Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 185
Перейти на страницу:

«…першыя месяцы я плакала, а тады перастала. Слёзы хутка канчаюцца. Больш за ўсё баялася мужчын, і знаёмых, і незнаёмых. Зацягнуць у дом, у машыну… «Красівайа! Дэвушка, давай паябёмся…» Суседскую дзяўчынку аднакласнікі згвалцілі. Таджыкскія хлопчыкі, якіх мы ведалі. Яе маці пайшла ў сям’ю да аднаго. «Навошта сюды прыехала? — крычалі на яе. — Валі ў сваю Расію. Хутка вас, рускіх, тут, наогул, не застанецца. У адных трусялях пабежыцё».

«…навошта мы туды паехалі? Па камсамольскай пуцёўцы. Будавалі Нурэкскую ГЭС, алюмініевы завод… Я вучыла таджыкскую мову: чайхана, піяла, арык, арча, чынара… «шураві» называлі нас. Рускія браты».

«…я сню ружовыя горы — міндаль цвіце. А прачынаюся ўся ў слязах…»

«…у Баку… Жылі мы ў дзевяціпавярховым доме. Раніцай вывелі армянскія сем’і ў двор… Усе вакол іх сабраліся, і колькі было людзей, столькі падышло да іх, кожны чымсьці стукнуў. Маленькі хлопчык… гадоў пяць… ён падышоў і ўдарыў дзіцячай рыдлёўкай. Старая азербайджанка яго пагладзіла па галаве…»

«…а нашыя сябры, яны таксама былі азербайджанцы, але яны нас хавалі ў сябе ў падвале. Закідалі смеццем, скрынкамі. Прыносілі ноччу ежу…»

«…раніцай бягу на працу — на вуліцах трупы ляжаць. Валяюцца, або сядзяць каля сцяны, сядзяць, як жывыя. Кагосьці накрылі дастарханам (абрусам), а кагосьці не. Не паспелі. У большасці выпадкаў ляжалі распранутыя… і мужчыны, і жанчыны… Тых, што сядзелі, тых не распраналі, іх жа не разагнуць…»

«…раней я думаў, што таджыкі — як дзеці, нікога не пакрыўдзяць. За паўгода, можа, нават менш часу прайшло, Душанбэ было не пазнаць, і людзей не пазнаць. Моргі перапоўненыя. Раніцай на асфальце, пакуль не затопчуць, згусткі застылай крыві… як халадзец…»

«…некалькі дзён запар яны хадзілі паўз наш дом з плакатамі: «Смерць армянам! Смерць!» Мужчыны і жанчыны. Старыя і маладыя. Раз’юшаны натоўп, ніводнага чалавечага твару. Газеты былі запоўнены аб’явамі: «Мяняю трохпакаёвую кватэру ў Баку на якуюкольвек кватэру ў якім-кольвек горадзе Расіі…» Сваю кватэру мы прадалі за трыста долараў. Як халадзільнік. А не саступілі б за гэтыя грошы, маглі забіць…»

«…а мы за сваю кватэру купілі: мне — кітайскі пухавік, а мужу — цёплыя чаравікі. Мэблю, посуд… дываны… усё пакінулі…»

«…жылі без святла і газу… без вады… На рынку кошты жахлівыя. Каля нашага дома адкрыўся кіёск. Там прадавалі кветкі і пахавальныя вянкі. Толькі кветкі і вянкі…»

«…уначы на сцяне суседняга дома нехта напісаў фарбай: «Бойся, руская сволач! Твае танкісты табе не дапамогуць». Рускіх здымалі з кіроўных пасад… стралялі з завуголля… Горад неўзабаве стаў брудным, як кішлак. Чужы горад. Не савецкі…»

«…забівалі за ўсё… Не там нарадзіўся, не на той мове размаўляеш. Не спадабаўся камусьці з аўтаматам… А да таго як мы жылі? У святы першы тост у нас быў «за сяброўства» «ес кес сірум эм» (па-армянску — я цябе люблю). — «Ман сані севірам» (па-азербайджанску — я цябе люблю). Жылі разам…»

«…простыя людзі… Нашыя знаёмыя таджыкі зачынялі сваіх сыноў на ключ, не выпускалі з дому, каб іх не навучылі… не прымусілі забіваць».

«…з’язджаем… Селі ўжо ў цягнік, пара з-пад колаў прэ. Апошнія хвіліны. Хтосьці даў па колах чаргу з аўтамата. Салдаты стаялі калідорам, прыкрывалі нас. Калі б не салдаты, то мы жывымі нават да вагонаў не дабеглі б. І калі цяпер я бачу, што паказваюць вайну па тэлевізары, я адразу чую… Гэты пах… пах смаленага чалавечага мяса… млосны… цукеркавы пах…»

Праз паўгода ў мужа першы інфаркт… яшчэ праз паўгода — другі… У яго сястры інсульт. Праз усё гэта… Я вар’яцела… А вы ведаеце, як вар’яцеюць валасы? Яны становяцца цвёрдымі, як лёска. Валасы вар’яцеюць першымі… Ну хто ж вытрымае? Маленькая Карына…

Удзень нармальнае дзіця, а стане цямнець за акном, яна дрыжыць. Крычыць: «Мама, не сыходзь! Я засну, а вас з татам заб’юць!» Я бегла раніцай на працу і прасіла Бога, каб мяне збіла машына. Ніколі не хадзіла ў царкву, а тут гадзінамі на каленях стаяла: «Найсвяцейшая Багародзіца! Ты мяне чуеш?» Перастала спаць, не магла есці. Я — не палітык, я ў палітыцы не разбіраюся. Мне проста страшна. Што вы яшчэ хочаце ў мяне спытаць? Я ўсё расказала… Усё!

ПРА САМОТНАГА ЧЫРВОНАГА МАРШАЛА І ТРЫ ДНІ ЗАБЫТАЙ РЭВАЛЮЦЫІ

1 ... 34 35 36 37 38 39 40 41 42 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)