Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц
- Автор: Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч
- Год: 1995
- Язык: белорусский
- Год: Юнацтва
- ISBN: 5-7880-0898-0
- Жанр: Историческая проза
Электронная книга - «Каласы пад сярпом тваiм. Кніга першая. Выйсце крыніц». Краткое содержание книги:
— A нашы і не ведалі…
— Вашы мала з кім сустракаюцца. Шляхта кажа: грэбуюць, заганарыліся… Ды і я толькі што чуў пра яго. Але ж які чорны! Я і не думаў, што можна быць такім чорным.
Старая з дзяўчынкай і пан Юры ішлі ўжо да сходаў.
— Ды нашто ён вам? — спытаў пан Юры.
— A я i сама не ведаю нашто. Але ж павагу аказаў чалавек, нельга не ўзяць.
Старая ўсміхнулася:
— Мурын… Розныя дзiвы бываюць… ой, розныя!
I занепакоена спытала ў бацькі:
— Быў жа, здаецца, святы з мурынаў? Ці, можа, не?
— Быў, — сказаў бацька. — Здаецца, Хведар-мурын.
— Ну вось, — уздыхнула з палёгкаю Клейна. — A я ж і спрачалася, што быў. Таксама, значыць, божыя душы. З сабак, скажам, a ці то з малпаў святых не бывае, не папусціць бог.
— A людзі папусцяць?
— Людзі, брат, за грошы ўсё што хочаш папусцяць. Люцыпару псалмы складаць будуць, бацькаўшчынай гандляваць, ды яшчэ і ў Бібліі адпаведнае месца адшукаюць, што бог, маўляў, і гэта ім дазволіў.
— Святых жа, здаецца, на ўсяленскіх саборах зацвярджалі? — блюзнерыў бацька.
— A там што, не людзі? Таксама, брат, людзі. Не серафімскімі ж крыламі яны ў Нікеі Арыя завушалі. Звычайнымі кулакамі… Біліся, як мой Марка ў карчме.
— Які гэта Марка?
— Быццам і не ведаеш? Таго, што на аброку? A божа ж мой, Марку майго ён не ведае! Ды той самы, што ў Сухадоле па вулках хлеб без скарынкі возіць…
Бацька пырснуў. Бабуля падазрона паглядзела на яго.
— A ты не блазнуй. Бог усё бачыць. I твае смяшкі, і Марку, і прагнасць людскую, і нікейскія "серафімскія крылы".
Усміхнулася:
— Бываюць, значыць, з мурынаў святыя. Я ж казала, божыя душы. Значыць, заўтра ж ахрышчу, цябе вазьму хросным бацькам…
— Ды які я яму хросны? — зарагатаў бацька.
— A ты маўчы. Гэта і мне і табе залічыцца, за многія твае грахі. Дамо яму імя ў памяць пакутніка Яна… A там я падумаю-падумаю ды і ў прыёмышы яго вазьму.
— Прыгоннага.
— Ды які ён прыгонны? Ён жа чорны, як бот. Такія ў прыгоннікі не прыдатныя. Бог іх, відаць, за нешта колерам адзначыў.
I раптам Надзея Клейна засмяялася так, што затрэслася ўсё яе рошчыністае цела.
— A потым дам за ім пару хутароў. Чаму ж не? Раней y многіх калмычкі выхоўваліся. Гадавалі іх, пасаг давалі, выдавалі замуж. I нічога, многія жаніліся. Нават пікантным лічылася. Дык вось я і Янку ажаню. A чаму не?
— Дык хто пойдзе?
— Уce пойдуць, — сказала старая. — Паглядзела б я, якая засцянковая паненка за яго не пайшла б. Гэта каб супраць майго жадання, ды калі я сваццяй буду?! О-го, паглядзела б… A што ж такога? Хлопчык ён добры, сардэчны, галоўкай лашчыцца. Шанаваць жонку будзе, цаніць і шчасце і дабрабыт. Не тое што гэтыя п'янюгі ды сабакары, — прабач, бацюхна.
Памаўчала, падціснуўшы вусны.
— A i тая нейкая пойдзе. Добрыя ды багатыя мужы для бедных дваранак на дарозе не валяюцца. Няхай сабе і цёмны. Не папэцкае, пэўна. Гэта ў яго ад прыроды.
I ціха, адзін пан Юры чуў, спытала ў яго на вуха:
— Цікава толькі, якія ж гэта ў іх дзеці будуць? Крый божа, калі як шахматная дошка… квадратамі… Га?
— Такія не будуць.
— Ну то тады і добра… Будзе мне занятак на старасці год.
Яны набліжаліся да падлеткаў, якія стаялі асобна. Клейна падышла бліжэй за ўсіх і ўтаропіла ў хлопцаў пільны позірк.
— Гэты, — пасля імгненнага роздуму паказала яна кійком на Алеся. — Вочы матчыны, a позірк твой. Толькі, прабач, без тваёй цяперашняй спакайнаты. Хлопец будзе. Будзе хлопец, кажу табе. Не прывучай толькі сабакаром быць.
Зрабіла рэзкі рух.
— I адпусці. Адпусці адсюль. Асалоды ў гэтым мала, ляжаць на вачах усіх, як мухі ў місцы… Антаніда, віншую цябе. Будзе хлопец. Позірк просты, шчыры, не тое што ў гэтых малімончыкаў яго ўзросту… Ну, давай пацалуемся, Антаніда… A вы, дзеці, марш гуляць… I Яначку з сабой вазьміце. Ды не крыўдзіце яго там. Ён сірата.
Дзяцей і прасіць не трэба было: як чародка вераб'ёў, сыпанулі па сходах.
— Karo яшчэ няма, Georges? — спытала матухна.
— Раўбічаў няма. Кроера няма. Старога Вежы няма.
— Добра. Хай ідуць дзеці, — уздыхнула Загорская.
Алесь бег наперадзе ўсіх. Дзеці абагнулі палац, горку, на якой распараджаўся гарматамі Кірдун, карцінны павільён і спынілісяу гушчары парку, дзе была дзярновая лаўка.
Усе селі. Зялёная сетка святла ляжала на тварах дзяцей.
— Дык як жа вы жывяцё, Ядзвінька? — спытаў Алесь.
Лялечны тварык схіліўся ўніз. Вочы, такія нявінныя і сінія, засаромлена глядзелі на Алеся.