Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Фэнтези » Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля

Электронная книга - «Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля». Краткое содержание книги:

Уладар Пярсьцёнкаў: Вяртаньне караля
1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 150
Перейти на страницу:

Браму зачынілі. Усю ноч вартавыя на мурах чулі гоман ворагаў, якія кішэлі навокал, выпальваючы палі й сады, секучы кожнага знойдзенага чалавека – жывога ці памерлага. Колькі войска пераправілася праз раку, у цемры было не разабраць, але, калі раніца, ці змрочны яе прывід, пракралася над роўнядзьдзю, убачылі: нават начныя страхі не перабольшылі іх лік. Роўнядзь пачарнела ад шыхтоў, і на колькі хапала зроку ў падхмарнай імгле, паўсюль вакол гораду на палёх вырасьлі, што ліхое цьвільлё, чорныя ці змрочна-барвовыя намёты.

Оркі варушыліся, бы мурашы, бясконца капаючы, капаючы доўгія шэрагі глыбокіх прорыняў якраз па-за стрэлам з лука. Выкапаныя равы напаўнялі полымем, як тое полымя запальвалі ці падтрымлівалі, майстэрствам якім ці ліхім вядзьмарствам, аніхто не зразумеў. Працавалі оркі ўвесь дзень, а людзі толькі пазіралі зьверху, ня здольныя перашкодзіць. Як толькі прорынь дараблялі й запальвалі, да яе пад'яжджалі вялізныя вазы, і неўзабаве яшчэ большыя натоўпы ворагаў спрытна наладжвалі, усталёўвалі пад аховаю агню велетаўскія машыны для таго, каб страляць у горад. А з гарадзкіх муроў анішто не магло дастрэліць да тых машынаў і спыніць працу над імі.

Спачатку людзі сьмяяліся, не баючыся тых прыладаў. Галоўны мур гораду быў надта высокі й таўшчэразны, узьведзены ў часы, калі моц ды майстэрства Нумэнору яшчэ ня згасьлі ў выгнаньні, і вонкавая паверхня сьцяны была, як вежа Ортанку, цьмяная, цьвярдая, гладкая. Ані сталь, ані полымя не пашкодзілі б ёй – хіба выбух раскапаў бы, разбурыў самую зямлю, на якой той мур стаяў.

– Не, – паўтаралі людзі, – нават калі Неназывальны сам сюды зьявіцца, нават ён не праб'ецца за мур, пакуль мы жывыя.

– Пакуль мы жывыя? Як доўга жывыя? – пярэчылі некаторыя. – У яго ёсьць зброя, якая ад пачатку сьвету падпарадкавала мноства мацнейшых крэпасьцяў. Гэта голад. Бо шляхі перакрытыя. Рохан ня прыйдзе.

Аднак варожыя машыны й не спрабавалі прабіць непарушны мур. Ня просты бандыт, не ачольца орцкай хеўры ўзначальваў напад на найвялікшага суперніка мордарскага гаспадара. Сіла й ліхі розум кіравалі тым войскам. Як толькі вялізныя катапульты былі ўсталяваныя, з мноствам выгукаў і енкаў, з рыпеньнем тросаў ды лябёдак пачалі яны шпурляць надзіва высока, так што іхнія снарады пераляталі за першы мур і плюхаліся сярод першага ярусу гораду. Мноства з тых снарадаў празь нейкае ліхое майстэрства ўспыхвала полымем, падаючы.

Неўзабаве ўтварылася вялікая небясьпека па-за мурам, і ўсе, каго толькі можна было адарваць ад пастоў, прыняліся гасіць шматлікія пажары. А пасьля абрынуўся град іншых снарадаў, не такіх разбуральных, аднак больш вусьцішных. Паўсюль на вуліцы й завулкі па-за брамаю сыпаліся маленькія круглякі, якія не палалі й не выбухалі. Але калі людзі пазналі, што гэта, то залямантавалі й заплакалі. Бо вораг кідаў у горад галовы ўсіх тых, хто загінуў, змагаючыся за Азгіліят і за Рамас, за палі Пеленару. Жудасныя снарады: хоць і паплюшчаныя, бясформавыя, часам жорстка пасечаныя, многія твары пазнаваліся, і выдавалася, як пакутліва памерлі тыя людзі. На ўсіх галовах ворагі выпалілі ліхую пазнаку Беспавекавага Вока. I сярод зьнявечаных, апаганеных твараў часьцяком людзі пазнавалі твар таго, хто калісьці побач зь імі ганарліва ўздымаў зброю, ці араў палі, ці прыяжджаў на сьвята ў горад ад зялёных далінаў у гарах.

Дарма сьціскалі гондарцы кулакі, пагражаючы бязьлітасным ворагам, што тоўпіліся перад брамаю. Праклёнаў тыя не разумелі, не валодаючы заходнімі мовамі, гукаючы грубымі галасамі, падобнымі да зьвярыных ці да енкаў птушак-трупажэрцаў. Неўзабаве няшмат засталося ў Мінас Тырыце тых, у каго стала б мужнасьці паўстаць і стрымаць мордарскую навалу. Бо ва Ўладара Цёмнай вежы была іншая зброя, хутчэйшая за голад, – жах і адчай.

Назгулы абвесьціліся зноў, бо Чорны Гаспадар набраў моцы й рушыў наперад, і галасы іхнія, якія абвяшчалі ягоную волю й злаўмыснасьць, наліліся ліхам і вусьцішшу. Заўжды луналі цені над горадам, бы сьцярвятнікі, чакаючы спатолі чалавечымі целамі, асуджанымі на сьмерць. Па-за позіркам, па-за стрэлам кружлялі яны, аднак заўжды адчувалася іх прысутнасьць, і сьмяротны лямант разьдзіраў паветра. I кожны новы енк рабіўся ня больш звыклым, а больш непераносным. Нарэшце самыя мужнасэрцыя ваяры кідаліся на зямлю, калі нябачная пагроза пралятала над імі, альбо выпускалі зброю зь зьнямелых рук, розум жа іхні засмужваўся чарнатою, і зьнікалі ўсе думкі пра вайну й абарону, а заставалася толькі жаданьне спаўзьці, схавацца ці памерці.

1 ... 38 39 40 41 42 43 44 45 46 ... 150
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)