Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Зьвяз Пярсьцёнка
1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 207
Перейти на страницу:

– Цап! Воўк! Ікал! А ну, хлопцы!

Сэм з Фрода зьнерухомелі на месцы, але Піпін зрабіў колькі крокаў наперад. Брама адчынілася, і тры велізарныя сабакі выскачылі на прысады й панесьліся да вандроўнікаў зь лютым брэхам. На Піпіна ўвагі не зьвярнулі. Сэм прыціснуўся да сьцяны, два надзвычай падобныя да ваўкоў сабакі абнюхвалі яго, пабрэхваючы, калі толькі спрабаваў варухнуцца. Найбольшы зь іх, дый, відаць, найлюцейшы, стаў перад Фрода пагрозьліва рыкаючы.

З-за брамы зьявіўся каржакаваты шыракаплечы хобіт з круглым чырвоным тварам.

– Гэй! Хто такія, чаго вам трэба?

– Добры вечар, спадару Блазьне! – адказаў Піпін.

Хобіт прыгледзеўся:

– Ну, а ці ж гэта не спадарыку Піпіне? – тады ўсклікнуў: – Пане Перыгрын Хват, вось як!

I суворасьць на ягоным твары зьмянілася ўсьмешкаю.

– Даўнютка ж я вас ня бачыў тутака. Добра, што пазнаў, а тое ўжо й сабак спусьціў, быццам на валацугаў. Сёньня ўжо, ведаеце, прышвэндаўся адзін. Вядома ж, каго толькі сюды трасца ня носіць. Бо да ракі рукою падаць, – казаў ён, сумна хітаючы галавою. – Але ж той, што прыперся сёньня, – я такую дзівоту ўжыцьці ня бачыў. Я такім аніколі й нагою на маю зямлю стаць не дазволю.

– Хто ж гэта такі? – спытаў Піпін.

– А вы яго ці ж ня бачылі? Ён ось толькі й зьехаў, якраз прысадамі да гасьцінцу. Дзіўная набрыдзь, і пытаньні ягоныя таксама. Але ж мо завіталі б да мяне ў хату, тады й пагаманілі б спакайней. У мяне там піўка троху ёсьць пачаставацца, калі вашаць і сябры вашэцевы ня супраць, спадарыку Хваце.

Падавалася, што гаспадар сядзібы распавядзе болей, калі дазволіць яму гутарыць па-свойму, у хаце ды за пачастункам, таму вандроўнікі запрашэньне прынялі.

– А як з сабакамі? – спытаў Фрода баязьліва.

Гаспадар засьмяяўся:

– Калі не загадаю, дык яны не крануць. Цап! Ікал! Сюды, гэй! Гэй, Воўк!

На вялікую палёгку Фрода з Сэмам, сабакі адышлі ад іх.

Піпін пазнаёміў сяброў з Блазнам.

– Вось, гэта спадар Фрода Торбінс. Можа, вы яго й ня памятаеце, але ён жыў калісьці ў Прырэчнай сядзібе.

Пачуўшы імя Торбінс, гаспадар раптам зірнуў на Фрода зь зьдзіўленьнем. На імгненьне Фрода падумаў, што той узгадаў скрадзеныя грыбы й вось зараз спусьціць сабак. Аднак Блазан толькі ўхапіў яго за руку.

– Ну, ці ж гэта не дзівосьней за ўсё? – усклікнуў ён. – Спадар Торбінс! Трэба ж! Ну, заходзьце, заходзьце! Трэ паразмаўляць!

Увайшлі ў хату, на кухню, ды прыселі каля вялікага агменю. Спадарыня Блазнава прынесла піва ў велізарным гарлачы ды напоўніла зь яго чатыры ладныя куфлі. Яно было надзвычай файнае, Піпін адразу забыўся, што не патрапіць у "Залаты шасток". Сэм жа пацягваў пітво асьцярожна. Ён з маленства не давяраў жыхарам гэтай часткі Шыру, дый увогуле не сьпяшаўся сябраваць з тымі, хто зьбіваў яго гаспадара, хай сабе й гады таму.

