё чагосьці нібы чакаю, чакаю, чакаю, і мне некага хочацца пабачыць. Веры для мяне ўжо мала. Пятра? Мінула ўжо мо з два-тры тыдні, як яго не сустракала і нічога пра яго не чула.
Няма чаго хітраваць, бачыць хачу менавіта яго. Вычытала ў газеце, што сярод замежных турыстаў злавілі шпіёнаў, і ўстрывожылася — мо з ім што здарылася дрэннае, мо яго забілі?! Сярод іх ёсць монстры, недабітыя фашысты, яны ездзяць да нас, напэўна, з бруднай мэтай і не спыняцца ні перад чым — сама бачыла на выстаўцы ў РДК нажы і фінкі, а на фота — фальшывыя фізіяноміі шпіёнаў: доўга такому пырнуць чым-небудзь вострым нашага чалавека ці падсыпаць атруту?