Хрыстос прызямліўся ў Гародні
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Язык: белорусский
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Хрыстос прызямліўся ў Гародні». Краткое содержание книги:
— До гэтай камедыі, — сказаў Лотр. — Рым занепакоіцца. А нам што? Не атрымалася — атрымаецца ў другі раз.
І раптам славуты Рыгор Гародзенскі, моцна, відаць, п'яны, пачаў бурчаць і лаяцца:
— Ну, добра, брыдкія вы ерэтыкі… Няхай… Але блюзнерыць нашто, садаміты вы… Не толькі немаўлят манастырскіх — ісціну вы хаваеце, адаміты, што галізною сваёю багабрыдкай выхваляюцца.
— Чаго ты? — спытаў Камар.
— А што? Брахала самазванцу гэтая ваша Магдаліна, блюзнерка, дачка сатаны і папскай палюбоўніцы. Стане Бог пасля гэтага дробнага махляра з той дзеўкай спаць? І які яшчэ там магнат?
— А чаму? — спытаў раптам сябра Лайёлы. — Хіба Пан Бог не самы ўплывовы і моцны магнат на беларускай зямлі? І хіба манастыры не ягоныя замкі? І хіба манашкі не Божыя нявесты? Усё правільна.
— А хіба Бог не здолее адрозніць дзеўку ад маладзіцы? — выбухнуў Балвановіч. — Хіба нябесны муж — дурань?!
— А вы што, іншай думкі? — прыжмурыўся дамініканец.
Ён захінуўся ў плашч. Коні зніклі ўначы.
Увесь мокры, ён сядзеў ля кіліма і сціскаў у руцэ кубак. Цяпер ён сапраўды быў цяжка, да змрокавага стану, п'яны. Магдаліна абдымала яго, церлася шчакою аб ягоную шчаку, абвівала валасамі яго шыю — ён быў безудзельны. Патлы валасоў падалі, мокрыя, на лоб, і пад імі трапяталі да шаленства пашыраныя зрэнкі.
А галасы раўлі і раўлі старую шкалярскую песню. І яна грымела і вырывалася з пакояў у ноч, пад маланкі.
* Будзем піць, як папа!
І яловай актавай бурчаў Якуб Алфееў меншы, бамбіза з асалавелымі вачыма.
Дурныя… Во дурныя
Багі тады былі!
Слухаючы гэта, Братчык нібы ад сэрца адрываў словы:
— Піце, хлопцы. Застаемся тут.
Раввуні стаяў над ім.
— Плюнь, Юрась.
— Хрыстос, — змрочна папраўляў ён. — Ідзі ты з суцяшэннямі, Іуда… Давай ламаць кумедзь. Усё адно.
Іуда развёў рукамі і раптам сарваўся:
— Не, вы паглядзіце на гэтага дурня! Раней я думаў, што большага дурня, чым слонімскі рабін, не стварыў мудры Бог. Але цяпер бачу, што нам з імі пашанцавала ўсё ж болей, чым беларусам з табою… Ша!… Прашу цябе… Бяры коней, грошы, нас…
— Ты мне д-друг?
— Я табе друг. А ты мне?
— І я табе друг.
— Тады пойдзем. Не сёння заўтра здарыцца жах. Гора мне, маці мая! Так распусціцца… П'яная свіння! Юрась!… Хрыстос!… Божа мой! Ліхаманка табе ў галаву! Кінь гэтыя глупствы! На прэнг захацеў? Уцячом…
— Усё адно. Вернемся, Іуда. Няма любві на свеце. Дарэмна распяўся Бог. Падман адзін. Усё адно. Піце. Гуляйце. Застанемся да смерці ў гэтым дзярме.
Хрыстовы вочы п'яна і страшна заблішчалі. Ён грукнуў кулаком:
— Застанемся. І гор-ра ўсім. Звяжам! Скруцім! Усё княства, усю Б-беларусь і ўсю Карону… Разнясём магнацкія камяніцы! Усіх д-да-станем-м! І з жонкамі хлуслівымі!
— Мілы! Даражэнечкі! Можа б, ты пабляваў? Га? Паблюй. І потым ціха-ціха пойдзем, і няхай яны тут задавяцца са сваім Панам Богам і сваёй верай. І няхай у іх будзе столькі вошай у галовах, колькі было пакрыўджаных імі ад дзён Выйсця і да нашых дзён. Няхай будзе ў іх столькі вошай і не будзе рук, каб пачухацца.
— Д-душыць мяне… Цісне, — вочы Хрыстовы пацьмянелі, абвіслі рукі.
У яго рэзка змяніўся настрой: на месцы Машэкі сядзеў цяпер Іерамія.
— Прарокі прарокуюць хлусню, і свяшчэннікі вывяргаюць брахню, і народ мой любіць гэта. Ну, што ты будзеш рабіць пасля… гэтага? Як сказаў… яшчэ… Іерамія.
— Пхе, — суцяшаў Раввуні. — Ну, наплюй ты на іх. Ды яны ж усе сволачы. Гэты добранькі, разумненькі Басяцкі, і гэтая свіння Камар, і тая трэфная курыца Балвановіч. А Лотр? Уй, не кажыце мне пра Лотра.
Магдаліна ўбачыла, што Юрась досыць п'яны, каб паверыць у другую частку маны, і яшчэ не досыць п'яны, каб забыць канчаткова тое, што яна сказала раней.
У пакоі было зусім пуста. Апосталы зніклі. На дыване не засталося аніякай ежы. Хоць бы крышачку пакінулі.