Пасьля нядоўгай размовы пра надвор'е ды пэрспэктывы на ўраджай (відавочна, ня горшыя як зазвычай) спадар Блазан адставіў свой куфаль і запытальна зірнуў на гасьцей.

– Так, спадарыку Перыгрыне, адкуль жа ваша ідзе й куды кіруецца? Да мяне ў госьці? Тады чаму ж ля брамы прайшоў і папросту не завітаў?

– Не зусім у госьці, калі шчыра, – адказаў Піпін. – Вы ўжо й здагадаліся, мусіць, што мы падышлі да прысадаў зь іншага боку – праз вашыя палі. Але ж гэта цалкам выпадкова. Мы згубіліся ў лесе паблізу Лясной сядзібы, спрабуючы выйсьці напрасткі да пераправы.

– Калі сьпяшаліся, лепей ішлі б па дарозе. Але ж мяне ня гэта турбуе. Вашці я дазваляю хадзіць праз маю зямлю, калі пажадаеш, спадару Перыгрыне. I вашці таксама, спадар Торбінс, хоць ваша, пэўна, і цяпер да грыбкоў ласы, га? – Блазан рагатнуў. – Так, памятаю, памятаю. Колісь малады Фрода Торбінс быў ці не найгоршы пралаза ва ўсім Прыбыччы. Адылі я цяпер не пра грыбы думаў, пачуўшы імя вашці. Мяне пра вашу спыталі во перад тым, то бок як спадар зьявіўся. Пра каго ж, як мяркуеш, распытваў гэны чужынец?

Хобіты ўстрывожана чакалі, што ж Блазан будзе распавядаць далей.

– Так, – сказаў той, дабраўшыся, нарэшце, да самага цікавага, павольна й зь відочным задавальненьнем, – ён зьявіўся верхам на здаравенным чорным кані, пад'ехаў да саменькай брамы. Як бо тая была адчыненая, дык ён проста да маіх дзьвярэй. Сам чорны ўвесь, у плашчы, з каптуром насунутым, быццам ня хоча, каб твар бачылі. Я сам сабе мяркую: "Што ж яму тутака, у Шыры, трэба?" Даўгалыгі народ зрэдку тут пабачыш, дый я ўвогуле пра гэтакіх чорных аніколі ня чуў. Выйшаў да яго, кажу: "Дабрыдзень вам. Дарога гэтая анікуды не вядзе. Куды б вы ні скіроўваліся, прасьцей будзе да гасьцінцу вярнуцца". Не даспадобы мне ягоны выгляд быў, а калі Цап выскачыў, дык толькі разок нюхнуў – і як завішчыць, нібыта ўджалены. Хвост паміж лапаў – і шугануў прэч з выцьцём. А той чорны сядзіць як сядзеў. Кажа мне павольна так, хрыпата: "Я адтуль" – і паказвае пальцам на захад – праз мае палі, о табе! Пытае: "Ці бачыў Торбінса?" – голасам сваім нягеглым, і хіліцца да мяне. Твару я ня згледзеў, то ж бо каптур нізка насунуты, але ў мяне кузуркі па сьпіне пабеглі. Адылі ж узяло мяне за жывое: якое такое права ён мае праз маю зямлю разьяжджаць? "Едзьце сабе сваёю дарогаю, – кажу яму. – Няма тут аніякіх Торбінсаў, яны ў іншым падзеле жывуць. Едзьце на захад, у Хобіцак, ды па гасьцінцы, калі ласка". А той шэпча: "Яго там няма. Ён недалёка. Я хачу бачыць яго. Калі пойдзе побач, паведаміш мне? Золата прывязу". Адказваю: "Не, не прывязеш. Таму што вось зараз жа зваліш, адкуль зьявіўся, умомант. Даю табе хвілю – тады спускаю сабак". Ён зашыпеў – можа, сьмяяўся гэтак, а можа, і не. І прама на мяне рушыў каніскам сваім, я ледзь адскочыў! Паклікаў сабак, а ён разьвярнуўся ды прыпусьціў прысадамі да гасьцінцу, толькі й бачылі яго. Ну, што пра гэта думаеце?

1 ... 43 44 45 46 47 48 49 50 51 ... 207
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)