Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Публицистика » Дзікае паляванне ліхалецця
Дзікае паляванне ліхалецця - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Дзікае паляванне ліхалецця

Электронная книга - «Дзікае паляванне ліхалецця». Краткое содержание книги:

У новай кнізе вядомага беларускага празаіка сабраныя эсэ ды публіцыстычныя творы апошніх гадоў. Назвы твораў гавораць самі за сябе: “Дзікае паляваньне каралёў сталіншчыны”, “Абуджэньне памяці”, “Так на Беларусі хаваюць прарокаў”, “Зазірнуць у вочы свайму “Я”, “Я вам ніколі ня хлусіў” і інш. Зборнік твораў адметны, як і ўся творчасьць Віктара Казько вастрынёю і надзённасьцю, болем за родную мову, краіну ды культуру. Чытаючы філязофскія разважаньні Віктара Казько, пераплеценыя фактамі з недалёкага мінулага, пачынаеш разумець, што сёньняшняя Беларусь загубілася ў хлусьні і цемры “савецкай стабільнасьці” і ніяк не хоча зь яе выбірацца, бо і сёньня валадарыць той, для каго цемра, страх і боль іншых – плённая глеба. Нягледзячы на пэсімістычны вобраз, аўтар не пакідае надзею і веру ў беларускі народ, які для Віктара Казько – крыніца натхненьня і трываньня ў цяжкія часы дэнацыяналізацыі, дыктатуры і амаральнасьці.
1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 30
Перейти на страницу:

Жыць яму заставалася роўна гадзіна. I стаяў на тую гадзіну Канстанцін Васільевіч на сваіх кастыльках, як з’езджаны конь аб чатырох нагах, на пачатку вясны дзевяноста другога года сярод свайго занядбанага падворка, каля хаткі на курыных ножках, і ўсё вакол хаткі было падобна яму. Аднаго з ім веку, аднаго ладу хаткі былога панскага чалядніка. Праўда, шмат чаго з яго падворка за час савецкага чалядніцтва і знікла, прапала. Праваліўся і зраўняўся з зямлёй пограб, у якім ён некалі ва ўсякую пару года захоўваў «лёды»  — замарожанае ў кругах малако. Зведзена з хлява і сама кароўка, каторая давала тое малако. На кастыльках з касою на сенажаць не выйдзеш. Ні ў яго, ні ў яго старой ужо няма сілы трымаць карову. Таму і ржавела пад сінім небам, сыходзіла кроўю саламарэзка. Бабіна ступа і начоўкі гнілі проста ўжо таму, што былі непатрэбны. Хлеб елі казённы, магазінны. Бялізну ў начоўках не замочвалі, дачка мыла яе ў горадзе ў пральнай машыне.

Квактала, шорпала вакол Канстанціна Васільевіча Ганна Паўлаўна ў чорных бурках на босую нагу, баялася, што прастудзіцца, хаця і ведала, што на здароўе даравана яму адна толькі хвіліна, сама ж пазвала прыехаць на развітанне са старым сына і дачку. Угаворвала ісці ў хату. Але ён не адгукаўся на ўсе яе ўгаворы. Быў глухі да суседзяў, бабулек, яго равесніц, што без патрэбы выкідваліся з хат, сноўдалі па падворках: адзінае  — дасведчыцца, адышоў ужо ці яшчэ мучыцца.

А ён зусім і не мучыўся. А калі і мучыўся, то не іх зямнымі мукамі. Быў, як кажуць, пры розуме і цвёрдай памяці. Прымаў і збіраў камяні. Трэба сказаць, што і гэта было яму не цяжка. Камянямі семдзесят гадоў былі засеяны і калгасныя палеткі, і яго прыватныя соткі. Камяні ці самі раслі на гэтай зямлі, ці падалі з неба. Восенню іх збіралі, разорвалі поле, а вясною яны ўзыходзілі. Надаралася і горш таго: увечары іх прыбіралі, а зранку яны прарасталі зноў, нібыта пры сонцы сеяў ён жыта, а ноччу яно ўзыходзіла каменнем. Што зробіш, чорт помслівы, а мужык трывушчы. Зямля пад яго рукамі ўсё роўна радзіла жытам. Жытам, жыццём, жыцівам завяршаліся ў рэшце рэшт усе беды. Заўсёды і на тую хвіліну яго куды больш за камяні-самасеі жахаў той каменны дакор, што сыходзіў з размазанага хмарамі неба, з вызваленай ужо ад лёду, але яшчэ глухой вады ў рэчцы, ад кладачак між двума яе берагамі  — нітачкай паміж абарваным і пахаваным панскім мінулым і чалядным будучым, якое так і не адбылося. I яшчэ больш дакарала закамянелая скруха ў вачах дзяцей, іх маці, а яго жонкі Ганны Паўлаўны. Вось дзе камяні. Магільная пліта, валун, пад які ён ляжа і зачыніцца на тым свеце, адгародзіцца ад зямнога дакору і тых дробных каменняў, пцічанскіх рачных акатышаў, што ляцяць зараз у яго. Жыццё пражыў, як крот пад зямлёй, усё рыў, рыў, а нічога не вырыў, не здабыў нават спакою на апошнюю сваю гадзіну. Крацінымі крывымі хадамі ўсё абыходзіў камяні, валуны, што паўставалі на яго шляху. Вырыўся нарэшце на свет Божы, паказалася  — на прастору. Але то была прасторная яма, пастка для такіх вось, як ён, працавітых кратоў. Магіла, падрыхтаваная злым ці добрым розумам, які загадзя ведаў, што ён даграбецца да гэтай ямы  — магілы, кульнецца туды, аслепне і сканае. I ён дагробся, кульнуўся ў тую яму, апошнюю пастку смертных, і яшчэ жывы аслеп ад смярцельнага для кратоў сонечнага святла. I апошні раз у сваім жыцці заплакаў, пусціў слязу на волю з вачэй, што ўжо нічога не бачылі. Ён плакаў ужо слязою вызвалення і збаўлення, а каменні працягвалі ляцець, але яму яны плылі вянкамі: ад праўлення калгаса, ад прафкама, суседзяў, жонкі, сына, дачкі. Яны пабівалі ўжо сляпога і глухога на гэтай зямной юдолі чалавека. Чалавек, гаспадар, мужык і бацька да апошняга стаяў на сваім падворку, на ўкрытай каменнем Галгофе, і толькі калі адчуў, што яму адмаўляюць служыць разам з вачыма і рукі  — аслабелі, няздольны трымаць мыліц, і ён, таго і глядзі, распластаецца, ляжа пасярод гэтай Галгофы,  — пашкандыбаў у хату. Перакуліцца на падворку, легчы на мокрую расталую ўжо зямлю, дзе ўсё спаскуджана курамі, ён не жадаў, не мог дазволіць сабе такога і ў думках. Туды ён павінен быў прыйсці чыстым.

1 2 3 4 5 6 7 8 9 10 ... 30
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)