Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Культурология » Архіпелаг Беларусь
Архіпелаг Беларусь - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Архіпелаг Беларусь

Электронная книга - «Архіпелаг Беларусь». Краткое содержание книги:

Кнігу складаюць дыялогі, фрагменты гутарак, дыскусій ды палемік, у якіх аўтар прымаў удзел пачынаючы з 1994 г. У кнізе пяць раздзелаў, матэрыялы згрупаваны па тэмах, а не па датах, калі адбыліся размовы. І таму, калі ў адным інтэрв'ю былі пытанні пра літаратуру, пра філасофію, пра палітыку, пра Беларусь, пра штосьці яшчэ, дык у кнізе яны разнесеныя па розных раздзелах. Першапачаткова выдавецтва хацела назваць кнігу Гутаркі з Акудовічам, але сам аўтар выказаў нязгоду, бо палічыў такую назву нясціплай. «Працуючы над укладаннем кнігі, я заўважыў, што цяпер маю іншае вока, іншы стыль мыслення, пагатоў, што ўсё прамаўлялася не ў часы Савецкага саюзу, а цяпер, калі ўсё змяняецца ўвесь час, не кажучы ўжо пра маю асобу. Нейкія моманты, якія трапна гучалі ў час прамаўлення, сёння не выглядаюць такімі трапнымі, але ў кнізе змешчаныя не цэлыя інтэрвію, а найбольш важныя фрагменты.» - зазначае Валянцін Акудовіч. Кніга разлічаная на тых, хто ўласнаруч будуе Беларусь.
1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 84
Перейти на страницу:

Міхась Скобла: Чаму ў беларускай школе забараняюць вывучаць літаратуру беларускай эміграцыі?

— Калі я не памыляюся, дык адказ тут досыць просты. У плане адукацыі дзяржаўная ідэалогія незалежнай Беларусі ўсё яшчэ застаецца цалкам савецкай. А для савецкай ідэалогіі кожны эмігрант быў куды большым ворагам, чым хоць які чужынец, паколькі эмігрант ужо адно сваёй наяўнасцю адмаўляў усе каштоўнасці савецкага ладу, з якімі не меў ахвоты ні жыць, ні паміраць. Да таго ж эмігранцкі пісьменнік, лічы, заўсёды быў палымяна заангажаваны ў нацыянальную ідэю. А для савецкай улады, хоць фармальна яна і дэкларавала нацыянальную талеранцыю, кожны чалавек, адданы сваёй этнічнай бацькаўшчыне, таксама быў смяротным ворагам. Між іншым, камуністы цалкам слушна ненавідзелі і баяліся нашых людзей у замежжы. Бо ўся беларуская эміграцыя марыла не толькі аб краху камунізму, але і пра незалежную беларускую Беларусь. Вось чаму для сучасных савецка-беларускіх ідэолагаў лягчэй змірыцца з серыйным маньякам у школьных калідорах, чым з вершамі Ларысы Геніюш на ўроках літаратуры.

Міхась Скобла: За савецкім часам беларусы не маглі свабодна выказвацца, а эмігранты жылі ў вольным ад палітычнай цэнзуры свеце. Ці напоўніцу скарысталася літаратура беларускай эміграцыі гэтай свабодай?

— Натуральна, на Захадзе магчымасцяў для свабоды выказвання было непараўнальна болей, чым у Краіне Саветаў — асабліва ў фармаце мастацкай творчасці. Але беларускай эміграцыі гэтая свабода, як выявілася, была цалкам непатрэбная. Страціўшы за камуністамі бацькаўшчыну, яна ўвесь патэнцыял свайго вольнамыслення ўклала ў антыкамунізм. А паколькі Захад тады таксама змагаўся з камунізмам, як са сваім галоўным ворагам, дык нашыя суайчыннікі ўсяго толькі дадаліся да майнстрыма змагання з «імерыяй зла». Інакш кажучы, адчайны антыкамунізм, спароджаны «тугой па радзіме», зняволіў іх можа яшчэ нават і мацней, чым палітычная цэнзура савецкага пісьменніка, навязаная таму звонку.

Таццяна Палякова: Існуе думка: усё беларускае мастацтва да самага апошняга часу было мастацтвам супраціву каланіяльным, камуністычным ці дэспатычным практыкам. А калі гэта сапраўды так, дык ці не прыводзіць падобная тэндэнцыя да спрошчвання мастацкай формы, пазбаўляючы яе філасофскай і псіхалагічнай глыбіні?

— Я з вамі згодны: сітуацыя супраціву, якая паўстае з прагі нацыянальна завершанай і дзяржаўна незалежнай Беларусі, і спрошчвае, і зніжае, і абмяжоўвае прыгожае пісьменства. Я схільны нават радыкалізаваць прыхаваную ў вашым запытанні тэзу. З майго гледзішча, нацынальная ідэя — гэта пятля на шыі беларускай літаратуры. Адсюль, перафразуючы Юліуса Фучыка, уся беларуская літаратура — гэта рэпартаж з пятлёй на шыі. Але нават усведамляючы ўвесь негатыў свайго становішча, беларускі літаратар не зможа выйсці з сітуацыі супраціву да той пары, пакуль гэтая праблематыка не будзе не тым, дык іншым чынам развязаная.

Сяргей Дубавец: 12 лютага 1974 года расійскі пісьменнік, лаўрэат Нобелеўскай прэміі Аляксандр Салжаніцын піша свой зварот да сучаснікаў пад назвай «Жыць без ілжы». Нельга зменшыць ролю гэтага эмацыйнага закліку, які ў часы глыбокага застою перадаваўся з рук у рукі і падбухторваў людзей на супрацьстаянне таталітарнаму ладу.

Што да Беларусі, дык у нас артыкул Аляксандра Салжаніцына водгуку не меў, прынамсі, у хроніцы дэмакратычнай апазіцыі такіх звестак няма. Рэч у тым, што дысідэнцкія з’явы ў тагачаснай Беларусі мелі, бадай, выключна нацыянальна-дэмакратычны характар. Гаворка ішла пра адраджэнне культуры, а не пра змену палітычнага рэжыму… Сёння мы перачытваем зварот Аляксандра Салжаніцына «Жыць без ілжы» ўпершыню па-беларуску. Услухаемся ў яго і дамо магчымасць аўтару ды ягоным суайчыннікам услухацца ў нас.

— Тэкст варты, каб над ім задумацца, але не толькі ў тых аспектах, што нам прапанаваў Аляксандр Салжаніцын. І найбольш нецікавы з іх той, што вынікае з яго сённяшняга перакладу на беларускую мову, а менавіта: актуальны ці неактуальны ён для беларускай цяпершчыны? Відавочна, сёння на Беларусі казань «Жыць без ілжы» амаль гэтаксама актуальная, як і для савецкага чалавека ў пару «брэжнеўскага застою». Бо перад кожным з беларусаў зноў паўстала праблема: гаварыць ці не гаварыць праўду, маўчаць ці не маўчаць. Ці хаця б маўчаць няпраўду… Але мяне гэтая прамова турбуе зусім іншым.

1 ... 42 43 44 45 46 47 48 49 50 ... 84
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)