Прыгоды АРА у Беларусі
- Автор: Лукашук Аляксандар
- Год: 2005
- Язык: белорусский
- Год: Радыё Свабодная Эўропа/ Радыё Свабода
- ISBN: 0929849-07-8
- Жанр: История
Электронная книга - «Прыгоды АРА у Беларусі». Краткое содержание книги:
Жыхары Беларусі выказвалі АРА шматлікія падзякі. Камуністычныя ўлады чынілі перашкоды, замоўчвалі й хлусілі. Некаторыя мясцовыя супрацоўнікі АРА былі ўнесеныя ў чорныя сьпісы, абвінавачаныя ў шпіянажы й рэпрэсаваныя.
Наведнік дастаў з-пад лахманоў шэсьць картак з выклікам на атрыманьне пасылак з вопраткай, якія ўразілі Ўілабі яшчэ больш, чым усё папярэдняе:
Калі гэты наведнік не атрымае шэсьць пасылак з вопраткай ад вядомага брокера з Ўол-Стрыт, ад знакамітага вашынгтонскага дыплямата, ад сталёвага магната зь Пітсбургу, ад пэўнай папулярнай асобы найвышэйшага сьвету Нью-Ёрку, ад уплывовага выдаўца з Чыкага й ад папулярнага амэрыканскага спартоўца, дык толькі таму, што гэты малады чалавек не належаў да арыстакратыі, ніколі ня быў у Штатах, але мае свой уласны друкарскі станок, на якім і надрукаваў карткі.
Сустрэча з паліглётам-круцялём не астудзіла энтузіязму Ўілабі, які распачаў новую кампанію дапамогі вельмі важнай, на ягоную думку, катэгорыі насельніцтва. Ён пісаў свайму начальству ў Маскву:
Так здарылася, што інтэлігенцыя дагэтуль была больш-менш забытая. Гэта не вылучная віна АРА. З прычыны вялікае нястачы нашая дапамога была разьмеркаваная яшчэ да таго, як мы змаглі разгледзець асабістыя звароты. Як вядома, прафэсары, настаўнікі, музыканты, інжынэры, юрысты самыя апошнія выходзяць наперад, каб папрасіць нешта для сябе асабіста.
Лекцыі не чытаюць у паліто, — так тлумачыў кіраўнік акругі сваё рашэньне перадаць першыя рэчавыя пасылкі ў Беларускі дзяржаўны ўнівэрсытэт:
Першыя 19 пасылак адзеньня былі перададзеныя 19 унівэрсытэцкім прафэсарам, якія былі апранутыя значна горш, чым прыдатна для іх працы. Яны мусілі ня толькі пераносіць холад у рызьзі, але, што горш, мусілі штодня прыходзіць так чытаць лекцыі ў вялікай аўдыторыі. Зьняць паліто ў такой аўдыторыі, незалежна ад тэмпэратуры й працягласьці лекцыі, было для іх немагчыма — з прычыны гонару.
Харчовыя пасылкі дапамагалі перажыць дзень, рэчавыя дапамагалі выжыць.
Многія гады пасьля ад’езду амэрыканцаў у Беларусі будуць насіць спадніцы й гарнітуры, пашытыя з араўскай тканіны. Іх уладальнікі будуць пазнаваць адно аднаго — але будуць навучаныя, што хваліць амэрыканскую якасьць ужо ня час.
15
Дзеці, дзеці, дзеці: Менск выходзіць наперад
Згубіла дачку. — Аргумэнты для прэсы. — Брызэнт замест чаравікаў. — Рацыён павялічаны. — Немарксісцкія парады. — 1 тысяча пудоў мыла. — Амэрыканскі аўкцыён без амэрыканцаў. — Пэдыятры ад АРА
Ёй было тры гады,
Яна гаварыла толькі на цяжкай мове беларусаў,
Яна была напалоханая.
Так пачыналася нататка для амэрыканскае прэсы, якую напісаў Чарлз Ўілабі. Такія публікацыі спрыялі збору ахвяраваньняў у ЗША для дзяцей, якіх карміла, лячыла й апранала АРА ў Беларусі.
Магчыма, яе звалі Тацяна. Напэўна сказаць цяжка, бо:
Ёй было тры гады,
Яна шапялявіла,
Яна гаварыла толькі на цяжкай мове беларусаў,
Яе пакінулі адну,
Яна была напалоханая.
Яна сядзела ў пакоі выдачы пасылак АРА ў Менску й ня ведала, што рабіць.
Паўтузіна супрацоўнікаў спрабавалі высьветліць, як дзяўчынка тут апынулася. Пару гадзінаў перад тым яна прыйшла разам з маці, якая чакала пасылку з пшанічнай мукой, цукрам і какавай. Ёй паведамілі, што пасылкі выдаюць у суседнім складзе. Маці патлумачылі, як яго знайсьці, і яна пабегла, пакінуўшы дзіцё. Праз колькі гадзінаў напалоханая малая зьвярнула на сябе ўвагу.
Ўілабі пісаў:
Беларуская мова адрозьніваецца ад расейскай. Малая была напалоханая, і цяжка было ўведаць яе адрас. Калі офіс зачыніўся, нехта ўзяў яе да сябе. Наступнай раніцай бяспамятная маці зьявілася ў доме, дзе жылі амэрыканцы, і забрала дачку. Узрушаная пасылкаю зь ежай, якая была большая, чым яна меркавала, — а ежы было на суму 10 даляраў, унесеных сваяком у Штатах, — маці забылася на дачку.
Мэлядраматычны стыль, які Ўілабі часам ужываў у сваіх паведамленьнях, меў на мэце перш за ўсё прыцягнуць дадатковую дапамогу дзецям у Беларусі. Нягледзячы на канфлікты з уладамі, ГПУ, прафсаюзамі, Ўілабі закідваў цэнтральны офіс просьбамі:
Найвялікшая патрэба Беларусі сёньня — абутак і вопратка для дзяцей. Зімой надта халодна, а дзеці практычна распранутыя, маюць толькі летняе адзеньне. Менскай акрузе тэрмінова трэба 25 тысяч пар абутку з панчохамі й сама меней 20 тысяч камплектаў адзеньня для хлопчыкаў і дзяўчатак.