Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
- Автор: Быков Василь Владимирович
- Год: 2006
- Язык: белорусский
- Год: Саюз беларускіх пісьменнікаў
- ISBN: 5-9691-0122-2
- Жанр: Военная проза
Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
Наверсе, мяркуючы па гуках, нічога асаблівага не адбываецца, там з поўнай абыякавасцю да яго ідзе заўсёднае атраднае жыццё. I таму зусім нечаканы знаёмы голас прымушае яго здрыгануцца.
— Во дзе яны! Шукаў, шукаў…
— Чаго шукаць! Вунь кухня.
Сцёпка непрыемна сціскаецца ў камяк — гэта ўжо па яго, пэўна. Але чаму Даніла?
— Ну, дзе ён? Сядзіць?
У зямлі добра аддаюцца крокі, абодва з вартавым яны ідуць да ямы, і неўзабаве Сцяпан бачыць над сабой знаёмыя Данілавы касмылі. Ну, што яму яшчэ трэба?
— Во пасадзілі! Як ваўка. Га! На, есці прынёс.
У яму звешваецца на драцяной дужцы зроблены з нейкае бляшанкі кацялок, на краі яго свежы, трохі падсохлы пацёк куляшу. Пах ежы адразу забівае ўсе іншыя, затхлыя пахі ямы. Адчуўшы на хвіліну радасць, Сцёпка бярэ кацялок і заціскае яго між калень.
— Лыжка ёсць?
Лыжка ў яго ёсць, ён дастае яе з кішэні — сваю даўнюю алюміневую карміцельку з коратка абрэзаным тронкам, выцірае пальцамі ад крошак і пачынае есці. Даніла сядае над ямай. Побач стаіць вартавы.
— Знаю я гэтага Брытвіна, — кажа ён. — Занудлівы, не дай бог. Вунь зімой Маланчука ў Падасінавіках застрэліў. Нібыта за парушэнне дысцыпліны. Нягоднік ён.
— Нягоднік, — лёгка згаджаецца Даніла, і Сцёпка ажно папярхаецца ад здзіўлення: глядзі, як хутка перамяніў думку! Ён коратка пазірае знізу ўгору: Даніла нетаропка ладзіць цыгарку — на яго касмылявым твары не разабраць што.
— Дык, кажуць, пабіліся? — пытаецца вартавы.
— Было, — няпэўна адказвае Даніла. Мяркуючы па яго настроі, расказваць, як і што адбылося ўчора, у яго няма ахвоты.
— На гэтай чортавай вайне ўсё бывае. Мабыць, ты, Барада, на закурку багаты?
— Дзе там! Ацяробкі сабраў.
— Дык бычка пакінеш. А то ўжо два дні не курыў — вушы апухлі… З такімі, як гэты Брытвін, лепей не заядацца. Ну іх. Што нам — болей за ўсіх трэба?
— Пэўне. Нашто проціў ветру рукамі махаць? — пагаджаецца Даніла, напусціўшы ў яму дыму.
Размова не клеіцца, вартавы чакае «бычка», і Даніла з прагнай асалодай дацягвае цыгарку.
— На, куры.
Кончыкамі пальцаў вартавы асцярожна бярэ з Данілавых кіпцяў акурак і адыходзіць — ягоны цень слізгае па Данілавых ботах. Сцёпка выскрэбвае кацялок. Кулеш смачны, але малавата, з’еў бы і болей.
— Ну, пад’еў?
Сцёпка маўчыць: што яму размаўляць з чалавекам, ад якога немаведама чаго чакаць.
— Брытвіну аперацыю рабіць будуць. Хацеў, каб цябе прывялі.
Яшчэ чаго не хапала! Навошта яму ісці да Брытвіна — сварыцца хіба? Але сварка ўжо скончана. Цяпер слова — начальству, яно ўсё і вырашыць. У ягоных руках лёс Сцёпкі Таўкача.
— Доктар казаў, мала не пацэліў,— прадаўжае тым часам Даніла. — Яшчэ б трохі — і капец!
Чорт з ім! Гэтая навіна Сцёпку і не радуе, і не засмучае. Зусім ён не цэліў. Каб цэліў, дык доктар, мусіць, не спатрэбіўся б.
— I гэта самае… — Даніла чагось азіраецца, хоць побач нікога няма, і трошкі цішэйшым голасам гудзіць над ямай: — Казаў, на цябе не злуецца. Ну, выпілі, ведама… Калі па-добраму, дык можна дамовіцца.
Сцёпка паднімае голаў. Ён шчыра здзіўлены.
— Гэта як?
— А так, значыць. Сказаць, што незнарок. Выпадкам аўтамат стрэліў. А пра Міцю таго маўчок. Узарвалі, і ўсе.
— Не ўжо! Пайшоў ён у адно месца.
— Гэта самае… Нядобра ты! — настойліва бурчыць Даніла. — Пра сябе падумай. А то прыедзе камісар…
— Хай едзе!
Даніла зверху ўважліва, нібы нават не разумеючы, глядзіць у яму. Сцёпка ўстае і ставіць парожні кацялок ля яго ботаў.
— Хай едзе. Я не баюся!
Даніла круціць галавой, уздыхае. Увесь яго заклапочаны выгляд сведчыць, што ён не ўхваляе хлопца.
Неўзабаве ён пачынае ўставаць, абсыпаючы ў яму зямлю, потым падбірае кацялок, папраўляе на плячы зброю. I Сцёпка толькі цяпер бачыць у яго свой ППШ. Значыць, ужо і ўзброіўся. Сцёпка сядае на ранейшае месца. Нешта цвёрдае і на дзіва ўпэўненае ўжо авалодала ім і не саступае.
— Нядобра ты ўдумаў. Шкадаваць будзеш.
— За мяне не бойся.
— Ды мне што… Ось толькі абяцалі адпачынак, трое сутак. А цяпер…
Ён не дагаворвае, заклапочана пазірае ўбок, мусіць, на вартавога паблізу, і Сцёпка здагадваецца, што ён мае на ўвазе. Цяпер, калі яны не дамовіліся, мусіць, адпачынак у Данілы лясне.
I правільна, што лясне.
«Адпачынак за што? Хто сапраўды заслужыў яго, тых ужо няма. А гэтаму за якія заслугі? — думае Сцёпка. Не, нічога ў іх з Брытвіным не выйдзе. Хопіць хітрыць і выязджаць на чужым гарбе. Сцёпка вінаваты, яго, вядома, пакараюць, але раней ён раскажа, як усё гэта адбылося, і назаве Міцю.