Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 254
Перейти на страницу:

Яны пралезлі праз дзірку ў тыне на падворак, дзе ўжо густа дыміла кухня, з яе катла валіла клубамі пара. Карла боўтаў у катле, а Сцепаніда па-ранейшаму ў маўклівай засяроджанасці абірала ля паркана бульбу.

— Ну, акцявістка, ты доўга там? — нецярпліва гыркнуў да яе Гуж.

— Не паганяй, не запрэжаная, — спакойна сказала Сцепаніда, кідаючы ў вядро бульбіну.

— Я не паганяю, а прыказываю. Бярыце кашы і марш абодва за мной!

— А дзе я вазьму кашы?

— У доме вазьмі! Мусіць жа, ёсць у сенях кашы?

— А хто мяне туды пусціць?

— Як хто? А часавы што — не пусціць? Гэй, друг! — іншым тонам — дабрэй — сказаў Гуж да вартавога. — Дай я пагляджу. Кош трэба. Панімаеш — кош!

— Цурук! — гыркнуў вартавы і скінуў з пляча вінтоўку.

«Во, добра! — маўкліва парадаваўся Пятрок. — Во так табе і трэба: цурук! А ты думаў!» І ён нават з сімпатыяй паглядзеў на гэтага тупарылага вартавога, які так дарэчы асадзіў ганарыстага паліцая.

— Ах ты чорт! — заклапочана крутануўся Гуж. — Ну торбу бяры, якое вядро…

— Дзе я вазьму вядро? Гэта ж іхняе.

«Не, Сцепаніду голымі рукамі не возьмеш, — можа, першы раз са шчырым захапленнем падумаў Пятрок. — Калі ўжо заўпарціцца, дык паякочаш. І я цяпер табе не памочнік. Прымушай, калі ўмееш!»

За гаманой на падворку яны не адразу ўчулі, як з гасцінца збочыла тая іх вялізная машына і неўзабаве ўкацілася ў самыя вароты. Яна яшчэ не спынілася, як з кабіны неяк дужа паспешна вываліўся рухавы фельдфебель, на ягоным счырванелым твары было нейкае ажыўленне — добрае ці не — цяжка было зразумець упачатку.

— Вас іст дас? — гыркнуў фельдфебель, спыняючыся перад Гужом. Той няўклюдна спрабаваў узяць пад казырок, але яму ўсё сапсавала вінтоўка, почапка якой слізганула са скуранога пляча і павісла на локці.

— Вас іст дас? Что ест это? — зусім ужо нядобра паўтарыў фельдфебель, беручы рукі ў бокі, і стаяў так, маленькі і таўставаценькі, перад няўклюднай рукастаю постаццю Гужа.

— Прыказ на бульбу, пан афіцэр. На картошку! — удакладніў Гуж. — Каб выбралі да нядзелі.

— Вас іст дас? — не прыняўшы тлумачэння, яшчэ болей раз’ятрана загырчаў фельдфебель і ступіў яшчэ на крок бліжэй да Гужа.

— Я ж кажу, пан афіцэр, загадана ўсім на картошку. Пан бургамістр…

— Вас іст дас? — зноў цвердзіў сваё фельдфебель, і Гуж на гэты раз, мусіць, з’еў усе словы. Выцягнуўшыся і вырачыўшы на немчыка вочы, ён моўчкі стаяў, аж покуль той не страпянуўся і неяк дужа ўжо спрытна знізу ўгору пляцнуў яго два разы — па адной і па другой шчацэ. Паліцай хіснуўся разам з вінтоўкай, якую аблапіста хінуў да сябе, мусіць, чакаючы і яшчэ аплявух. Але болей фельдфебель не біў, толькі разгоніста ткнуў кароценькім пальчыкам на варотцы з падворка.

— Вэк!

І калі Гуж не то спалохана, не то ўзрадавана таропка засігаў да варотцаў, фельдфебель абразліва працадзіў праз зубы:

— Ванютші паліцайшвайн…

— Ага… Правільна вы яго. Нядобры чалавек, — не ўтрымаўся Пятрок, дужа задаволены тым, што атрымаў Гуж. Ён аж калаціўся ад радасці, але фельдфебель неяк недаўменна зірнуў на старога, быццам першы раз убачыў яго, і нядобра прыжмурыў вочы.

— Офіцірклазет фертіг?

— Дык дзе ж я зраблю, калі во гэты прыпёрся! — пачаў Пятрок, здагадаўшыся, пра што пытае немец. Але тут жа ён схамянуўся і змоўк, згледзеўшы, як фельдфебель неяк паспешліва сігануў да яго збоку. У наступны момант ён ледзь не заекатаў ад болю — нічога не кажучы, фельдфебель торкнуў яму такога выспятка, што Пятрок аж падскочыў. «Ой, Божачка мой!» — толькі і паспеў ён сказаць сабе ў думках, як апантаны вылецеўшы праз дзірку на гарод.

11

Сцепаніда сама не ведала, як перажыла тую гадзіну ранкам, калі немцы трэслі сядзібу, пераварочвалі набытак. Тое, што ноччу яе ніхто з іх не бачыў, было пэўна ўжо, але ад гэтага не рабілася лягчэй, думалася рознае. Зноў жа вінтоўка прапала менавіта тут, на хутары, і таго, мусіць, было даволі, каб жорстка пакараць ягоных гаспадароў. Дзіўна, як учарашняю ноччу, ахопленая толькі адной сваёй прагай зрабіць ім шкоду, яна не падумала аб тым. А як даўмелася, дык ёй стала страшна.

Але пакуль што ўсё абышлося ладна, немцы ўсе вымеліся, пры кухні застаўся адзін толькі Карла, і ёй загадалі памагаць яму: спярша абіраць бульбу (тры паўнюткія вядры), пасля перамыць два тузіны плоскіх кацялкоў з вечкамі; яшчэ Карла прымусіў вышараваць пяском два закапцелыя чаны і ў дадатак памыць нейкія кухонныя анучы ў гарачай вадзе з мылам. Знарок не хутка, без жаднай ахвоты яна рабіла ўсё гэта, і спакваля, па меры таго, як спакайнела пасля ранішняга спалоху, у ёй рос неспакой за парсючка — як ён там? Трэба было яго накарміць, а то, пэўна, верашчыць на ўвесь роў, раптам хто набрыдзе, выпусціць ці ўкрадзе, што тады ў гаспадарцы застанецца?

1 ... 36 37 38 39 40 41 42 43 44 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)