Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
READ-E-BOOK » Военная проза » Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5
Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5 - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5

Электронная книга - «Поўны збор твораў у чатырнаццаці тамах. Том 5». Краткое содержание книги:

Гэта першы ў гісторыі Поўны збор твораў Народнага пісьменьніка Беларусі Васіля Быкава (1924–2003). Падчас укладаньня тамоў найперш улічвалася думка самога аўтара, які пасьпеў спланаваць праспэкт выданьня свайго 8-томнага Збору твораў.
У пяты том Поўнага збору твораў увайшлі аповесці «Круглянскі мост» (1968 г.), «Дажыць да світання» (1972 г.), «Воўчая зграя» (1974 г.), «Яго батальён» (1974 г.).
1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 221
Перейти на страницу:

— Ну, а табе не трэба. Малы яшчэ, — сказаў ён да Сцёпкі, нібы жартуючы, але і сапраўды бутэльку адставіў убок. Сцяпан перастаў жаваць.

— Хто малы, а хто стары. Давай сюды!

— Сап’ешся яшчэ. П’яніцам будзеш.

— Не тваё дзела. Дай бутэльку!

— Гэта хай камандзіру, — раптам маслена заўсміхаўся Даніла. — Камандзір — ён галава. Глядзі, як усё ўладзіў!

— Ладна, дай і яму, — махнуў рукой Брытвін. Даніла яшчэ раз паглядзеў на бутэльку — там было, мусіць, з паўшклянкі — і аддаў. Сцяпан, хоць і не меў да гарэлкі вялікай ахвоты, цяпер амаль са злосцю, зацяўшы дух, выцягнуў усё да кроплі.

— Глядзі ты! — здзівіўся Даніла. — Во моладзь пайшла!

Энергічна жуючы, Брытвін з лёгкім асуджэннем касіў на яго позіркам, а Сцёпка сядзеў да іх бокам і засяроджана еў. Мяса яму дасталося нямнога, ён хутка зжаваў яго. Заставаўся кавалак хлеба і маленькае, нібы галубінае, велікоднае яечка, якія ён пакідаў на пасля. Хлопцу было напляваць, што пра яго гаварылі гэтыя двое, ён не паважаў іх і не адчуваў ніякай удзячнасці за выпіўку. Ён ледзьве стрымліваў у сабе злосць, усё выразней адчуваючы, што ў гэтай даволі ўдалай аперацыі з мостам нешта нячыста. Тое, што ўсю дарогу і цяпер Брытвін упарта абыходзіў у размове Маслакова і Міцю, толькі пацвярджала яго падазрэнне, і гэта не магло не азвацца ў ім ранейшаю непрыязнасцю да ротнага.

— Ні павагі табе, ні ўступкі! Во моладзь! — бурчаў тым часам Даніла. — Раней гэтак не было.

— Што б вы рабілі без гэтай моладзі? — рззка сказаў Сцяпан, адчуваючы, як гняўлівая задзірыстасць узнімаецца ў ім з катастрафічнай няўхільнасцю. — Блох па хатах пладзілі б?!

Звычайна рахманы Даніла з-пад касмылявых брывей нядобра нацэліў на яго вузенькія шчылінкі вачэй.

— А ты нам не указ! Не камандзір, каб указваць.

— Надта ты, бачу, камандзіраў любіш. Каб камандавалі. Нябось, без каманды, пэўна, і ў лес не пайшоў? Чакаў, пакуль з печы сцягнуць!

— Маё дзела. Не табе папракаць. Смаркач яшчэ!

— Будзе, не заядайцеся! — абарваў сварку Брытвін. — Тоўкач хоць і злы, а смелы. Маладзец!

Сцёпка ўважліва паглядзеў на Брытвіна, але той на поўным сур’ёзе вытрымаў яго погляд. Хлопец, аднак, зласліва ўсміхнуўся аднымі вуснамі: не ўжо, на такую тайную прынаду яго не возьмуць.

— Хваліце? Таксама як і яго хвалілі?

— Гэта каго?

— Міцю, каго!

Брытвін выразна хмыкнуў.

— Ну, знаеш! Трэба было, дык і хваліў.

— А цяпер ужо не трэба? Цяпер мяне трэба? — хутка наліваючыся злосцю, адрывіста сказаў Сцёпка. Кавалак недажаванага хлеба мулка тырчаў за яго шчакой.

— А ты што, недавольны?

— Давольны!

— Слава богу. А то я падумаў, што ты ў абідзе: чаму я цябе, як учора Маслакоў, на мост не пагнаў?

«Ах, вось што!» — мільганула ў галаве ў Сцёпкі. Можа Брытвін яшчэ пачне папракаць яго за няўдзячнасць? Сапраўды, на мост не пагнаў, справу зрабілі, і ўсё як найлепш. Нават узрыўчатку для атрада сэканомілі. Але ўсё роўна да Маслакова яму далёка.

— Маслакоў не гнаў! — амаль крыкнуў, зрываючыся на сварку, Сцяпан. — Маслакоў вёў! Гэта ты гнаў!

— Каго я гнаў?

— А Міцю! Успомні!

Ну, так і ёсць! Тут ужо стала пэўна, што Сцёпка трапіў у яго балючае месца. Распяразаны, босы, Брытвін раптам ускочыў і ашчэрыўся на хлопца.

— Ах ты, сапляк! Абгаварыць хочаш? У мяне во — сведка! А ну, хай скажа: гнаў я ці ён сам пайшоу!

— Сам, сам! — хуценька пацвердзіў Даніла. — Прасіў Хрыстом богам. Каб, значыць, за бацьку апраўдацца.

— Паняў? Паліцэйскага сынок да таго ж! Не забудзь. Сцёпка маўчаў, трохі збянтэжаны гэтым неспадзяваным паваротам спрэчкі. Так, тут яны мелі рацыю. Прасіўся, гэта праўда. I што паліцаеў сынок, таксама праўда. Але што ж тады атрымліваецца?

— Выходзіць тады, гэты паліцаеў сын мост узарваў. А не мы. Так?

— Не, не так! — цвёрда сказаў, як адсек, Брытвін. — Мы ўзарвалі. Мы арганізавалі ўсё і кіравалі. Я кіраваў. Ці ты з гэтым не згодзен?

Сцёпка не ведаў чаму, але з гэтым ён сапраўды быў не згодны, хоць і пярэчыць болей не стаў. Мусіць, для сваркі з гэтым чалавекам ён быў слабак. Нешта ў яго галаве пераблыталася, усе гэтыя ўзаемазалежнасці і складанасці, і без таго не дужа зразумелыя яму, цяпер і зусім прыцьмелі — не разабрацца. Толькі нейкаю самай упартай і самай чуйнай часткай свае душы ён адчуваў, што Брытвін махлюе, і ён нізашто не мог памірыцца з ім.

Даніла пад штабелем драў жоўтымі рэдкімі зубамі кавалак мяса:

1 ... 33 34 35 36 37 38 39 40 41 ... 221
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)