Мяжа па даляглядзе
- Автор: Клімковіч Максім
- Год: 1994
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- ISBN: 5-340-01020-1
- Жанр: Современная русская и зарубежная проза
Электронная книга - «Мяжа па даляглядзе». Краткое содержание книги:
— На дварэ дождж? — спытаў я.
— Не, туман,— Гражына пільна глянула мне ў твар. Вочы, пазбаўленыя макіяжу, выдалі бясколернымі. Яна адціснула насоўку проста на дыван.
— Вада ў возеры жахліва зімная, як снег. Затое вяртае яснасць думкі, а тут у цяпле зноў пачынаю раскісаць,— яна ўсхліпнула і прыклала насоўку спачатку да вачэй, потым да лба. — Так лепш. Як навязліва грукаціць рухавік і ўсё аддаецца ў скронях. Гэты твой Сак — хабёл. Ён хадзіў сачыць за мной. Уяўляеш — я была на беразе — цемрадзь і туман. Азірнулася, а за мной ледзь бачная нерухомая маўклівая постаць, я думала, гэта ты. Кажу: «Марцін! Нашто ты тут?» А ён моўчкі набліжаецца, і я ўжо бачу па абрысах, што гэта не ты, і раптам падалося, нібыта перада мною нябожчык — дзядзька Даўгалевіч. У цемры чаго не падасца? Асабліва калі чакаеш пабачыць. Я ўскрыкнула і тут пачула: «Змоўкні, дурніца, няма чаго табе тут швэндацца, ідзі ў хату, покуль я не перадумаў». Бачыш, дагэтуль рукі калоцяцца, а сам ён падаўся далей па беразе, спытай нашто? Там жа няма больш каго палохаць. Я бегла дадому і ўсё азіралася, нейкая дурная думка — нібыта нагоніць і пачне душыць. Ці проста мы ўсе тут павар'яцелі?
Рыпнулі ўваходныя дзверы.
Гражына змоўкла, сціснула маю руку.
На парозе з'явіўся Сак, павесіў электрычны ліхтарык на цвік, няспешна зняў плашч і падсеў да стала.
— Панове,— ён агледзеў залу,— так, усе сабраліся, толькі ніколі ўжо не будзе паміж нас дзядзькі Вадзіміра, сядайце да стала, нам ёсць над чым падумаць.
Усе моўчкі наблізіліся і паселі. Маршанскі нервова пачаў збіраць са стала карты. Сак прыняў з суседняга са сваім крэсла плашч і сказаў:
— А ты, Марцін, сядай, калі ласка, тут, зараз растлумачу нашто.
Ягоная ўпэўненасць гіпнатызавала ўсіх, здавалася, што сярод усеагульнай разгубленасці адзін ён ведае, што рабіць. Я кіўнуў Гражыне і сеў побач з Сакам, а ён тым часам казаў:
— Дзядзьку Вадзіміра забілі, і зрабіў гэта нехта з прысутных, нехта з вас,— ён павеў перад сабой рукою,— акрамя мяне і Марціна.
Ніхто не варухнуўся. Сак вытрымаў паўзу і ўстаў.
— Я на ўсялякі выпадак абышоў зараз выспу — нідзе ніякіх слядоў, ніхто, акрамя нас, сюды сёння не прыплываў, паўсюль некранутая раса і прыбіты ўчарашнім дажджом жвір на пляжы. Я разумею, наколькі цяжкае абвінавачванне толькі што супраць нас выставіў. Але ж забойства — факт, ударыць сябе ў сэрца і потым выкінуць нож у басейн сам Даўгалевіч не мог — самагубства адкідаецца адразу. Значыцца, трэба шукаць забойцу і, як я ўжо казаў, шукаць у межах гэтай залы.
— Ці не лепш пачакаць следчага? — Маршанскі ўсе перабіраў карты і ніяк не мог спыніцца.
— Чакаць? — Сак узвысіў голас. — Колькі? Тры дні? Покуль па нас прыплывуць? Ці пан спадзяецца пераплыць возера сам? Можна было б і пачакаць, але за гэтыя дні могуць знікнуць доказы забойства, як знік і Даўгалевічаў дзённік. Забойца наўрад ці будзе проста чакаць. Мо ён, ці яна, змые ўсе сляды крыві,— Сак выразна паглядзеў на Гражыну,— або яшчэ горш — рыхтуе наступную ахвяру, сведку, аднаго з нас, хто ведаў ці бачыў нешта важнае. Таму я лічу, што ў нашых жа інтарэсах высветліць усе зараз. Ды я не магу сядзець проста так, калі ведаю, што забойца ў адным са мной доме.
— Чаму вы знялі абвінавачванне з сябе, мне зразумела,— сказала Гражына,— але адкуль такая велікадушнасць да Марціна?
— Факты, і толькі факты,— Сак сашчапіў рукі на грудзях,— давайце я ўзнаўлю цяг падзей пад час забойства, і стане зразумела, чаму ні я ні Марцін не маглі забіць. Пачну з таго, як усе былі ў лазні. Першымі сышлі жанчыны. Потым сышоў Кяльміцкас, за ім Марцін і Маршанскі. Я ж застаўся дапіваць бутэльку разам з Даўгалевічам. Мне давялося паціху выліць віно, бо ён быў ужо страшэнна п'яны. Але ж калі Даўгалевіч згледзеў пустую бутэльку, то прапанаваў прынесці і выпіць удвух яшчэ адну, перад вячэрай, я яго адгаворваў, што больш піць не варта, але ён апрануўся і падаўся па наступную бутэльку. Я вырашыў, што адзін ён піць не будзе, і пачаў збірацца, каб пайсці.
Сутыкнуліся мы з ім у дзвярах, я пераняў бутэльку і выйшаў на калідор. Вы ўсе сядзелі ў гасцёўні за сталом і гулялі ў віст. Значыцца, на наступны момант расклад быў такі: мы ўсе сядзім у гасцёўні і толькі Даўгалевіч сам у лазні. Вы дагулялі партыю, і нехта прапанаваў да вячэры разысціся — прывесці сябе да ладу пасля лазні. Вы ўсе падаліся па пакоях, і толькі мы з Марцінам засталіся ў зале. Ты, Марцін, прычыніў дзверы на калідор і сеў за фісгармонію. Я спяваў, а ты акампаніраваў, бо мы хацелі павіншаваць дзядзьку Вадзіміра песняй. Спадзяюся, усе чулі музыку і голас?
— Усе,— сказала Гражына.