Святло зямное
- Автор: Вярцінскі Анатоль
- Год: 1981
- Язык: белорусский
- Год: Мастацкая літаратура
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Святло зямное». Краткое содержание книги:
Паэзіі Анатоля Вярцінскага характэрна паглыбленая ўвага да духоўнага свету сучасніка, імкненне па-філасофску асэнсаваць складаныя з'явы жыцця. У зборнік увайшлі лепшыя творы паэта з кніг «Песня пра хлеб», «Чалавечы знак», «З'яўленне», «Ветрана».
Перейти на страницу:
НЕКРАЛОГ
Пасля хваробы,
цяжкой і працяглай
(шмат дзён
аднаго прасіла: «Піць»,
адно паўтаралі вусны засмяглыя.
Ледзь-ледзь трымцела
жыцця Яе ніць.
Калі памірала, не быў з Ёй я.
Таму яшчэ больш балюча і крыўдна),
памерла Яна, маці мая.
Для вёскі —
цётка Александрына.
Пасады розныя займала.
На розных пастах была Яна.
Ля печы стаяла, мыла, лён мяла,
сена сушыла, роды прымала,
сеяла, шыла...
Хіба гэта мала?
Працавала
з відна да цямна.
Быў вечны той кругаварот.
Па сумяшчальніцтву даглядала
калгаснае поле
і свой агарод.
Словам, займала пасад нямала.
Словам, пасада была адна —
працавала
з відна да цямна.
Яе незвычайныя справы i дзеянні?
Такіх на рахунку Яе не было.
Затое можа пацвердзіць сяло:
быў подзвігам
кожны белы дзень Яе
Не мела ўрадавых узнагарод.
Ды што Ёй граматы ганаровыя!
Былі б толькі дзеці Яе здаровыя,
да быў бы ўраджайны год.
Медалі таксама Ёй не давалі.
Ёй не давалі арданы.
Навошта Ёй былі яны.
Абы не было толькі вайны.
Абы пісалі пісьмы сыны
ды сена хапіла да вясны.
Яна і не думала і пра медалі.
Якія выносілі Ёй падзякі?
Не ведаю, як наконт падзяк,
а вось няўдзячнасці ўсякай
яна пабачыла. Гэта так...
Хай будзе лёгкай Табе зямля,
Працаўніца, Гаспадыня,
Маці! Родная маці мая!
Для вёскі —
цётка Александрына.
Перейти на страницу: