Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Пяты этап - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Пяты этап

Электронная книга - «Пяты этап». Краткое содержание книги:

Раман Пяты этап – першы твор Сяргея Пясэцкага. Напісаны ў 1934 г., рукапіс не прапусціла турэмная цэнзура, таму кніга выйшла ў свет ужо пасля з'яўлення Каханка…. Раман апавядае не столькі пра вядомае ўжо нам жыццё перамытнікаў на ракаўска-стаўпецкім памежжы, колькі пра шпіёнска-дыверсійныя калізіі, жыва і вобразна ўзноўленыя аўтарам, чыя маладосць прайшла пад бел-чырвона-белым штандарам у беларускіх партызанскіх атрадах зялёнадубаўцаў.
1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 59
Перейти на страницу:

— Спі, цялё! — прамовіў ціха Забава. — Малака ты не любіш, крыві і самагонкі няма.

Калі раніцай чэкіст прачнуўся, Забава прыкінуўся сонным. А калі той апрануўся і сышоў без развітання, Забава таксама падняўся, узяў з сабой з адрыны дакументы і вымыўся. Пасля сняданку развітаўся са Скальскімі, абяцаючы прыехаць калісьці на даўжэй, і падаўся на вакзал.

Неўзабаве ехаў у кірунку Оршы. Драмаў. З глыбіні вагона даносілася песенька:

Што я знала? Пас ды прас, І была я сцерваю. А цяпер я сярод вас, Сёстры міласэрныя!

З другога канца вагона хтосьці крыкнуў:

— Гэй, ты, заткні хайло! Калі голасу не маеш, не дзярыся, як старыя споднікі!

Сапраўды, голас спявак меў агідны. Змоўк, як аблізаны, і больш не азываўся.

* * *

У той час, калі Забава на магілёўскай кватэры Скальскіх вёў гутарку з намеснікам каменданта губчэка, на вакзале ў Менску чэкісты арыштавалі двух суб’ектаў з падазронымі дакументамі. Адзін заявіў, што прыбыў сюды з Польшчы, хочучы прабрацца да сваякоў у Маскве. Другі — Антон Кралевіч — паказаў, што родам з Вільні і што нядаўна ад безвыходнасці здзейсніў у эсплуататараў крадзёж 200 000 марак і, каб пазбегнуць адказнасці, збег у Саветы, дзе намерваецца сумленна жыць і працаваць. Кралевіча адканваірвалі ў губчэка, у распараджэнне судовага следчага, Стафана Нядбальскага. Другога арыштаванага накіравалі ў Маскву, на Лубянку.

ДЗЁННІК РАМАНА ЗАБАВЫ Менск, 7 кастрычніка 1922 г.

Другі дзень я ў Брагіных. Дакараю сябе, што дарэмна тут сяджу, але мне неахвота вырушваць у зваротны шлях. А ўсё — Лізка... Пры ёй я як п’яны — твар б’е на плямы. Хочацца, калі гляджу на яе, скрыгатаць зубамі. схапіць яе на рукі, лашчыць, ціскаць, цалаваць... Часта ў яе прысутнасці не магу сабрацца з думкамі і бываю такім няўважлівым, што гэта насцярожвае іншых.

Заўчора, прыехаўшы ў Менск, падаўся з вакзала пехатою да кватэры Брагіных. Пайшоў галоўнымі вуліцамі і праз сквер «Каляровы бульвар». Крочыў цэнтральнай алеяй, што перасякала сквер наўскос. Раптам на выхадах са сквера заўважыў нейкі незвычайны рух. Калі наблізіўся да аднаго з выйсцяў, убачыў ланцуг чырвонаармейцаў і чэкістаў, які атачаў сквер, правяраючы дакументы. Наўзбоч пагрозліва вуркатаў грузавы аўтамабіль, гатовы прымаць ахвяры. Была гэта чарговая аблава ЧК. У куце сквера тоўпіўся дзесятак арыштаваных людзей, аточаных салдатамі са зброяй.

Я наблізіўся да выхаду і нядбайна ды абыякава паказаў — як прыкмеціў раней у вайскоўцаў і ўпэўненых у сабе людзей — «отпускной билет». Чэкіст зірнуў у пасведчанне і сказаў:

— Калі ласка, таварыш.

Я пакрочыў далей. Заўважыў, што «буйную рыбу» цяжка падлавіць на благіх пасведчаннях, хіба што бракароба. Хутчэй будуць благія або недасканалыя дакументы ў лаяльнага грамадзяніна, чым у шпіёна, аферыста ці прафесійнага злачынцы.

У Брагіных я заспеў Озімава, сакратара губвыканкама. Зосі ў хаце не было. Озімаў заляцаўся да Лізкі, седзячы за сталом каля яе. Я сеў насупраць Брагіна. Неўзабаве мы пачалі гуляць у прэферанс. Калі прыйшла Зося, прывітаў яе з удаванай радасцю. Заўважыў, што Лізка здзіўлена зірнула на мяне.

У прэферанс мы гулялі ўчатырох: Озімаў, Кобзаў, Брагін і я. Ліза і Зося назіралі за гульнёй. Жонка Брагіна, Марыля Іванаўна, нешта шыла пры малым століку. Я быў узбуджаны прысутнасцю Лізкі і знуджаны гульнёй у карты, якую не любіў, таму рабіў такія памылкі, што ўсе звярталі на гэта ўвагу. Для мяне пройгрыш анічога не значыў, бо гулялі на драбніцу. Некалькі разоў купляў карты «ўцёмную» і часта пападаўся, але меў такое шчасце, што больш чым без адной узяткі не заставаўся.

Тут жа пры маім крэсле сядзела Зося і падказвала мне хады, але я не звяртаў на гэта ўвагі і гуляў па-свойму. Озімаву прыйшла, відаць, добрая карта, бо калі я «ўцёмную» дайшоў да чырвенных сямёрак, ён сказаў са злосцю:

— Упартаму не штука гуляць, але трэба выйграць!

— Выйграю! — адказаў, гледзячы ў вочы Лізкі.

Яна ўсміхнулася да мяне залётна.

— Восем пікі, — сказаў Озімаў урачыста.

— Восем чырва, — у той самы момант адказаў я.

— Пас-с-с! — са злосцю кінуў Озімаў.

Я адкрыў карты і выйграў. Задаволены, весела засмяяўся. Лізка біла ў ладкі. Озімаў пачырванеў ад злосці і фанабэрліва працадзіў:

— Трэба мець паняцце тактыкі гульні! — зірнуў на Лізку, паказваючы пальцам угару і дадаў павучальным тонам: — Гэта так як на вайне!

— Слушна! — адказаў я. — Але трэба таксама ўмець рызыкаваць, бо часам мужнасць больш значыць, чым тактыка. А баязліўцам аніякая тактыка не дапаможа!

1 ... 40 41 42 43 44 45 46 47 48 ... 59
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)