Бесплатная библиотека
Читайте книгу на сайте или телефоне
Час second-hand - Читать Любимую Русскую Полную Книгу 👉 Read-E-Book.com

Час second-hand

Электронная книга - «Час second-hand». Краткое содержание книги:

“Час second-hand” — кніга пісьменніцы Святланы Алексіевіч, апошняя з серыі, прысвечанай “гісторыі вялікай і страшнай утопіі — камунізму”: Вялікая Айчынная вайна, Афганістан, Чарнобыль і, нарэшце, развал сацыялістычнай імперыі... Кніга перакладзеная на многія еўрапейскія мовы і ўжо атрымала прэстыжныя прэміі нямецкіх кнігадрукароў і французскіх медыяў.
У прадмове аўтарка піша: “За семдзесят з лішкам гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — “homo soveticus”. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя называюць яго “саўком”. Мне здаецца, я ведаю гэтага чалавека, ён мне добра знаёмы, я побач з ім, поплеч, пражыла шмат гадоў. Ён — гэта я. Гэта мае знаёмыя, сябры, бацькі. Некалькі гадоў я ездзіла па ўсім былым Савецкім Саюзе, бо homo soveticus — гэта не толькі рускія, але і беларусы, туркмены, украінцы, казахі... Цяпер мы жывем у розных дзяржавах, размаўляем на розных мовах, але нас ні з кім не зблытаеш...”
1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 185
Перейти на страницу:
«Сталин — наша слава боевая, Сталин — нашей юности полет, С песнями, борясь и побеждая,  Наш народ за Сталиным идет…»

І — так! Так! Так! Найвялікшая мара — памерці! Прынесці сябе ў ахвяру. Камсамольская клятва: «Гатовая аддаць сваё жыццё, калі яно спатрэбіцца майму народу». І гэта былі не проста словы, нас сапраўды так выхавалі. Калі па вуліцы ішла калона салдат, усе спыняліся… Пасля Перамогі салдат здаваўся незвычайным чалавекам… Калі я ўступала ў партыю, я напісала ў заяве: «З праграмай і статутам знаёмілася і прызнаю. Гатова аддаць усе сілы, а калі трэба будзе, і жыццё сваёй Радзіме». (Глядзіць на мяне ўважліва.) А вы што пра мяне думаеце? Ідыётка, так? Інфантыльная… Некаторыя мае знаёмыя… дык яны адкрыта смяюцца: эмацыйны сацыялізм, папяровыя ідэалы… Так я ў іх вачах выглядаю. Тупая! Даун! Вы — інжынер чалавечых душ. Хочаце мяне суцешыць? Пісьменнік у нас — не проста пісьменнік. Настаўнік. Духоўнік. Гэта раней, а цяпер ужо не так. Шмат людзей у цэрквах на службе стаяць. Сапраўдных вернікаў мала, большасць — пакутнікі. Як вось і я… з траўмай… Я не па каноне веру, а сэрцам. Малітваў не ведаю, а малюся… Бацюшка ў нас — былы афіцэр, усё пра войска казанні чытае, пра атамную бомбу. Пра ворагаў Расіі і масонскія змовы. А я іншых слоў хачу, зусім іншых слоў… не гэтых. А вакол толькі гэтыя… Шмат нянавісці… Няма месца, дзе можна душой прытуліцца. Уключу тэлевізар, і там тое ж самае… Адны праклёны… Усе адмаўляюцца ад таго, што было. Праклінаюць. Улюбёны мой рэжысёр Марк Захараў, цяпер я яго не так люблю і не веру яму так, як раней… ён спаліў, гэта па тэлевізары паказвалі, свой партбілет… публічна. Гэта ж не тэатр! Гэта — жыццё! Маё жыццё. Хіба так можна з ім? З маім жыццём… Не трэба гэтых шоу… (Плача.)

