Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Белая Дама: Аповесці - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Белая Дама: Аповесці

Электронная книга - «Белая Дама: Аповесці». Краткое содержание книги:

Сярод мясцовых людзей бытавала паданне, што ў старым кляштары ноччу з'яўляецца белая здань. Аўтара гэта зацікавіла, і ён пайшоў па слядах таго падання. Веданне гістарычных фактаў дало яму магчымасць перанесці падзеі ў XVII стагоддзе. Аповесць «Рэквіем» — пра разведчыка. Пісьменнік расказвае пра жахі, якія давялося зведаць патрыётам у глыбокім тыле на Гродзеншчыне ў часе нямецкай акупацыі, пра тое, што чакала гэтых самаахвярных людзей ужо ў мірны час.
1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 180
Перейти на страницу:

12.

Гэта здарылася ў беластоцкай турме на другі дзень пасля таго, як выклікалі маіх сяброў, суседзяў ды знаёмых на расстрэл, а я з братам па шчаслівай выпадковасці не трапіў таксама ў буды з брызентавым верхам. Немцы нам аб'явілі, што вывезуць усіх на работу ў Германію, паадчынялі нашыя камеры, далі па буханцы хлеба ды загадалі чакаць транспарту.

З Валодзькам мы згаварыліся ўцякаць, таму перад дарогай вырашылі добра падсілкавацца і вынялі ўсе свае запасы. Спачатку мы не звярнулі ўвагі на рэдкія стрэлы за глухім плотам. Паступова інстынктыўна адчулі — там адбываецца штосьці нядобрае, і нам адразу расхацелася есці.

Валодзька падкраўся да плота, прыпаў да шчыліны ў дошках. Падкраўся туды ды заглянуў у дзірку і я.

За плотам мы ўбачылі асноўную турэмную пляцоўку — вялікую, плошчай з гектар. Там раслі дрэвы, віднеліся леташнія загончыкі агародаў з рэшткамі бадылёў. Пад самым мурам чарнела вывернутая зямля. Злева ад яе стаяла маладая яўрэйка ды нейкі вясковы дзядзька, а справа з вінтоўкамі на плячах — два паліцаі: Чэсек Павала з Гарадка, Матрунін сын, і незнаёмы. Дзяўчына плакала. Селянін нерашуча чагосьці таптаўся, бытта на балоце выбіраў пад сабой цвярдзейшае месца, каб потым ускінуць на плечы мяшок бульбы. Паліцаі на іх не глядзелі, стаялі сабе мірна ды курылі.

Толькі цяпер мы з братам спахапіліся — гэта ж падворак адзіночных камер, тое страшнае месца, дзе расстрэльваюць некаторых вязняў. Транспарціроўка асуджаных адзіночак у Пяскі за горад, дзе гітлераўцы праводзілі масавыя расправы, патрабавала лішніх клопатаў. Тут фашысты расстрэльвалі тых, хто чаму-небудзь не трапіў у масавую магілу.

— Бяжым наверх,— кінуў мне брат, пазнаўшы ў селяніне дзядзьку Волеся з суседняй са Страшавам вёсачкі, са Свіслачан.

Мой брат разлічыў правільна — з другога паверха відаць лепш, што робіцца на пляцоўцы.

Калі мы выглянулі зверху праз акно, каля вывернутай зямлі нічога не змянілася. Цяпер можна было добра разгледзець квадратную зяпу чорнай ямы, а ў ёй — васковага колеру голыя целы. Ля ўваткнёнай у зямлю рыдлёўкі валяліся вопратка і абутак. Тоўстыя сцены і пустыя калідоры гоман выпушчаных з камер вязняў глушылі цалкам, затое дакладна было чуваць, што робіцца ў агароджаным наглуха двары.

— Дзядзьку, раздзявайцеся...— не то загадаў, не то папрасіў Волеся высокі паліцай і цыркнуў слінай праз зубы.

Мы пазналі яго.

Паліцай быў з той самай, што і дзядзька, глухой вёсачкі Свіслачаны,— ён і дня не хадзіў у школу. А Матрунін Чэсек дацягнуў толькі да пятага класа. Покуль іхнія бацькі пры буржуазнай Польшчы займаліся прарокам Альяшом з Грыбава, «абноўленымі» іконамі, хлопцы пасвілі кароў, а падросшы, на вячорках рэзалі адзін аднаго нажамі ды пілі гарэлку. Потым вясковага абармота з Свіслачан і гарадскога жуліка фашысты апранулі ў сапраўдныя мундзіры, выдзелілі ім паёк каўбасы ды папярос у сярэбранай фальзе і далі неабмежаваную волю піць і рабаваць.

Свіслачанскі дзядзька моўчкі сцягнуў з сябе замусолены пінжак. Дзяўчо не рухалася.

З-за вугла выглянуў афіцэр СС і нецярпліва ляпнуў чорнымі пальчаткамі сабе па начышчанай да люстранога бляску халяве.

— Лёс, бээндэн, абэршнэль!.. [12]— залямантаваў ён прарэзліва, нібы трэба было надта спяшацца, бо іх недзе вельмі чакаюць, бытта ён злавіў паліцаяў на злачынстве — бач, ухіляюцца ад выканання таго, што даўно павінна быць зроблена.

Паліцаі пакідалі папяросы, выцягнуліся смірна і адначасова адказалі:

— Яволь, гэр шэф!

Афіцэр знік.

Падагнаны дзядзька з вінаватай паспешлівасцю цягнуў ужо цераз галаву кашулю, выставіўшы белыя, як папера, плечы, перапаясаныя шляёй.

Чэсек штурхнуў яўрэйку ботам, закрычаў:

— Што-о, мо цябе гэта не датычыць таксама?!

— Хам! — з пагардай кінула дзяўчо, страціла раўнавагу і тыцнулася задам у свежы пясок.

— А-а, жыдоўская курва, ты шчэ будзеш агрызацца?! — разлютаваў тып.

Мы з братам не паспелі нават ахнуць, як Матрунін сын прыўзняў вінтоўку і стрэліў ва ўпор.

— Мама-а...— у бяссіллі, з нейкай крыўдай і абурэннем ды ўсё цішэй загаварыла дзяўчына, прагна хапаючы паветра.

Праз хвіліну яна выцягнулася на жоўтым пяску і нерухома застыла.

— Го?! — не то з захапленнем, не то са здзіўленнем, што гэтак хутка ўсё скончылася, выгукнуў другі ды піхнуў ахвяру ботам, пераканаўся, што мёртвая.

вернуться

12

Давай, прыконч іх, хутчэй!.. (Ням.)

1 ... 35 36 37 38 39 40 41 42 43 ... 180
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)