Дом без гаспадара
- Автор: Бёлль Генрих
- Год: 1996
- Язык: белорусский
- Год: Беларусь
- ISBN: 985-01-0190-3
- Переводчик: Л. Р. Законнікава
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Дом без гаспадара». Краткое содержание книги:
— Баюся,— сказаў ён,— што ты выйдзеш за некага іншага, і хлопчык дастанецца яму.
— Значыцца, ты любіш хлопчыка больш, чым мяне?
— Не,— сказаў ён ціха,— яго я люблю, а цябе — не. Тут не можа быць больш альбо менш. Я занадта добра цябе ведаю, каб закахацца ў цябе, але ты даволі прыгожая, і мне было б прыемна жыць з табой,— але зараз я так не магу. Я вельмі часта думаю пра Рая, дый хлопчык увесь час каля мяне. Вось у чым справа.
— А,— сказала яна,— цяпер я ведаю, чаму я за цябе не пайду: проста таму, што ты мяне не кахаеш.
— Затое ты з нейкай пары ўгаварыла сябе, што ты мяне кахаеш. Гэта супадае з тваімі марамі.
— Не,— адказала яна,— я сябе не ўгаворваю і ведаю, што гэта не так. Але ў мяне з табой атрымліваецца, як у цябе са мной. Раней гэта называлася пагаварыць адкрыта, але вось адкрытасці ў нас якраз і не хапае. Гавары адкрыта, калі табе гэта па душы.
Альберт хацеў устаць, прайсціся па пакоі або падысці да акна, але яму часта здаралася бачыць у кіна-фільмах, як мужчыны падчас шчырай гаворкі з жанчынай ходзяць па пакоі. Ён застаўся сядзець у нязручным крэсле і ўзяў цыгарэту, якую прапанавала яму Нэла.
— Госпадзі,— сказаў ён,— гаварыць пра любоў ужо проста смешна. Хіба мы з табой не рассмяяліся б, калі б аднойчы я заявіў: «Я кахаю цябе!»
— Так, відаць.
— I потым гэта розныя рэчы — жыць з удавой свайго сябра або ажаніцца з ёй,— а вось ажаніцца з жанчынай, якая жыве марамі, быццам абпіўшыся морфіем, на гэта я пайшоў бы толькі дзеля Марціна, але якраз цяпер я пачынаю разумець, што ні з адной нельга жаніцца толькі дзеля яе дзіцяці.
Нэла заплакала, і ён усё ж падняўся з крэсла і захадзіў па пакоі, узрушаны і збянтэжаны, хоць ён столькі разоў бачыў усё гэта ў кінафільмах.
— Усё ж аднаго я ад цябе чакаю — я і ўсе мы: каб ты стала хоць крыху абачлівай дзеля хлопчыка.
— Ты памыляешся, і ўсе вы памыляецеся: вы лічыце мяне ледзь не прастытуткай, але пасля смерці Рая я не ведала ніводнага мужчыны.
— Тым горш,— сказаў ён,— ты іх усіх узвінчваеш сваёй усмешкай, як дзеці завадных пеўнікаў. Не, нягледзячы ні на што, нам трэба было б пажаніцца, мы маглі б ціха і спакойна жыць з хлопчыкам і не валтузіцца з усялякімі ідыётамі, якія бессаромна крадуць у нас час, мы маглі б вырвацца з гэтай д’ябальскай мітусні, паехаць у іншую краіну, і, хто ведае, магчыма, аднойчы на нас сышло б, як нечаканы дождж, як навальніца, тое, што да гэтага часу называлася каханнем,— Рай жа мёртвы,— і ён паўтарыў яшчэ больш сурова і жорстка: — Мёртвы.
— Гэта гучыць так, быццам ты гэтаму рады,— сказала яна.
— Ты выдатна ведаеш, што, хоць і па-іншаму, мне было ніколькі не лягчэй страціць яго — чым табе. Мне здаецца, што значна больш жанчын, з якімі можна было б ажаніцца, чым мужчын, з якімі можна сябраваць. А жанчынам, з якімі можна пераспаць, увогуле няма ліку. Так ці іначай, а Рай загінуў. I магчымасцей у цябе не так і шмат: быць удавой або стаць жонкай іншага чалавека; ты ж спрабуеш заняць нейкае трэцяе, прамежкавае становішча, а такога не існуе.
— Але яно можа ўзнікнуць,— перабіла яна,— становішча, якому няма вызначэння, але час дасць яму імя. О, як я вас усіх ненавіджу за тое, што вам здаецца, быццам жыццё ідзе сваёй чарадой. Пасыпаць смерць попелам забыцця, як лёд пасыпаюць попелам. Дзеля дзяцей, ах, дзеля дзяцей: гэта цудоўна гучыць і служыць цудоўным апраўданнем; напоўніць свет новымі ўдовамі, новымі мужамі, якім наканавана загінуць і зрабіць сваіх жонак удовамі. Заключаць новыя шлюбы... Мізэрныя вы нікчэмнасці. Няўжо вы нічога лепшага не прыдумаеце? Так, я ведаю, ведаю.— Яна ўстала, перасела ў другое крэсла і глянула на партрэт Рая над сваім ложкам.— Я ведаю,— са злосцю паўтарыла яна, падрабляючы голас патэра Віліброрда: — «Свята ахоўвайце дзіця і справу вашага мужа. Шлюб ёсць таемнасць. Шлюбы заключаюцца на нябёсах». I яны ўсміхаюцца, як аўгуры, і моляцца ў сваіх цэрквах, каб храбрыя мужчыны, здаровыя і цэлыя, бадзёра, весела крочылі на вайну, каб безупынку працавалі фабрыкі ўдоў. Дастаткова паштальёнаў, каб данесці гэтую вестку, і папоў таксама дастаткова, каб асцярожненька падрыхтаваць вас да гэтай весткі. Ужо калі і ёсць чалавек, які ўсведамляе, што Рая няма сярод жывых, дык гэта я. Гэта я ведаю, што яго няма са мной, што яго няма і ніколі больш не будзе на гэтым свеце, ведаю абсалютна дакладна — і я пачынаю ненавідзець цябе за тое, што ты ўсур’ёз збіраешся паўторна ператварыць мяне ў патэнцыяльную ўдаву. Калі пачаць раней, з шаснаццаці, як я, напрыклад, то да благаснага скону можна выдатна паспець пяць, а то і шэсць разоў пабыць удавой і ўсё ж застацца маладой, як я. Урачыстыя клятвы, урачыстыя саюзы, і з лагоднай усмешачкай табе падносяць тайну: шлюбы заключаюцца на нябёсах. Няхай сабе, але тады пусціце мяне на неба, дзе мой шлюб сапраўды будзе заключаны. Ці не хочаш ты мне сказаць, што я не ў стане знішчыць смерць, мусіць жа, хочаш?