Багуслаў Радзівіл
- Автор: Даневская Ирина
- Год: 2018
- Язык: белорусский
- Год: Выдавец А. М. Янушкевіч
- Переводчик: Наталка Бабіна
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Багуслаў Радзівіл». Краткое содержание книги:
Прыгажун і адчайны каханак, небяспечны дуэлянт і тонкі палітык, дыпламат і адважны военачальнік, які асабіста прымаў удзел у бітвах Трыццацігадовай вайны, шведскага «Патопу» і Хмяльніччыны…
Гэтая кніга дазволіць чытачу наведаць Англію часоў рэвалюцыі, Францыю эпохі Рышэлье і Мазарыні, Галандыю, Бельгію, Германію, Аўстрыю, Малдавію, Рэч Паспалітую, перажыць разам з героем прыгоды на моры і на сушы, пабыць шкаляром, а затым і студэнтам універсітэта, пасяліцца ў вайсковым лагеры, прыняць удзел у баях і паядынках, павесяліцца на балях і ў жаночых пакоях, папрактыкавацца ў палітычных інтрыгах і, нарэшце, бліжэй пазнаёміцца са славутымі асобамі сусветнай гісторыі.
Пасля доўгага растання сустрэча бацькі і сына, вядома, была вельмі сардэчнаю. Гетман доўга трымаў Януша ў абдымках, а выпусціўшы, занепакоена агледзеў схуднелую за час хваробы фігуру і спакутаваны твар сына, на якім яшчэ дзе-нідзе відаць былі выродлівыя сляды воспы.
— Не так і дрэнна, — з палёгкай уздыхнуў ён. — Прынамсі, дзеўкі насамі круціць не будуць.
— Так, мне лёгка абышлося, — сказаў Януш. — Асабліва ў параўнанні з прынцам Казімірам, чыя агідная фізіяномія цяпер нагадвае чарвівы яблык…
Але, убачыўшы, што бацьку не падабаюцца такія словы, адкашляўшыся, спытаў:
— Як там Багуслаў?
— Наш разумнік расце як на дражджах, — ахвотна адказаў князь Крыштаф з добрай усмешкай, якая заўсёды з’яўлялася на яго твары пры згадцы пра пляменніка. — Зараз у Кейданах разам з сілезскім прынцам Хрысціянам Легніцкім, што да нас вучыцца прыехаў. Аднак я загадаў ехаць у Біржы, дзе архітэктар Піркен паглыбіць яго веды ў матэматыцы і ваеннай фартыфікацыі. І загадаў Саковічу, каб працягваў з княжычам фехтаваць, бо ў баі з прыёмаў месье дзю Берта мала толку будзе.
Пасля гэтых слоў бледны твар Януша зраўняўся колерам з чырвонымі шаўковымі стужкамі на яго камзоле з серабрыстага атласу.
— І ты давяраеш майго кузэна гэтаму сатане? — абурана ўсклікнуў ён.
— Вядома, — здзівіўся князь Крыштаф. — Адаму я б і жыццё даверыў… О, дачушка!
У пакой нячутна зайшла князёўна Катарына, і з яе прыходам думкі абодвух Радзівілаў вярнуліся да той справы, дзеля якой яны, уласна, і прыбылі ў Варшаву. Аднак дзяўчына, зразумеўшы, чаго чакае ад яе бацька, мела дастаткова розуму, каб усумніцца ў поспеху яго задумаў.
— Ужо шмат часу прайшло, як Уладзіслаў заляцаўся да мяне, — горка ўздыхнула яна. — Палюбоўніц у яго было пасля — не злічыць. А цяпер, кажуць, што кароль са Львова нейкую шлёндру прывёз, закахаўшыся ў яе па вушы. У каралеўскім палацы яе пасяліў, шляхецтва даў і ўсе ночы з ёй бавіць…
Князь-гетман адразу ж здагадаўся, адкуль ідуць такія падрабязныя звесткі, і раздражнёна азірнуўся на сына:
— Ты не мог прытрымаць язык?
— Шыла ў мяшку не схаваеш, — адмахнуўся Януш. — Сам у гэтым пераканаешся, калі наведаеш каралеўскі палац. Відаць, дзяўчына немалых талентаў, я ніколі не бачыў караля такім шчаслівым.
— Вось бачыш! — Кася дакорліва паглядзела на бацьку і так страсянула галавой, што яе рудыя кучары аж заскакалі вакол аблічча.
— Ты, дачка, ужо сябе са шлёндрамі раўняеш? — холадна пацікавіўся князь Крыштаф. — Ты лепш паглядай у бок Ганны Вішнявецкай, бо, як паведамляюць мае інфарматары, князь Ярэма ўсё стараецца сястру каля караля пасадзіць і сам-насам іх пакінуць.
— І пасаг за яе ці не ў шэсцьсот тысяч абяцае! — дадаў Януш.
— Вось-вось. Але ты не сумуй, маё сэрца, — ужо зусім лагодна сказаў гетман, заўважыўшы, што дачка яшчэ больш нахмурылася. — Каб ты моцна караля да сябе прывязала, дык я ў шчодрасці Вішнявецкаму ні ў чым не саступіў бы! Ва Уладзіслава ў кішэнях вецер гуляе, і ні адна з еўрапейскіх прынцэс, якіх яму сватаюць, такога пасагу не прынясе… А пра Ядвіжку не гаруй — з ёй кароль хоць і начуе, ды на сталец не пасадзіць.
— Зраблю ўсё, што змагу, — ціха сказала Катарына.
На наступны дзень Радзівілы паспяшаліся ў каралеўскі палац, дзе, як заўсёды, было поўна людзей. Аж у вачах мільгацела ад рознакаляровых убораў яснавяльможнага панства і іх початаў, чырвоных кардынальскіх і ліловых епіскапскіх мантый, беганіны слуг, што насіліся туды-сюды з рознымі даручэннямі, а ў галаве звінела ад сотняў галасоў, якія гулі тысячамі надакучлівых мух. Аднак Радзівілы пачуваліся ў гэтай мітусні нібы рыбы ў вадзе, умела рассякаючы натоўп, што расступаўся перад імі, як мора перад Майсеем і сынамі Ізраілевымі. Пан Глябовіч таксама быў там. Жадаючы, каб яго прадставілі чароўнай князёўне, ён кінуўся наўздагон Радзівілам. Каб іх дагнаць, юнаку прыйшлося нямала пастарацца, і ўсё дарма, бо князь-гетман зусім яму не ўзрадаваўся.
— А, пане Глябовіч, — халодна павітаўся ён і адразу ж патлумачыў прычыны сваёй няветлівасці: — Мне сказалі, што ты перадаў некалькі кальвінісцкіх храмаў у сваіх уладаннях каталікам?