Маска чырвонае смерці
- Автор: По Эдгар Аллан
- Год: 2011
- Язык: белорусский
- Год: Кнігазбор
- ISBN: 978-985-7007-03-5
- Переводчик: Сяргей Шупа
- Жанр: Прочая поэзия
Электронная книга - «Маска чырвонае смерці». Краткое содержание книги:
— Нягоднік! — прамовіў я сіплым ад гневу голасам, і кожны гук, здавалася, толькі распаляў мяне. — Нягоднік! Самазванец! Пракляты зламыснік! Ты не будзеш, не будзеш пераследаваць мяне да смерці! Ідзі за мной, іначай я закалю цябе проста на месцы! — і я кінуўся з танцавальнай залы ў невялікі вестыбюль па суседстве, цягнучы яго за сабой і не адчуваючы супраціву.
Увайшоўшы, я ашалела адпіхнуў яго ад сябе. Ён, пахіснуўшыся, апынуўся ля сцяны, а я, з пракляццямі сяк-так замкнуўшы дзверы, загадаў яму рыхтавацца да абароны. Ён на імгненне завагаўся, але, пагардліва ўздыхнуўшы, моўчкі стаў у пазіцыю.
Бойка была кароткай. Я быў апантаны і надзвычай узрушаны, таму адчуваў, што мая рука мае сілу і моц цэлага натоўпу. За колькі секунд я прыціснуў яго да сцяны і, атрымаўшы ўладу над ім, з жывёльнай жорсткасцю шмат разоў пракалоў рапірай ягоныя грудзі.
У гэты момант нехта паспрабаваў адчыніць дзверы. Я паспяшаўся перадухіліць умяшальніцтва і адразу ж вярнуўся да паміраючага суперніка. Але якой чалавечай мовай можна дакладна перадаць здзіўленне і жах, якія завалодалі мной ад таго, што я ўбачыў? Кароткага імгнення, калі я адвёў вочы, было дастаткова для кардынальнай перамены ў іншым канцы памяшкання. Вялікае люстэрка — так спачатку падалося мне, збянтэжанаму, — стаяла там, дзе раней нічога не было, і калі я ў жаху зрабіў крок наперад, маё адлюстраванне, бледнае і акрываўленае, зрабіла няцвёрды крок насустрач.
Я сказаў, так мне падалося, але гэтак не было. Гэта быў мой супернік — гэта быў Вільсан, які стаяў перада мной у перадсмяротных пакутах. Ягоныя маска і плашч ляжалі на падлозе, куды ён кінуў іх раней. I аніводная нітачка ў ягоным адзенні, аніводная лінія ў яго беспамылкова пазнавальных і непаўторных рысах не адрозніваліся ад маіх уласных!
Гэта быў Вільсан, але ён болей не шаптаў, і мне нават падалося, што гэта я сам прамовіў:
— Ты перамог, і я скараюся. Але цяпер ты таксама мёртвы — для Свету, для Нябёсаў, для Надзеі! Ува мне ты існаваў — і ўпэўніся па гэтым абліччы, якое ёсць тваім уласным, як незваротна маёю смерцю ты загубіў самога сябе!
Пераклаў Віталь Рыжкоў
Праўда пра тое, што здарылася з містэрам Вальдэмарам
Безумоўна, я не збіраюся ўдаваць здзіўленне з нагоды таго, што надзвычайны выпадак з містэрам Вальдэмарам выклікаў столькі чутак. Было б дзіўна, калі б сталася наадварот, асабліва ўлічваючы абставіны. Праз тое, што ўсе, хто меў дачыненне да гэтае справы, хацелі пазбегнуць агалоскі, хаця б у найбліжэйшы час альбо да таго, як мы знойдзем магчымасць працягнуць даследаванні, менавіта праз нашыя спробы абысці гэта маўчаннем абставіны справы дайшлі да публікі ў перабольшаным і скажоным выглядзе, нарадзіўшы мноства непрыемных і памылковых тлумачэнняў, а гэта, натуральна, выклікала вялікі недавер.
I таму неабходна, каб я цяпер паведаміў факты, наколькі я сам здолеў іх зразумець. Калі сцісла, то вось яны.
Апошнія тры гады маю ўвагу неаднаразова прыцягвала пытанне месмерызму*. Каля дзевяці месяцаў таму мне раптам прыйшло ў галаву, што да сённяшняга часу гэтыя эксперыменты мелі адзін істотны і невытлумачальны недахоп: яшчэ нікога не падвяргалі месмерычнаму ўздзеянню in articulo mortis [14]. Варта было высветліць, па-першае, ці паддаецца чалавек у такім стане гіпнозу, па-другое, мацнейшае ці слабейшае яго ўздзеянне ў такім выпадку, і па-трэцяе, ці можна такім чынам запаволіць надыход смерці, і калі можна, то на які час і ў якой ступені. Былі яшчэ некаторыя пытанні, якія няблага было б высветліць, але гэтыя тры, і асабліва апошняе — зважаючы на вялізную важнасць меркаваных вынікаў, — цікавілі мяне найбольш.
Шукаючы ў сваім атачэнні таго, з чыёй дапамогаю я мог бы гэтыя дапушчэнні праверыць, я ўспомніў пра свайго сябра — містэра Эрнэста Вальдэмара, вядомага збіральніка «Bibliotheca Forensica» [15] і аўтара (пад nom de plume [16] Ісахара Маркса) перакладаў на польскую «Валенштайна»* і «Гарганцюа». Містэр Вальдэмар, які з 1839 года жыў пераважна ў Гарлеме, у штаце Нью-Ёрк, звяртаў на сябе ўвагу, прынамсі раней, надзвычайнай худзізною — ягоныя ніжнія канцавіны вельмі нагадвалі ногі Джона Рэндалфа*, — а таксама белымі бакенбардамі, якія рэзка кантраставалі з чорнымі валасамі, і праз гэта іх вельмі часта памылкова ўважалі за парык. Надзвычайная нервовасць рабіла яго вельмі прыдатным аб'ектам для месмерычнага эксперымента. Два-тры разы я ўсыпляў яго без асаблівых цяжкасцяў, але ў астатнім ён не апраўдаў надзеяў, якія выклікалі ў мяне асаблівасці ягонага целаскладу. Ягоную волю мне ні ў якай ступені не ўдалося падпарадкаваць сабе ні разу, а што да clairvoyance [17], то я не здолеў дасягнуць нічога з таго, на што спадзяваўся. Я заўсёды тлумачыў свае няўдачы ў гэтым ягоным расстроеным здароўем. За некалькі месяцаў да нашага знаёмства ягоныя дактары выявілі ў яго сухоты. Зазвычай ён гаварыў пра свой блізкі скон спакойна, як пра непазбежнасць, не вартую шкадаванняў.
14
Пры смерці, у агоніі (лац.).
15
Судовай бібліятэкі (лац.).
16
Псеўданімам (фр.).
17
Яснабачання (фр.).