Я не паспяваю… Я з тых, хто не паспявае… З цягніка, які ляцеў у сацыялізм, усе хутка перасаджваюцца ў цягнік, які імчыць у капіталізм. Я спазняюся… Смяюцца з «саўка»: ён і быдла, ён і лох. З мяне смяюцца… «Чырвоныя» — ужо звераватыя, а «белыя» — рыцары. Сэрца маё і розум — супраць, на фізіялагічным узроўні не прымаю. Не адношу да сябе. Не магу, не здольная… Гарбачова я вітала, хоць крытыкавала… ён быў… цяпер гэта зразумела, як і ўсе мы, ён быў летуценнікам. Пражэкцёрам. Можна сказаць так. Але да Ельцына я была не гатовая… Да рэформаў Гайдара. Грошы зніклі ў адзін дзень. Грошы… і нашае жыццё… Усё імгненна згубіла вартасць. Замест светлай будучыні пачалі гаварыць: узбагачайцеся, любіце грошы… Пакланяйцеся зверу гэтаму! Увесь народ быў да гэтага не гатовы. Ніхто не марыў пра капіталізм, пра сябе дакладна скажу, што я не марыла… Мне падабаўся сацыялізм. Гэта былі ўжо брэжнеўскія гады… вегетарыянскія… людаедскіх гадоў я не заспела. Спявала песні Пахмутавай: «Под крылом самолета о чем-то поет зеленое море тайги…» Збіралася шчыра сябраваць і будаваць «голубые города». Марыць! «Я знаю — город будет…», «здесь будет город-сад…» Любіла Маякоўскага. Патрыятычныя вершы, песні. Гэта настолькі важна было тады. Так шмат для нас азначала. Ніхто не пераканае мяне, што жыццё дадзена толькі для таго, каб смачна есці і спаць. А герой той, хто купіў нешта ў адным месцы, а прадаў у іншым на тры капейкі даражэй. Нам цяпер гэта ўцямяшваюць у галовы… Выходзіць, дурнямі былі ўсе тыя, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля іншых. За высокія ідэалы. Не! Не! Стаю ўчора ў краме… Бабулька наперадзе лічыць капейкі ў кашальку, пералічвае, і ў рэшце рэшт купляе сто грамаў найтаннейшай каўбасы… «сабачай»… і два яйкі. А я яе ведаю… яна ўсё жыццё адпрацавала настаўніцай…

Не магу я радавацца гэтаму новаму жыццю! Мне не будзе ў ім добра, мне ніколі не будзе добра адной. Адной… А жыццё ссоўвае, ссоўвае мяне на гэтую гліну. На зямлю. Маім дзецям давядзецца жыць па гэтых законах. Я ім не патрэбная, я такая смешная. Усё маё жыццё… перабірала нядаўна паперы і натрапіла на свой юнацкі дзённік: першае каханне, першы пацалунак і цэлыя старонкі пра тое, як я люблю Сталіна і гатовая памерці, каб яго ўбачыць. Нататкі вар’яткі… Хацела выкінуць — не змагла. Схавала. Страх: толькі б яны нікому на вочы не патрапілі. Будуць кпіць, смяяцца. Нікому не паказала… (Маўчыць.) Я шмат што незразумелае для здаровага чалавека памятаю. Рэдкі экзэмпляр, так! Які псіхатэрапеўт радаваўся б… Праўда?! Вам са мной пашанцавала… (І плача, і смяецца.)

Спытаеце… Вы мусіце спытаць, як гэта спалучалася: нашае шчасце і тое, што па кагосьці прыходзілі ўначы, кагосьці забіралі? Нехта знік, нехта галасіў за дзвярыма. Я гэтага чамусьці не памятаю. Не памятаю! А памятаю, як цвіў вясною бэз, і масавыя гулянні, драўляныя ходнікі, нагрэтыя сонцам. Водар сонца. Бліскучыя парады фізкультурнікаў і сплеценыя з жывых чалавечых целаў і кветак імёны на Чырвонай плошчы: Ленін — Сталін. Я і маме задавала гэтае пытанне…

1 ... 31 32 33 34 35 36 37 38 39 ... 185
Перейти на страницу:
0
Сюжет
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Атмосфера
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Главный герой
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
0
Общее впечатление
  • 1
  • 2
  • 3
  • 4
  • 5
  • 6
  • 7
  • 8
  • 9
  • 10
Итоговая оценка: 0.0 из 10 (голосов: 0 / История оценок)