Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 147
Перейти на страницу:

У дзвярах з'явіўся чалавек невысокага росту ў цывільным, каротка стрыжаны. Шатэністыя валасы ўжо моцна сівелі. Усмешка была па-дзіцячы хітраватая, твар лісіны, але ў нечым прыемны. Такі, напэўна, быў ва Ўленшпігеля. Насцярожвалі толькі вочы: то смяюцца, а то прамільгне ў іх нешта пранізліва-ўважнае, быццам пытае цябе да дна. То шэрыя прамяністыя, а то шэра-ледзяныя вочы.

— Чы тутай ест пан пробашч?

І тут загучала чысцейшая — у тэатры Купалы пашукаць — беларуская мова:

— Так. Чым магу быць карысным грамадзяніну-у…?

— Косміч Антон.

— Леанард Жыховіч. Дык што прывяло вас у гэты гожы, але забыты куток роднай старонкі?

— Ойча…

— Які я вам «ойча»? Я быў і ёсць заходнебеларускі, просты хлопец. Прынамсі, для вас, а не для касцельных дэвотак.

У двух словах я, не адкрываючы сваёй мэты, сказаў, што прыехаў даследаваць замак, і паказаў дакументы.

— Гм. Добра, хаця дакументы ёсць, — на маё здзіўленне, ён узяў іх і ўважліва разгледзеў. — А то за апошні час чагосьці дужа многія зацікавіліся гэтым няшчасным замкам… якога, магчыма, скора зусім не будзе.

— Чаму?

— Даб'юць людзі, калі не дабіў час.

— А што?

— Збіраюцца бурыць кавалак мура. Будуць рабіць двор для быдла.

— Гм. Нават калі двор для быдла, — Жыховіч няўхвальна пакасіўся на мяне, але ўбачыў, што я ўсміхаюся, — то што, брамы няма?

— Ёсьць. Вузкая. А на выпадак пажару, прабачце, правілы пажарнай бяспекі прадугледжваюць два ўваходы. А касцёл глянуць не хочаце?

— За тым і прыйшоў.

Зайшлі. Ксёндз прысагнуў калена. Я, вядома, не.

Продкі не кленчылі. Проста заходзілі, думалі, колькі ім трэба, і зноў выходзілі да жыцця.

Вялізная пячора касцёла была тое, што завецца «змрок, напоены святлом». У нефах паўцемра. Пад скляпеннямі, на алтарнай частцы, на калонах — радаснае і ўзнёслае святло. На роспісах, разьбленні, шматлікіх фігурах.

Не маю тут змогі апісаць усё багацце старажытных абразоў. Некаторыя з XІV стагоддзя. Не магу апісаць і запісаў, якія зіхацелі цёмнай і светлай барвай, жоўтым і глыбока-сінім. Нельга апісаць і цудоўнай, старой дыспрапорцыі фігур алтара. Пра гэта нельга.

Калі мы ўлезлі да аргана, які матава свяціўся чорным, залатым, крыху ржавым і прыглушанай зеленню, ксёндз раптам сказаў мне:

— Гэта яшчэ што? А вось калі з карніза глядзець — галава закружыцца ад прыгажосці.

Карніз апаясваў знутры, з трох бакоў, увесь храм, вісеў на вышыні метраў васемнаццаці, меў лёгкі схіл уніз і шырыню сантыметраў семдзесят.

— Хадзем, — і Леанард Жыховіч лёгка пералез цераз балюстраду хораў, пайшоў, як па дарозе, па гэтым кашмары.

— Не дрэйф! — сказаў я сабе і літаральна адарваў руку ад балюстрады. А пасля ўжо было ўсё адно. Я глянуў уніз, убачыў фігуркі людзей, з мезены палец, і фотаапарат адчувальна пацягнуў мяне ўніз. Ксёндз ішоў наперадзе і даваў талковыя, выразныя і ўразумляльныя тлумачэнні. Ён, здавалася, зусім не думаў, што іншы можа ісці па гэтым мосце ў пекла зусім не як па дарозе:

— Бачыце, волхвы! Які каларыт!.. А маці божая — гэта ж цуд! Якая прыгажосць! Галава кружыцца!

У мяне сапраўды кружылася галава ад «гэт-кай прыгажосці»! Я стараўся толькі ліхаманкава не чапляцца за мур, ды гэта і не ўдалося б, бо ён плаўна пераходзіў у паўкола скляпення.

Калі я ўрэшце вылез зноў на хоры і зірнуў на маленькіх, бы ў перакулены бінокль, людзей унізе, я адчуў, што яшчэ хвіліна і я стану мокры, як мыш.

— Ну як? — трыумфальна спытаў Жыховіч.

— Цудоўна! — сказаў я. — Wunderbar. І часта гэта вы так «развлекаетесь»?

— А што? — нявінна сказаў ён. — Голуб часам заляціць, б'ецца — нельга ж, каб разбілася божая істота. Ідзеш адчыняць акно.

— Нельга, каб разбілася божая істота, гэта верна, — сказаў я, глянуўшы ўніз.

Калі спусціліся ўніз, у сонечную паўцемру, мяне ўсё яшчэ нібы пагойдвала. Калісьці, падлеткам, я зусім не баяўся вышыні, мог сядзець на даху пяціпавярховага дома, звесіўшы ўніз ногі. Але «да яснай халеры», як кажуць палякі, ногі ў трыццацівасьмігадовага зусім не такія, як у васемнаццацігадовага.

— Што вас яшчэ цікавіць? — спытаў ксёндз.

— Вітаўт Хвёдаравіч Альшанскі.

— Той?

— Той. Што то быў за чалавек?

— Слуп веры. Шмат што для яе зрабіў. У прыватнасці, гэты касцёл.

— Словам…

— Словам, ледзь не блажэнны.

— Beatus?

— Beatus.

— А што то за легенда пра ягоную жонку?

— А, і вы чулі? Змова Валюжыніча і ўцёкі?

— Легенда шырокавядомая.

— Што ж, няўдзячная жанчына. Як многія з іх. Нездарма яе біскуп Геранім з Кладна папракаў. Уцяклі, скарб пабраўшы. Суддзя Станкевіч (а вы ведаеце, тады суддзя почасту быў і следчы), сярэдневяковы беларускі Холмс (а ён быў чалавек для тых часоў гуманны, катаванні, рэч тады звычайную, прымяніў толькі два разы ў жыцці), пагоню спыніў, а тады і сам магнат пакаяўся, што быў у гневе.

1 ... 39 40 41 42 43 44 45 46 47 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)