Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Чорны замак Альшанскі
Чорны замак Альшанскі - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Чорны замак Альшанскі

Электронная книга - «Чорны замак Альшанскі». Краткое содержание книги:

«Чорны замак Альшанскі» — адзін з апошніх раманаў беларускага класіка гістарычнай літаратуры. Уладзімір Караткевіч у адметнай форме спрабуе прывабіць чытача таямніцамі і легендамі, якімі поўніцца беларуская зямля. У рамане чарговы раз спалучаецца мінуўшчына з сёньняшнім днём, дэтэктыў з гістарычнай асновай прадстаўляе нам захапляльную і цікавую гісторыю нашага народу.
1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 147
Перейти на страницу:

«Рэстаран» быў сучасны, без копій Хруцкага на сценах (бедны мастак!), але затое з роспісамі, на якіх плылі розныя «царэўны-лебедзі» і «лады» (дзеўкамі б ім старымі застацца ці замуж далёка выйсці, ды каб ім бог сем дачок даў). І страшэнна не гарманіравала з гэтым мэбля: шафкі для посуду, сталы, крэслы і цяжкая старая стойка. І тут ужо зараз было хмельна і моцна накурана.

Афіцыянтка ў белым венчыку прынесла мне ўсё і прытулілася да падаконня непадалёк ад мяне. Я еў і слухаў «гвар».

— Нічога, алкаголікаў лечаць.

— Пазычыў ёй грошы. Ніхто ў гэта не паверыць, але гэта так.

— П'яныя, як гарылы, былі.

— Глупства зрабіў. Пачаў бараніцца ад міліцыі. А гэтага рабіць не след. З уладаю не звязвайся, — павучаў нейчы станоўчы голас. — Проста пайдзі дарогаю. Прэч.

Біфштэкс быў з гумы са сталёвым каркасам. Але, як казаў калісьці камісар нашага атрада: «Вычарпай усе сілы пры выкананні задання, мабілізуйся — а зрабі».

Я — мабілізаваўся.

Тым часам аркестр, відаць па заказу, раўнуў апрацаванае ў сучасным суперджазавым духу папуры з беларускіх песень. І гэта было ўжо занадта. Два смаркачы з кудламі, за суседнім столікам, падпявалі і рыдалі адзін аднаму ў камізэлькі.

Афіцыянтка прыкрыла ружовай далонькай рот, хаваючы пазяханне.

— Гэта што ў вас, заўсёды такая гнюсь? — спытаў я.

— Амаль заўсёды, — сумна сказала яна. — Акрамя позняй ночы і выхадных. У вялікія рэстараны перасталі хадзіць.

— Угм, — сказаў я. — Перасталі. Тут дырэктар і аб'явы дае, і ўсё бегае па ўстановах, і арганізоўвае калектыўныя наведванні: «Напіцеся ў нашым рэстаране». Ніхто не напіваецца.

— Тады дырэктара лаюць, — сказала яна. — Моцна.

Упершыню за апошнія дні я засмяяўся.

…Аўтобус адыходзіў каля сямі. Заставалася нешта з гадзіну да захаду. Поўны аўтобус людзей, якіх так рэдка сустракаеш у Менску. Бурым зімовым загарам загарэлыя твары, хатулі, галава качкі, што тырчыць з кошыка. Я сеў на задняе сядзенне: кідае, але затое вышэй за ўсіх і ўсіх можна аглядаць — і паляцеў насустрач мяккім, ружовым ужо ад нізкага сонца ўзгоркам, у лясы, якія свяціліся добрым светла-аранжавым агнём, і слухаў музыку мовы, і піў, і не мог напіцца.

Божа, такую размову з такой лаянкай можна пачуць ва ўсім свеце — ад Аляскі да Аўстраліі — толькі ў беларускіх аўтобусах і на нашых рынках, асабліва на Магілеўскім, Рагачоўскім, ну і яшчэ крыху на Слуцкім. Можна было калісь і на Камароўцы, але там цяпер саромеюцца цывілізацыі і міліцыянераў. Кажуць, праўда, нешта пра адэскі «Прывоз», але я бываў там і скажу: не тое, не тое.

Чым яны прыкрашалі сваю мову, гэтага я з павагі да вас не выкажу. Але аўтобус гаманіў і не крыўдаваў ні на кога.

— У яго ў родным доме заўсёды карчма.

— Ну гэта лепей, чым карчма была б яму заўсёды родным домам.

Хлопцы з гарадскімі валізкамі. Апусцілі акно і крычаць дзеду, які выходзіць на вуліцу з глухога, у цямнеючых шатах дрэў, вясковага кветніка:

— Гэй, дзядзька, сядзіце ў хаце, не выходзьце на вуліцу, а то вас тралейбус задавіць.

— Або метро.

— Гы-гы-гы, — і падымаюць акно.

— Ну гэта ты ўжо занадта. Захлусіўся. Нерэальная і таму дурная фантазія. Адкуль у такой Занюханцы метро?

Рагочуць. Едуць дадому, насустрач святу. А я еду насустрач сутонню. І я расчулены, і нават слёзы просяцца на вочы.

— А ты, хлопча, часам не быў у Навінках?

— Не быў.

— Ну то трапіш.

— Разам пойдзем.

І ўмешваецца нейкі зусім сабе інтэлігент:

— А гэта яго лупнулі меднай каструляй па галаве. То ён з таго часу калі-нікалі загаворваецца… на тэму аб медных рудніках на Балхашы.

— А ён, відаць, у Булак-Балаховіча калісьці служыў. Коням хвасты круціў. І таму дасюль баіцца званкоў у дзверы.

Цемра бегла насустрач, падскоквала і ападала наперадзе плахта святла, аўтобус засынаў, а я сядзеў і слаба ўсміхаўся чамусьці.

…Да Альшан, маленечкага мястэчка, я дабраўся гадзін у дзесяць з нечым вечара. Можна было разгледзець толькі агні ў вокнах, цьмяныя мётлы голых яшчэ дрэваў, ды пляму святла ля клуба, ды натоўп ля яго, пераважна з моладзі — вясёлай, бесклапотнай.

— Дзе тут можна начлег знайсці? І каб бліжэй да замка.

— Ай, дзядзечка, — пляснула рукамі нейкае дзяўчо. — То гэта вам Альшанка трэба. Гэта прыгарад. (Яна так і сказала: «прыгарад», і я ледзь не пырснуў са смеху.) І кіламетра не будзе. Унь туды, і ўсё про-оста, про-оста.

Я чартыхнуўся. Памылка. І не першая. Памылкі нават у працах па гісторыі. Чорт бы іх пабраў! Свайго не ведаць. Усё адно як славутая Мала-Мажэйкаўская царква, шэдэўр наш, на самай справе стаіць у вёсцы Мураванае. І невядома, хто першы яе назваў Мала-Мажэйкаўскай. А сотні ёлупаў паўтарылі за ім, не ўдасужыўшыся нават пабываць на месцы. Працаўнікі мастацтвазнаўства, мастакі, гісторыкі, архітэктары. Работнічкі.

1 ... 37 38 39 40 41 42 43 44 45 ... 147
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)