— Ідзі, Іуда, — сказала яна. — Ты толькі шкодзіш. Ты разумееш? Ідзі. І вазьмі з сабой дзяўчыну.
— Я разумею. — Іуда трохі хістаўся. — І праўда, так будзе лепей. Не кідай яго.
— Я яго не кіну.
— Не кідай! Падары яму цеплыні! — маліў за друга Іуда. — Іначай мне будзе сорамна маёй.
— Ідзі, — мякка сказала яна. — Не саромейся. Яму будзе не горш.
Раввуні ўзняў дзяўчыну, і тая прыціснулася да яго, і так яны выйшлі. Магдаліна ўстала, замкнула за імі дзверы і вярнулася да Юрася, які мармытаў нешта, седзячы, ці то ў сне, ці то ў прастрацыі.
— Езус, — ціха сказала яна. — Пойдзем адсюль. У палі.
— Усё адно… Няма сумленных жонак… Няма праўды… Здрада… П-піце, гул-ляйце!
— Ціха! А ты ведаеш, што я не веру гэтым плёткам? Што гэта няпраўда?
Яна паўтарыла гэта яшчэ пару разоў і раптам убачыла амаль свядомыя вочы. Гэта было так нечакана, што сэрца ледзь не спынілася ў яе грудзях.
— Не верыш? — Хрыстос паматляў галавою.
— Амаль не веру. Ходзяць і другія чуткі. Толькі я не хацела гаварыць пры іншых… У мечніка нібыта ёсць моцныя ворагі, і ці то сам ён, распусціўшы чуткі аб шлюбе, вывез дачку, ці то самі гэтыя ворагі выкралі яе.
— Што ж праўда? — зноў на вачах п'янеючы, спытаў ён.
— Я не ведаю. Можа быць і тое і тое. Могуць быць хлусамі і мужчыны, і жанчыны.
— Хто ворагі?
— Як быццам нейкі царкоўнік.
— Ты мяне забіваеш. Што ж гэта такое?!
— Я кажу, можа быць усё. Але хіба табе самому не трэба адшукаць, упэўніцца, ведаць праўду, ведаць нешта адно?
— Трэба.
— Ну вось. І таму пойдзем з горада. Заўтра ж.
— Пойдзем… Заўтра ж.
— Я пайду з табою. Я не кіну цябе. А зараз кладзіся… Я лягу з табою.
Яна прыцягнула з кута адну шкуру і амаль зваліла на яе п'янага. Пасля разула яго і накрыла другой шкурай ягоныя ногі.
— Не думай… Кінь думаць зараз… Я лягу з табой. Я не кіну цябе.
— Ляж, — ціха сказаў ён. — Так будзе лепей. «Таксама, калі ляжаць двое, то цёпла ім; а аднаму — як сагрэцца?» — сказаў… Эклезіяст… Я чытаў… Я стараўся зразумець… Не так будзе далёка ад людзей уначы… Я не крану цябе… Проста мне… Проста я, здаецца… страшэнна п'яны… І мне… Ты не смейся… Мне сапраўды страшна.
«Страшна. Як малому, — падумала яна. — А што? І праўда, страшна».
Ён заснуў, ледзь дакрануўшыся галавою да падушкі. Спаў, па-дзіцячы прымасціўшыся галавою на кулак. Аблічча ў сне было прыгожае і спакойнае.
Яна адшукала чысты кубак, наліла ў яго віна і павольна, з асалодаю выпіла. Цяпер было можна. На сёння яна зрабіла сваю справу.
Потым яна наліла яшчэ кубак і паставіла ля шкуры. Можа, яму давядзецца даць уначы, калі пачне хапацца за сэрца і стагнаць… Напіўся, дурань.
«Нібы п'янаму гаспадару», — падумала яна і ўсміхнулася. Думка на хвіліну дала ёй нават нейкую радасць і гонар. І яна здзівілася гэтаму.
Пасля яна скінула сукню і забралася пад шкуру побач з ім. Дзьмухнула на апошнюю свечку. Наваліўся змрок.
За акном урэшце лінуў дождж. Спорны, часты, густы. У акно і дзверы павеяла прахалодным і прыемным. І ён у сне нібы адчуў гэта і яе цеплыню побач, працягнуў руку і паклаў ёй на грудзі.
Што ён сніў?
Яна ляжала на спіне, адчувала цяжар і цеплыню ягонай рукі на сваіх грудзях, і гэта было добра, і — дзіва — зусім нязвыкла.
Гэты мужчына не імкнуўся да яе. Нават цяпер. І гэта было шкада і адначасова добра.
Апошнія думкі блукалі ў яе галаве:
«Спаў, як дзіця… І ўвогуле, дзіця па думках і помыслах… Усяму паверыў. На табе: пойдзем заўтра… Пойдзем шукаць каханне. Толькі і ў галаве гэта ёй… Як пакутаваў!… Шчанюк… А харошы шчанюк… У многім лепшы, чым тыя… Шкада, што давядзецца яго забіць».
РАЗДЗЕЛ ХVІІ ВЫЙСЦЕ Ў ЮДОЛЬ СЛЁЗ
…Шлі… там прэрачоны Хрыстос з сваімі апосталамі, дзе іх яшчэ знана.
«Кроніка Белай Русі» Мацея Стрыкоўскага
Дантэ
Не пад покрывам цемры выходзілі яны з горада, а ўдзень. Але іх таксама шукалі забіць — няхай сабе і не сягоння.