Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Дом без гаспадара - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дом без гаспадара

Электронная книга - «Дом без гаспадара». Краткое содержание книги:

Раман «Дом без гаспадара» — антываенны, антыфашысцкі. Аўтар паказвае трагізм наступстваў фашызму для абалваневых гітлераўскай прапагандай, укручаных у крывавую бойню людзей. Трагізм пакалення «першакласнікаў 1946 года», якім давядзецда самім вырашаць усе жыццёвыя і маральныя праблемы, бо жыцці бацькаў праглынула жудасная гітлераўская ваенная машына.
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 123
Перейти на страницу:

Ён заплюшчыў вочы, каб не бачыць галавакружнага вярчэння: шалёнага мільгацення трох дыскаў, якія ніколі не сумясцяцца; забойчая несумяшчальнасць, у якой няма ні імгнення спакою.

Кава, якую ніхто не вып’е, бутэрброды, якія ніхто не з’есць,— рэквізіт крывавай драмы, куды яго ўцягнулі як адзінага і неабходнага статыста,— але яго ўсё ж суцяшала, што Больда падагрэе сабе гэтую каву, што Глум загорне гэтыя бутэрброды і возьме іх з сабой на працу.

— Можаш ісці,— стомлена вымавіла Нэла, накрываючы кафейнік зялёнай крышкай.

Ён адмоўна хітнуў галавой.

— Чаму б нам не паспрабаваць неяк спрасціць жыццё? — сказаў ён.

— Што ж нам, ажаніцца, ці што? — адказала яна.— Мяркуеш, гэта нешта спросціць?

— Чаму б і не?

— Ідзі лепш спаць. Я не хачу цябе мучыць.

Ён выйшаў, не гаворачы ні слова. Ціха прайшоў праз пярэднюю ў ванны пакой. Там запаліў газ, пусціў ваду і паклаў шланг гнуткага душа так, каб вада бясшумна напаўняла ванну.

Ён доўга стаяў нерухома і тупа глядзеў на ваду, што паднімалася лёгкімі блакітнаватымі струменьчыкамі з дна ванны, і напружана лавіў гукі, якія даносіліся звонку; ён чуў, як Нэла прайшла да сябе, затым як яна заплакала. Яна пакінула адчыненымі дзверы ў свой пакой, хай ён пачуе яе плач. У доме было ціха, прахалодна. Ужо світала. Заняты сваімі думкамі, ён кінуў у ванну недакурак і, ледзь не падаючы ад стомы, назіраў, як размакае недакурак, як асядае на дно цёмна-шэры пыл — гэта зацвярдзелы попел, а светла-жоўтыя крупкі табакі спачатку ідуць густой палосай, затым расплываюцца па паверхні вады, і вакол кожнай крупкі жаўтавае воблачка; цыгарэта пацямнела, і на ёй выразна праступіў надпіс: «Тамагаўк». Калі ён курыў цыгарэты, то для зручнасці выбіраў бабулін гатунак, каб заўсёды быць гатовым да яе набегаў. Жаўтавае воблачка разраслося ўжо да памераў грыба, але вада, што біла з душа на дне ванны, выпіхвала наверх разлезлае, бляклае воблачка, не давала яму апусціцца, а ўнізе, на чыстым сінім дне ванны, круціліся чорныя зацвярдзелыя часцінкі попелу і невядомая сіла павольна цягнула іх да стоку.

Нэла не пераставала плакаць, дзверы заставаліся расчыненымі, ён выключыў раптам газ, закруціў кран, выцягнуў за нікеліраваны ланцужок корак з ванны і прасачыў, як жаўтавае табачнае воблачка знікла ў водавароце.

Ён патушыў святло і накіраваўся да Нэлы. Яна курыла і плакала. Ён спыніўся ў дзвярах і суровым голасам, які здзівіў яго самога, крыкнуў:

— Чаго ты, уласна, хочаш?

— Зайдзі, прысядзь,— адказала яна. Усмешка ў яе не адразу атрымалася, і гэта кранула яго; не часта такое з ёю здаралася. Ён сеў, узяў цыгарэту з пачка, які яна падала яму, а яна зноў усміхнулася, і цяпер ужо шырока; здавалася, што нехта націснуў патаемную спружынку; як фатограф карыстаецца лямпай-успышкай, так і яна карысталася сваёй усмешкай,— яна славілася ёю, але цяпер гэтая ўсмешка стамляла яго, як стамляў і выгляд яе пяшчотных белых рук, праслаўленых не менш, чым яе ўсмешка: яна не пагрэбавала і самай таннай хітрасцю: паклала нагу на нагу і крыху адкінулася назад, каб лепш бачнымі былі яе прыгожыя грудзі.

У ваннай забулькалі рэшткі вады: кароткі ўсхліп, і ўжо не чутно болей супакойваючага шуму.

— Замуж,— ціха прамовіла яна,— я не хачу больш. На гэта я больш не пайду. Калі хочаш, я зараз жа зраблюся тваёй палюбоўніцай, ты гэта ведаеш,

І буду табе больш вернай, чым жонка, але замуж я больш ніколі не пайду. З той пары, як я па-сапраўднаму зразумела, што Рая больш няма, я часта думала, што лепш было б мне ўвогуле не выходзіць замуж: дзеля чаго ўвесь гэты маскарад, гэтае крыўлянне, гэтая жахлівая сур’ёзнасць у шлюбе — і боязь удаўства Грамадзянская рэгістрацыя, вянчанне ў царкве, азатым з’яўляецца нейкая нікчэмнасць і пасылае твайго мужа на верную смерць. Тры мільёны, чатыры мільёны ўрачыстых саюзаў разбураны вайной: удовы, удовы — у мяне няма аніякага жадання быць удавой, і нічыёй жонкай я таксама не хачу быць, і дзяцей я не хачу больш мець — вось мае ўмовы.

— А мае ты ведаеш,— сказаў ён.

— Зразумела,— спакойна сказала яна.— Табе трэба ажаніцца і ўсынавіць хлопчыка, і потым ты, відаць, захочаш уласных дзяцей.

— Дабранач,— сказаў ён і хацеў было ўстаць.

— Не, не пакідай мяне,— сказала яна роўным голасам,— зараз, калі робіцца крыху весялей, ты хочаш збегчы. Дзеля чаго трэба так карэктна, так педантычна, так строга прытрымлівацца агульнапрынятай маралі: я гэтага проста не разумею.

— Дзеля хлопчыка. Усе твае мары нічога не вартыя ў параўнанні з ім. I потым табе ўжо амаль сорак.

— Пры Раі ўсё было б добра, і я была б вернай яму, і ў нас нарадзіліся б яшчэ дзеці, але смерць яго мяне зламала, як ты любіш выказвацца, і мне больш не хочацца быць нічыёй жонкай. Ты ж і так Марціну заместа бацькі. Табе гэтага мала?

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 123
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)