Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 2». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У другі том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Знак бяды» (1982 г.), «У тумане», «Аблава» (1988 г.) «Пакахай мяне, салдацік» (1995 г.), «Балота» (2001 г.), а таксама некаторыя апавяданні 90-х гадоў.
1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 254
Перейти на страницу:

Усё ж яна, здаецца, трохі задрамала і падхапілася ад нейкага неўсвядомленага нутранога штуршка, услухалася. Пад жорнамі ціхенька драпаў пацук, ды сіпата, з прысвістам, дыхаў на дзежках Пятрок. Яна села на ўслоне, спусціла ногі на дол. Цяпер ужо нічога не было ў яе жаданнях, апроч упартае прагі цішыні, каб зрабіць тое, што яна ўжо не магла не зрабіць. Быццам не па сваёй волі, а па нечым жалезным прымусе яна ступіла да дзвярэй істопкі, ціхутка, як толькі можна было, павярнула закрутку і прыадчыніла старыя, сточаныя шашалем дзверы. Добра, яны не скрыпнулі, толькі прашэрхалі трохі, і яна пакінула іх так, не зачыненымі. Затым яна на дыбачках наблізілася да расчыненых дзвярэй з сянец, у якія трохі задзімаў вецер, услухалася. У хаце хтось сонна хроп — не дужа каб моцна, а так, супакоена-роўна, і гэта яе абнадзеіла. Мусіць, трэба смялей. Што яна, урэшце, не мае права па сваёй патрэбе выйсці з хаты на двор, хіба яна перастала быць чалавекам? Ну і што, што вайна, немцы. Жылі людзі да гэтай вайны і, мусіць, будуць жыць і пасля, а во ці давядзецца жыць гэтым, яшчэ невядома. Хто палез на іншых з ражном, як бы сам не напароўся на той самы ражон. Ціхутка ступаючы, яна сышла з камянёў-прыступкаў на прыстылую ўжо зямлю падворка, па сцюдзёнаватай воглай траве забегла за вугал на дрывотню і там стаілася: здалося, у палатцы хтось нешта буркнуў. Але гэта, мусіць, у сне, якога вартавога на падворку нідзе не было відаць, і гэта яе трохі ўзбадзёрыла. Падумала, што чуліся яны ўпэўнена, нібы гаспадары. Ведама, чаго ім баяцца, хто ім зробіць шкоду? І ўсё ж што-нішто трэба зрабіць, хай не думаюць: калі ўехалі, дык ім усё можна.

Яна дужа баялася, можа, так, як не баялася ніколі ў жыцці, асабліва калі выйшла з дрывотні і на дрыготкіх нагах, аж хістаючыся, дабегла да тыну. Ёй не трэба было аглядацца ў цемры, яна пэўна ведала, дзе было тое месца, і цяпер адразу намацала рукой вінтоўку, ухапіла яе за тонкую рулю. Вінтоўка аказалася цяжэйшаю, чым яна думала, як бы, боўтнуўшы, яна не падняла ўсіх на ногі. Гэта трохі збянтэжыла Сцепаніду, але перайначыць намер яна ўжо не мела сілы, — на дыбачках яна падскочылі да калодзежа і апусціла ў зруб вінтоўку. Перад тым як назусім выпусціць яе з рукі, кінула позірк на хату і пакатую гарбіну палаткі, але тая сонна спакайнела ўначы, ніхто з яе не паказваўся, і яна разняла пальцы.

Сцепаніда ўжо адскочыла ад калодзежа, калі ў ягонай глыбі глуха і нутрана боўтнула, здалося, жахліва-грымотна боўтнула, але яна хуценька падбегла да істопкі і пад яе сцяной прашмыгнула ў сенцы. Тут ажно спалохалася, намацаўшы зачыненыя дзверы ў істопку, але ўспомніла, што яны часам зачыняліся самі, і цяпер дрыготкімі рукамі расчыніла іх за драўляную ручку.

Перш чым зачыніцца з істопкі, хвіліну памарудзіла, — не, усё скрозь было ціха, здаецца, удалося. «Што цяпер будзе заўтра?» — нібы ў гарачцы калоцячыся ўсім целам, думала яна і, можа, толькі цяпер спалохалася як мае быць. Жах апанаваў яе з такой лютасцю, што яна дробна засакатала зубамі і, пэўна, тым абудзіла Петрака.

— Што, сцюдзёна? На во мой кажух, накрыйся… — прабурчэў ён спрасоння і зноў сіпата, мерна задыхаў.

Сцепаніда ж не заснула да ранку.

10

Немцы падняліся раненька, яшчэ давідна, Пятрок пачуў іхнія крокі ля істопкі, кашаль, прыціхлыя хрыплаватыя галасы на падворку. Бразгнула вядро ў калодзежы — пачалі цягаць ваду, мусіць, для кухні. Пэўна, учарашняе свята скончылася, сёння, мяркуючы па ўсім, яны меліся брацца за справу.

Пятрок ляжаў на ледзьве прыкрытых транцём мулкіх накрыўках дзежак, напяўшы на галаву кажушок, слухаў знадворныя гукі і думаў: якія яны ўсё ж не такія, як нашы людзі, гэтыя немцы, — усё ў іх па-свойму, інакш. Нават учора ўвечары, як наладзілі сабе частаванне, свяцілі электрычнасцю, елі з талерак і пілі з маленькіх белых чарачак шнапс, развесяліліся, гаманілі, але амаль так, як звычайна, п’яных не было ніводнага. Афіцэр і гэты фельдфебель частаваліся ў хаце асобна, куды ім насілі мяса ў талерках, накрытых хустачкамі, і таксама елі-выпівалі сцішана, без гаманы, а галоўнае, не даўжэй, чым пры звычайнай вячэры. Мусіць, мінула гадзіна, не болей, і на прыступкі выйшаў фельдфебель, нешта скамандаваў, і на падворку адразу як вымела — усе зашыліся спаць у палатку. «Дысцыплінка, аднак, вашай матары, — падумаў Пятрок з ціхаю зайздрасцю. — Слова начальніка — у іх як закон, усе ядуць, робяць і моляцца па камандзе. Не дзіва, што перамагаюць».

Але вось з’елі і Бабоўку. Пятрок трохі і злаваў ад думкі, што, можа, трэба было не рыпацца, аддаць ім тое малако, хай бы жралі сабе, калі такія аматары на малочнае, нашто было хітраваць? Праз гэтыя Сцепанідзіны хітрыкі, мабыць, і засталіся цяпер без каровы. Але ўпэўненасці ў тым не было, Пятрок разумеў, што магло здарыцца так, што ўсё роўна адабралі б карову, — не цяпер, дык пасля, ад’язджаючы. Вядома, лепей было б схаваць. Толькі як схаваеш і дзе? Карова не курыца, у крапіве не стоіцца. Ды і хто ведаў, што яны гэтак нечакана награбуцца на хутар.

1 ... 32 33 34 35 36 37 38 39 40 ... 254
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)