Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Историческая проза » Мэфіста. Раман аб адной кар'еры
Мэфіста. Раман аб адной кар'еры - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Мэфіста. Раман аб адной кар'еры

Электронная книга - «Мэфіста. Раман аб адной кар'еры». Краткое содержание книги:

Клаўс Ман (Klaus Mann; 1906 – 1949), нямецкi антыфашысцкi пiсьменнiк, старэйшы сын Томаса Мана. 1933 г. – эмiграцыя (Амстэрдам, Парыж, Цюрых, Прага), 1936 – пераезд у ЗША. Раман Мэфiста напiсаны ў 1936 г. Галоўны яго персанаж, актор Гёфген, стаўся сiмвалам канфармiзму часткi iнтэлiгенцыi ва ўмовах тыранiчнага, варварскага рэжыму. Упершыню быў надрукаваны ў Амстэрдаме ў эмiгранцкiм выдавецтве “Querido” (1936); у 1966 г. яго распаўсюджанне ў Федэратыўнай Pэспублiцы было y судовым парадку забаронена; у 1981 г. насуперак забароне з’явiлася новае выданне, i раман стаўся культавай кнiгай: як прыкладная i ў вышэйшай ступенi павучальная гiсторыя пра прыстасаванства i супрацiў, кар’ерызм i мастакоўскую мараль. Тыповасць сiтуацый i характараў тагачаснай Германii набывае сваю пазнавальнасць ва ўмовах сучаснага сужыцця iнтэлiгенцыi i ўладаў.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 126
Перейти на страницу:

Гендрык падвёў да Барбары маці, і яго твар заззяў, калі яна працягнула дзяўчыне абедзьве рукі.

— Мілае, мілае дзіця, — сказала фраў Гёфген, і вочы яе павільготнелі.

Гендрык усміхнуўся пяшчотна і горда. Ён любіў сваю маці. — Барбара зразумела гэта і ўзрадавалася. Праўда, часам ён саромеўся за яе, яна была недастаткова далікатная, ён саромеўся яе вульгарных манераў. Але тым не маней ён любіў яе: гэта адразу было відаць па яго вясёлым выглядзе і па тым, як ён прыціснуў яе руку да сваёй.

Якія яны былі падобныя, маці і сын! Ад фраў Бэлы Гендрык успадкаваў доўгі, роўны, крыху мясісты нос з рухавымі ноздрамі, мяккі і пачуццёвы рот; моцны высакародны падбародак з характэрнай ямкай; вялікія шэра-зялёныя вочы; ускінутыя светлыя бровы. Толькі ўсё гэта ў прастадушнай дамы было без ніякіх прэтэнзій, больш сціпла, чым у сына: у яе абліччы не адчувалася нічога дэманічнага. Вочы ў яе не ззялі, на вусны не прасілася ні сцярвозна-спакуслівая, ні пяшчотна-жаласная ўсмешка. Фраў Бэла была энергічная, дабрадушная, выдатна захаваная жанчына пяцідзесяці з нечым гадоў, са свежым сімпатычным тварам, прыемнымі пышнымі грудзьмі, светлай завіўкай пад саламяным капелюшыкам з кветкамі і канапацінкамі на носе. У яе не было прычыны лічыць сябе старою і адмаўляцца ад радасцяў жыцця.

— Часам хочацца развеяцца, — сказала яна рашуча. Потым збянтэжылася і пачала нешта балбатаць пра дабрачыннае свята, на якім было так весела. Дамы з Кёльна выстаўлялі на продаж для сіротак асвяжальныя напоі, кветкі і творы мастацтва, лічылася ганаровым браць у гэтым удзел, і таму фраў Гёфген без ваганняў узяла на сябе ролю прадаўшчыцы шампанскага: за шклянку шампанскага яна брала пяць марак — дарагавата, але ж гэта было на карысць і дабро сіроткам. Але пасля папаўзлі агідныя плёткі: гнюсныя людзі дайшлі да такога нахабства, што сцвярджалі, быццам фраў Бэла гандлявала шампанскім не з гуманнасці, а выручала грошы фірме, якая пастаўляла шампанскае, дзе яна, фраў Бэла, служыла, і мала таго, быццам яна далася пацалаваць сябе — можаце сабе ўявіць! дазволіла сябе пацалаваць, ды яшчэ ў грудзі!

Маці паведаміла гэта Гёфгену з праведным абурэннем. Яны ехалі ў адкрытай машыне па летнім горадзе.

Ад гневу твар яе пачырванеў, яна выцірала пот з лоба і крычала:

— Гэта ж прорва гнюсоты! Я здала ўсё да апошняга пфеніга, а зарабіла больш, чым іншыя дамы — нават падзяку ад прыюта мела. Праўда, адзін нейкі хацеў пацалаваць мяне ў руку, але я кажу яму: адчапіцеся, кажу, неразумны вы чалавек, кажу яму, пакіньце гэта! — і дала б яму поўху, калі б ён адразу не перапрасіўся. Людзі ж такія злыя, паводзься беззаганна — усё адно распусцяць пра цябе якую-небудзь агіднасць. Але цяпер у іх адпадзе ахвота языкамі перакладаць, цяпер ты заткнеш ім рот, га, Гендрык?

І фраў Бэла кінула горды пагляд спачатку на сына, пасля на Барбару. Гендрык пакутаваў ад наіўнай бестактоўнасці маці. Ён чырванеў, кусаў губы і нарэшце з гора пачаў распісваць прыгажосці вуліцы, па якой яны ехалі.

Тайны радца прыняў дам каля весніц з такой самай вясёлай урачыстасцю, як і за дзень да таго Гендрыка. Барбара правяла Бэлу і Ёзі наверх памыць рукі і прыпудрыць насы. Праз гадзіну на дзвюх машынах паехалі ў бюро рэгістрацыі шлюбаў. У машыне Брукнера, апрача маладога з маладою, сядзелі фраў Гёфген і сам тайны радца. За імі ў таксі ехалі Нікалета, Ёзі, старая ахмістрыня і сябар маладосці Барбары Себасцьян, чыя прысутнасць крыху здзівіла Гендрыка.

Афіцыйная цырымонія не задоўжылася. Нікалета і тайны радца былі за сведкаў. Усе былі крыху ўсхваляваныя, фраў Бэла і маленькая ахмістрыня нават прыплакнулі, а Ёзі нервова смяялася. Гендрык адказваў на пытанні чыноўніка прыглушаным голасам, вочы яго касавурылі. Барбара не зводзіла позірку з чалавека, які стаяў побач з ёю і ўжо лічыўся яе мужам. Пайшлі пажаданні шчасця, цалункі. Усім на здзіўленне Нікалета ясным голасам па-прасіла ў фраў Бэлы дазволу называць яе "цёць-Бэлай", і калі тая згадзілася, з несамавітай карэктнасцю пацалавала яе ў руку. Раскошная дзяўчына была сёння асабліва бліскучая і аж звінела ад весялосці. Яна трымался вельмі проста ў белай, цвёрдай, як браня, ільняной сукенцы з шырокім ярка-чырвоным лакіраваным поясам.

— Я радая, мая мілая, што ўсё так добра зладзілася, — крыху бесталкова, хоць і ясна сказала яна Барбары. Яе прыгожыя кашэчыя вочы ззялі. Яна адвяла фройляйн Ёзі ўбок, каб параіць ёй новы выдатны сродак ад канапацінак, які, як яна нечакана зманіла, яе бацька прыдумаў і ўвёў ва ўжытак на ўсім Далёкім Усходзе.

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 126
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)